Ну вядома, сьцежка кіравала па беразе, уздоўж рэчкі, якая круцілася побач. Салдат засьцярожліва пайшоў па ёй, асабліва ня дбаючы, куды, — сьцежкай заўсёды карцела некуды ісьці. І тады яго чуйны на пахі нюх злавіў у паветры гаркаваты пах дыму. Салдат спыніўся. Ну пэўна, то быў дым ад лесавога вогнішча — дзесь гарэў касьцярок. А можа, тое неслася з поля, на момант усумніўся салдат. Але не, поле ўсё ж было далекавата адсюль, за балотам, вёскі там ці ня ўсе ўжо папалілі-панішчылі. Гэта ж поруч з зонай. Ці, можа, таксама ў зоне — не зразумець. Казалі, на мяжы з зонай нядаўна яшчэ быў дрот на кольлі, але дрот у шмат якіх месцах зьнялі, парэзалі — на продаж ці што? Міліцыя часам патыкаецца сюды на сваіх «Уазах», але ў міліцыі бракуе бэнзыну, а галоўнае — каму хочацца лішні раз лезьці ў атамнае пекла? Не хацелася лезьці й салдату, але во мусіў. Калі яго ў хлеўчуку на хутары ледзьве не апарола міліцыя, ён болей рызыкаваць ня стаў. Ды й гаспадар, самасёл-хутаранец сказаў: трэба табе ісьці адсюль, хлопец. Што ж, ён разумеў і не хацеў ліха ні сабе, ні старому, якому падзякаваў за тое, што той прытуліў на тыдзень у сьцюжу. І ён пайшоў, куды глядзелі вочы. Вочы і прывялі яго ў зону.
Праўда, магло так стацца, што ён сам пакараў сябе нават болей строга, чым гэта зрабіў бы вайсковы трыбунал. Усё ж зона — ня рай, калі адсюль усіх выселілі, калі сюды баіцца патыкацца міліцыя, калі ў газэтах не перастаюць пісаць пра цэзій ды стронцый, якімі засыпана навакольле. Увесь сьвет устрывожаны. Захад гоніць гуманітарную дапамогу, лякарствы, вывозіць дзяцей на аздараўленьне. Дык то з бліжніх да зоны паселішчаў і вёсак, а ён во ўлез у самае пекла. Праўда, і ён напачатку баяўся, думаў, захварэе. Але за паўтара месяцы нічога кепскага ў сабе не заўважыў, нават не прастудзіўся ні разу, пачуваўся быццам нармальна. Калі б толькі было што есьці. Ды й стары хутаранец Карп, які з хутара нікуды не патыкаўся, за ўсе гады пасьля аварыі пачуваўся, казаў, можа лепей за каго з маладых. Бо ня піў — гэта галоўнае. А гарэлка, яна горш за радыяцыю для здароўя і без пары губіць мужчынаў. Харчу ж у хутаранца хапала — была карова, сьвінчо, дзясятак курэй ды сабачка Кудлацік, — і ўсе жывыя, здаровыя. Карп сваім прыкладам здорава абнадзеіў салдата, асабліва як сказаў, што і па суседзтву, за шашой таксама нехта жыве (чутно, як брэша сабака), ды й за балотам у былой вёсцы таксама паявіліся самасёлы, — жывуць без электрычнасьці, крамы і ўлады. Што без улады — дужа спадабалася салдату, як Карпу — што без калгасаў. Ніхто, мабыць, ім не дакучае — не памагае, але й не замінае, гаспадар, як хочаш. Во, дажыліся мужыкі, век пра тое ня марылі.
Так, можа, яно й добра, думаў салдат, можа, і няблага старым. Але во маладыя, сыны і ўнукі таго ж Карпа, усе паразьехаліся, ніхто на хутары не застаўся. Значыць, чагосьці баяцца. Значыць, ёсьць чаго апасацца…
Гэткія думкі ня першы ўжо раз лезьлі ў затлумленую галаву салдата, можа, яны адтуль і не вылазілі. Ён і баяўся, і супакойваў сябе, і меркаваў і так, і гэтак. Але што ён мог зрабіць лепш, куды падацца? Без дакумэнтаў, бяз грошай. Пешшу ці далёка дойдзеш, а на першай жа аўтобуснай станцыі яго возьме міліцэйскі патруль. Дома яго ніхто не чакаў; мачаха, калі б дазналася пра яго, адразу б пабегла ў міліцыю ці ў ваенкамат — гэтая толькі й чакала, каб яго пасадзіць. Сябры? Пасьля таго, што здарылася, якія маглі быць сябры?
Крывулякай-сьцежкай у кустоўі салдат прайшоў уздоўж рэчкі, асьцярожна выглянуў з-за куста на бераг. Усюды было пуста, ды й дымам быццам перастала патыхаць, — можа, перамяніўся вецер? Тады ён зноў павярнуў ад рэчкі да хвояў і, узьлезшы на пагорак, апусьціўся на падушку мяккага белага моху. Было цёпла, нават угрэўна, але свой скарэлы бушлат салдат не зьнімаў ніколі — ні ўдзень, ні ўначы. Тут яго адразу апанавалі мурашкі — забегалі, замітусіліся па абдрыпаных халявах ботаў, мабыць, дзесь блізка быў іх мурашнік. Глядзі, якія порсткія, падумаў салдат, і ніякая радыяцыя іх не бярэ, прыстасаваліся за мільёны гадоў. Во, каб так чалавек! Але чалавек, мабыць, ніколі не прыстасуецца да гэтай атамнай пагібелі, — ня той арганізм. Добра гэта ці не, салдат ня ведаў. Можа, і добра, інакш чалавек можа ператварыцца ў мураша… А калі не ператворыцца і адкіне капыты — хіба так лепш? Вунь маманты не прыстасаваліся і ўсе пагінулі. Цяпер толькі косьці выкопваюць зь вечнай мерзлаты. Можа, такі лёс напаткае і людзей…
Але маманты ня самі сябе пагубілі, а нейкія аб'ектыўныя перамены ў сьвеце. А чалавек? Сам — сябе.
Читать дальше