Штодня яны ўставалі па званку ў пяць гадзін раніцы, акуратна засцілалі коўдрамі свае тапчаны, пілі каву з павідлам і чорным хлебам і адпраўляліся на працу. У паўдзён палуднавалі ладнаю міскай супу і кашай з кавалкам мяса, хлеба ім давалі па фунту на раз. Спалі на чыстай бялізне, якую старая кухарка мяняла кожную суботу; кожную суботу таксама мыліся пад цёплым душам у прыбудоўцы да кухні. Белашэеў, з якім пасябраваў Хведар, усё не мог нарадавацца сваім вайсковым лёсам, казаў, дома не спаў так чыста і не еў так сытна, як у гэтым палоне. А праца што ж — да сялянскае працы ім не прывыкаць. І, мабыць, усё было б увогуле добра, калі б не Рудзі, чатырнаццацігадовы падшыванец, сын Герды і ўнук старога Ёгана.
Гэта зладзюга Рудзі, мусіць, кожную гадзіну дома толькі і дбаў, каб зрабіць што брыдкае парабкам. То ён падапрэ каго калком у прыбіральні, то выцягне з хамута супонь, калі трэба запрагаць каня, то падставіць пад хвост кабыле іхні жбан ад квасу. Аднойчы ён выняў з нагружанай фуры шворан, і як Хведар пагнаў каня, фура звалілася з перадка, рассыпаўшы па вуліцы бульбу. Хведар кінуўся яе збіраць, а той Рудзі ад смеху хапаўся за жывот у гародзе, і Хведар, не доўга думаючы, агрэў яго цераз плот пугай. Затым сабраў усё да бульбіны, наладзіў фуру і, нічога нікому не сказаўшы, паехаў у поле. А калі ўвечары вярнуўся ў двор, дык убачыў там старога гаспадара, счырванелую ад гневу Герду і таго злыдня Рудзі з крывавым пісягом на шчацэ. Стары Ёган тут жа распачаў следства, Хведар спрабаваў апраўдацца, але яго не захацелі і слухаць. Нявестка нешта гырчэла пра камендатуру і гаўптвахту, але свёкар сказаў, што гаўптвахты не будзе: ён не можа дазволіць, каб у гарачы дзень веснавых работ ягоны работнік сядзеў у кутузцы ці ляжаў на тапчане з пасечаным бізунамі задам. Ён яго пакарае ганьбай — заўтра Фэдэр пойдзе на працу ў адной кашулі, без порткаў.
Спярша Хведар не зразумеў нават: што гэта за дзіўная кара — без порткаў? А адных падштаніках, ці што? Але аказалася, што не ў падштаніках — зусім без нічога аднізу. Было не сцюдзёна, прыгравала сонца, але пакутам Хведара не было межаў. Увесь час і так і гэтак тузаў долу падол сподняй сарочкі, каб хоць як прыкрыць свой мужчынскі сорам, але прыкрыць не было як — трэба ж было працаваць: нагружаць у фуры бульбу, цягаць кашы ў полі. А навокал былі людзі, немцы і немкі, іхнія дзеці, хлопчыкі і ладныя ўжо дзяўчаты, усе з рогатам ці ўтрапёна пазіралі на яго, і ён гатовы быў завыць ад сораму і крыўды. Ён ледзь дачакаўся вечара таго бясконцага доўгага дня і, прыбіўшыся ў свой катух, без вячэры шаснуў пад коўдру. Якое гэта было неспазнанае шчасце — адчуць сваё цела прыкрытым ад чужых вачэй! Усё ж яму ішоў тады трыццаць першы год, ён быў жанаты і думаў, што горшага здзеку прыдумаць ужо немагчыма, гэты — самы вялікі. Але мінуў час, пасыпаліся іншыя здзекі, у параўнанні з якімі адмысловая выдумка таго баўэра здавалася недарэчным жартам — не болей.
Голадна глытаючы слінкі, Хведар скорчыўся пад кустамі на дробнай траве, увабраў галаву ў шырокі, злямцаваны каўнер свае світкі, засунуў рукі запазуху і ляжаў так. Вочы часам заплюшчваў, нічога не бачачы наўкола, ды адсюль няшмат можна было і згледзець. Затое ягоны слых быў, як заўжды, абвострана-чуйны. Здаецца, і ў сне. Хведар прыслухоўваўся да наваколля, бо чым жа яшчэ мог ён засцерагчыся ў ягоным становішчы? Лес пачаў трошкі шумець, але ўвогуле скрозь стаяла лясная ціша; часам пырхала ў кустоўі птушыная драбяза, ды тое не парушала Хведаравага спакою. І памалу, неўпрыкмет ён быццам бы адасобіўся ад гэтага лесу і гэтага часу, бы засынаючы, убачыў сябе здаля і мо ўпершыню зразумеў усю гароту свайго становішча. Тое відовішча самога сябе прымусіла яго схамянуцца ад нейкага здзіўлення, ці што. Сапраўды, чаму ён непрытульна ляжаў тут, праз дзве вярсты ад тае мясціны, дзе ўпершыню ўбачыў свет, дзе ён пражыў сталае сваё жыццё, дзе нарадзіліся яго дзеці? Чаму ён стаў тут для ўсіх жахлівым чужынцам, хто ў тым вінаваты? Можа, адзін сам? Ці і яшчэ хто іншы? А можа, і ніхто? Але ж як тады ўсё тое стала магчыма? Увогуле гэта ж трэба так вось страціць усё, зрабіцца выгнаннікам, беглым катаржнікам, чалавекам без права і закону. І як усё пачалося? Колькі ён думаў пра тое, як і з чаго пачалося, — выразнага адказу знайсці не мог. Бо пачалося ўсё неяк няўзнак, недаўменна і неспадзявана, а абярнулася менавіта тым, чым абярнулася. Ці мог ён прадбачыць усё ў той завірушны вечар, як яны сядзелі ў сельскай хаце і старшыня Сокур вынес на абмеркаванне загадкавае пытанне: на каго размеркаваць тры цвёрдыя заданні, якія ён прывёз з райвыканкома? Нялёгкая была гэта справа для членаў сельскага Савета, якім з'яўляўся тады і Хведар Роўба. Тыя гады ён лічыўся серадняком — па колькасці сваіх дванаццаці гектараў зямлі. Было некалькі гаспадарак, багацейшых за яго, мелі па чатырнаццаць і пятнаццаць гектараў. Але што то былі за гектары? Змітрок Бядута, напрыклад, меў іх шаснаццаць, але жыў бедняком, бо рабіць на зямлі не было каму, два сыны не вярнуліся з вайны, сам быў стары і нямоглы. Ягоны надзел — дальняя прырэчная балацявіна за час вайны, рэвалюцыі і польскай вайны спрэс зарасла кустоўем і толькі што на паперы лічылася ворывам. Але недзе лічылася, і Змітрок самы першы атрымаў позву на цвёрдае заданне. Ён жа, Хведар, дык і не думаў ніколі, што яго можа напаткаць такі самы лёс, хоць і жыў збольшага спраўна, але ж які ён кулак? Адзін конь, дзве каровы, авечкі, свінчо — бадай як і ва ўсіх астатніх у Нядолішчы. Што былі гусі, дык сажалка ж у канцы гародаў. Цёк ручай з балацявінкі, неяк увесну яны з сынам запрудзілі яго ля мастка, нацякла ладная сажалка ды так і засталася. Але, мусіць, не тое вызначыла яго кулаком, а малатарня.
Читать дальше