Гэта было страшна, неверагодна, але, мабыць, інакш павярнуць ужо не магло.
Тады нашто яны тут, у гэтым лесе? Што ім тут рабіць? I што іх чакае ў хуткім будучым?
Але як ён ні думаў, ні меркаваў і ні біўся ў пошуках разумнага выйсця, ніякага выйсця знайсці не мог. Праўда, Сталінград быццам трымаўся. Але колькі ён мог пратрымацца? Усё гэта трывожыла і гняло штодзень, душа ныла ў трывожнай самоце на заданнях, у будане, усе сцюдзёныя дні і ночы гэтай позняй дажджлівай восені.
А тут яшчэ цалкам і без аніякага следу знікла група Кубёлкіна, пакінуўшы шэраг загадак у атрадзе, якія ніхто не мог адгадаць. Антон не пытаўся ў Зоські, але здагадваўся, што тая ішла цяпер менавіта на пошукі слядоў гэтай групы.
Кепскія былі справы на фронце, разладзіліся яны і ў атрадзе пры новым камандзіру, нядаўнім калгасным старшыні Шаўчуку, благія прадчуванні даймалі партызана Галубіна. А Зоська ў часе рэдкіх сустрэч з ім заставалася ўсё тая ж — усмешлівая і зваблівая, нібы штосьці абяцала і падманьвала адначасова. Такая яна заўжды была на кухні, такая і сёння ўранку перад паходам за Шчару, дзе ўжо знайшоў сабе пагібель не адзін партызан з іх атрада. А Зоська… Нават ці здагадвалася яна, што чакае яе па той бок ракі?.. У часе кароценькага таго спаткання ля штабной зямлянкі нешта ў Антонавай душы зрушылася, ды так глыбока і непапраўна, што, здаецца, разам перавярнула ягонае жыццё…
Сярод ночы Зоська прачнулася, як-колечы прыгрэўшыся ў сене за цёплай мужчынскай спіной, якая адразу напомніла ёй пра ўсё, што з ёй здарылася. Каб не парушыць мернае дыханне Антона, яна кончыкамі пальцаў ціхенька дакранулася да яго крутога пляча і ўсміхнулася сама сабе ў цемры. Гэта ж трэба такому здарыцца! Выпраўлялася адна, перажывала, баялася розных прывідаў у балоце і не марыла спаткаць тут таго самага, хто, здаецца, ужо запаліў у ёй маленькую іскрынку дзявочай цікаўнасці да сябе. Чамусьці ёй дужа спадабалася нечаканае яго прызнанне, што ён затрывожыўся пра яе, як дазнаўся, што яна ідзе на заданне. Усё ж гэта прыемна, калі за цябе нехта трывожыцца, перажывае і нават гатовы памагчы. Тут, напэўна, ужо не проста таварыскасць і не сяброўства нават, а, мабыць, і нешта большае. Можа, нават каханне… Усё ж ён слаўны, гэты Антон Галубін, а яна ўжо і кінула думаць аб ім, клопаты з гэтым заданнем выціснулі ўсе іншыя думкі, і яна гатова была пагадзіцца з тым, што болей яго не ўбачыць. I вось ён з’явіўся ў цяжкую для яе хвіліну і прынёс з сабой радасць.
Прыпамятаўшы цяпер яго нясмелую спробу блізкасці і свой грубаваты адпор яму, Зоська адчула няёмкасць. Усё ж, мабыць, не трэба было так рэзка, ён жа з дабром і ласкай, а яна… Але што яна магла тут зрабіць? Яна заўжды пасля шкадавала, але ў той самы рашучы момант была нязломная, жорсткая і нават грубая — толькі гэта і памагала ёй абараніць сябе ад мужчынскіх дамаганняў.
Што і казаць, нялёгка было дзяўчыне сярод столькіх мужчын, дзе кожны імкнуўся наблізіцца, хто сапраўды для спагады, каб памагчы, паспачуваць, перакласці на сябе частку яе мулкай ношкі, а хто з яўнай або тайнай карысцю, маючы на ўвазе сваё, кароткачасовае і зняважлівае. Раней, калі ў атрадзе была Аўдоніна, ёй было лягчэй; дзве жанчыны заўсёды стараліся трымацца разам, часам памагаючы адна адной. Але ўжо месяц, як Аўдоніну пераманіў камандзір суседняга атрада, начальства згаварылася, ды і сама Аўдоніна была не супраць пераехаць у Сцяброўскі лес да бравага камандзіра дэсантнікаў. А Зоська асталася. Спярша, калі былі раненыя, яна памагала ў санчасці, а пасля, як атрад перабазіраваўся ў Сухі бор і стала меней сутычак, рабіла са старой Сцепанідай на кухні, пакуль не спатрэбілася начальніку разведкі Дазорцаву.
Вядома, разведка — не кухня, тут часам даводзіцца рызыкаваць галавой, але ў чымсь тут цікавей і нават спаважней, чым на атраднай кухні. Яна адразу заўважыла, што з таго дня, як над ёй узяў шэфства Дазорцаў, мужчыны ў атрадзе пачалі ставіцца да яе з нейкаю нават пашанай, усё ж атрад з кастрычніка амаль увесь час сядзеў у лагеры, зрэдку вы сылаючы групы падрыўнікоў у розныя мясціны на шашу ці «жалезку», а яна ўжо другі раз ішла туды, адкуль не заўжды вярталіся. Нават і задзірала Вырвік, які раней не ўпускаў выпадку, каб лішні раз зачапіць яе ў размове або нават цішком ушчыкнуць, цяпер прыкметна прыціх і ветліва вітаўся першы. I толькі ў вачах гэтага нахабнаватага хлопца заўжды цьмеў дураслівы агеньчык, гатовы прарвацца ў самы няздатны момант. (Неяк яна дала яму добры адпор, і ён з падрапаным тварам з’явіўся ў строй перад камандзірам атрада, які тут жа пры ўсіх пацікавіўся, чыіх гэта курэй лавіў уначы Вырвік.)
Читать дальше