За час Яшавай адсутнасці руды Алёша прыдумаў гімн для слабадскога войска. Хлопцы маршыравалі па вуліцы і спявалі:
Аты-баты, йшлі салдаты,
Аты-баты, ваяваць,
Аты-баты, йшлі салдаты
Першамайку разганяць...
Песня спадабалася Яшу. Пад яе было лёгка ісці, і яна прыдавала адвагі і смеласці. Кожную раніцу Слабодка, адбіваючы крок, ішла з гэтай песняй купацца ў Цітавай копанцы. Першамайскія хлопцы не паказваліся. Усе лічылі, што яны проста баяцца сілы Слабодкі. Але хутка пайшлі трывожныя чуткі. Нехта расказаў Алёшу, што да Аркадзя Панядзелка прыходзілі пасланцы з Першамайкі, і ён аб нечым з імі дамаўляўся. Гэта была здрада. Аркадзь лічыўся цяпер камандзірам палка, у яго полк уваходзілі не толькі хлопцы з чыгункі, а і са Слабодкі, і калі б ён цяпер перайшоў на бок Першамайкі, гэта зблытала б усе планы вайны. Трэба было нешта неадкладна прыдумаць.
— Ідзі прывядзі мне Аркадзя, — загадаў Яшу руды Алёша. — Ты з ім разам вучышся, проста пазаві яго да сябе гуляць.
Яша пайшоў. Ён не любіў Аркадзя і ніколі не хадзіў да яго. Каб Яшава ўлада, ён ніколі не прымаў бы Аркадзя ў слабадское войска. Хоць яго бацька і лавіў бандытаў, але Аркадзь здраднік. Ясна, што такому давяраць нельга. I навошта яшчэ Алёша прызначыў яго камандзірам палка? Цяпер гэты Аркадзь выдаў белагаловаму Косцю ўсе іхнія планы...
З такімі невясёлымі думкамі прыйшоў Яша на чыгуначны пасёлак, дзе жыў Аркадзь. Ён застаў яго дома, але Аркадзь нават не захацеў з Яшам размаўляць.
Не пайду я да цябе, — сказаў ён. — Ведаю я вашы хітрыкі... Хочаце мяне да Тарабана зацягнуць.
Дык ты ж прысягу падпісваў! — не сцярпеў Яша, адразу выдаўшы свае намеры. — Як жа цяпер?
Пляваць я хацеў на гэтую прысягу. Косця ў сто разоў разумнейшы за вашага Тарабана. Не хачу я з вамі, і канец. I хлопцы нашы не пойдуць...
Дык чаму ж ты адразу не ішоў да Косці?
Куды хацеў, туды і ішоў, — адказаў Аркадзь. — А ты не сунь носа, куды не просяць...
На гэтым размова і скончылася. Сваёй задачы Яша не выканаў. Не мог жа ён сілком зацягнуць да сябе гэтага Панядзелка. Хлопец вярнуўся на Тарабанаў двор і пра ўсё расказаў Алёшу.
У той жа дзень пад павеццю тэрмінова засядаў штаб. Алёша ўпершыню разгубіўся. Ён не ведаў, што рабіць. Хлопцы крычалі, усяляк пагражалі Аркадзю, а Тарабан сядзеў і маўчаў. Ён здаваўся нейкім прыбітым, прыніжаным. Такім яго Яша не бачыў ніколі.
Я яго злаўлю і заб'ю, — прапанаваў Цярэшка Лузанік. — Няхай ведае...
Калі заб'еш, то ён ужо нічога не будзе ведаць, — перабіў Цярэшку Алесь Бахілка. — Яму трэба проста добра ўсыпаць. Каб не круціў хвастом. Нашым — дык нашым, а вашым — дык вашым.
Спаймаць, зняць штаны і крапівой, крапівой, — падтрымаў Бахілку Змітрок Калашкан. — Каб ён цэлы месяц не мог сесці. I скардзіцца сорамна будзе...
Пры апошніх словах Алёша падняў галаву. Яго вочы загарэліся. Усе бачылі, што Алёша нешта зноў прыдумаў.
— Аркадзя трэба злавіць, — сказаў ён ціхім, але рашучым голасам. — Але біць яго не будзем. Раз ён знюхаўся з першамайцамі, то біццём не паможаш. Аркадзя трэба прывесці сюды. Зробім на яго засаду...
Палавіна слабадскога войска вечарам пайшла ў засаду каб узяць у палон уласнага камандзіра палка. Засаду зрабілі каля Панядзелкавай хаты. Стаіўшыся за вуглом, хлопцы чакалі. Дома Аркадзя не было, значыць, ён недзе гуляў і сваёй хаты, вядома, абмінуць не мог. Чакаць Аркадзя прыйшлося доўга.
Са сваім Косцем мілуецца, — прашаптаў нехта. — Трэба было на поплаве ля сцежкі схавацца, тады б іх абодвух сцапалі...
Спыніць размовы! — уладна загадаў Алёша.
Нарэшце паказаўся Аркадзь. Ён ні аб чым не здагадваўся і весела насвістваў. Аркадзь падышоў ужо да сваіх веснічак, але тут перад ім, нібы з-пад зямлі, вырасла постаць Тарабана.
Не спяшайся, — сказаў Алёша. — Трэба пагаварыць. Аркадзь закрычаў. Але яго адразу акружылі шчыльным кальцом, заціснулі далонню рот і павялі. Яша вёў свайго аднакласніка пад левую руку. Аркадзь калаціўся як асінавы ліст, яго рука была халодная і ліпкая.
— Пусціце, — хныкаў ён па дарозе. — Мой бацька міліцыі скажа...
Нядаўняга камандзіра палка завялі ў густы высокі дзядоўнік, што рос на слабадскім выгане. Яго ніколі не касілі, і дзядоўнік разросся, як лес. Сюды ніколі ніхто не заглядваў.
Скідай штаны! — загадаў Аркадзю руды Алёша. Панядзелка пачало трэсці як у ліхаманцы. Хлопцы памаглі Аркадзю спусціць штаны.
Не біце мяне, — прасіўся ён. — Я вам усё раскажу.
I Панядзелак расказаў. Ён выклаў усё як на далоні. Белагаловы Косця, аказваецца, пачаў да яго пад'язджаць з першых дзён канікулаў. Аркадзь спачатку не згаджаўся. Яму падабалася быць камандзірам палка ў арміі Слабадской вуліцы. Але Косця паабяцаў навучыць Аркадзя рабіць планёры. Ён нават зычыў даць адзін гатовы планёр хлопцам з чыгункі. Акрамя гэтага, на Першамайцы майструюць самакаты. На гэтых самакатах можна ездзіць без нічыёй дапамогі. Трэба толькі вадзіць уперад-назад за рычаг, як на дрыгзіне, і самакат рухаецца. Слабадскія ж хлопцы не ўмеюць рабіць ні планёраў, ні самакатаў. Яны толькі ваю-юць...
Читать дальше