— Не будзеш слухаць камандзіраў, выганю з арміі! — заявіў Алёша. — Запомні гэта.
— А камандзір мае права пагражаць? — не вытрымаў Яша. — Чаго ён мне збіраецца рэбры лічыць? Няхай лепш табліцу множання вывучыць. Тры гады ў адным класе сядзіць, дурніла. — Яша ледзь не плакаў.
— Ён дужэйшы за цябе, — не адступаў ад свайго Алёша. — Ён цябе адной рукой вобземлю лясне. Такіх, як ты, яму трэба тры на аднаго...
Супраць такога пярэчыць не прыходзілася. Цярэшка Лузанік сапраўды быў дужы як бык. Аднойчы хлопцы пайшлі ў заклад: хто больш з'есць ляжалых грушы-дзічак. Лузанік увабраў аж дзве шапкі. Ён, можа б, з'еў і больш, але гнілак ужо не было.
Вайна ўсё не пачыналася. Белагаловы Косця нешта хітраваў. Першамайцы не паказваліся каля Цітавай копанкі. Нападаць жа на іх проста так Тарабан не хацеў. Трэба было, каб Першамайка сама парушыла мірны дагавор і першай прыйшла купацца ў Цітаву копанку. Тады б належала накінуцца на яе з усім гневам і злосцю.
Пакуль ваенныя дзеянні не пачыналіся, руды Алёша прыдумаў яшчэ адну надта цікавую рэч. Каб захаваць ваенную тайну ад варожай разведкі, ён вырашыў навучыць сваё войска новай мове. Дзе Алёша авалодаў гэтай мовай, было невядома, але яго прапанова спадабалася. Слабодка павінна была цяпер размаўляць так, каб Першамайка не разумела ні слова.
Яша адразу авалодаў сакрэтам новай мовы. Трэба было проста расцягнуць слова, перанесці першы склад назад, замяніўшы яго на «ша», і дадаць потым у канцы «ца». Слова рабілася незразумелым. Яшу цяпер звалі: Шаша-яца, Алёшу — Шалёша-аца, Бахілку — Шахілка-баца.
Руды Алёша неўзабаве наладзіў экзамен свайму войску.
— Шаша-яца, ша-ідзіца, шадзі-іца, шады-сюцы, — паклікаў ён Яшу.
Яша ўсё зразумеў і падышоў да Тарабана.
Шато-хца ша-тыца? — спытаў Алёша.
Шаршы-стаца шамбардзір-баца! — бойка адказаў Яша.
Шаладзец-маца! — пахваліў Алёша Яшу.
Дайшла чарга здаваць экзамен і да Цярэшкі Лузаніка.
— Шак-яца шабе-цяца шавуць-заца? — спытаў Лузаніка руды Алёша.
Цярэшка доўга маўчаў. Ён не ведаў, што сказаць. Хлопцы яму ціхенька падказвалі. Але ён, мабыць, добра не пачуў і выпаліў:
— Шарэшка-пешка!
Хлопцы аж клаліся ад рогату. Цярэшка стаяў чырвоны як рак. Каб яго ўлада, ён кінуўся б на гэтых рагатуноў і сцёр бы іх на парашок. Але дысцыпліна абавязвала, і Лузанік толькі цяжка соп і шморгаў носам.
— Шарань-дуца! — атэставаў Цярэшку руды Алёша. — Дурань! — дадаў ён на звычайнай мове, відаць, баючыся, што Лузанік не зразумее.
У той дзень Цярэшка экзамена так і не здаў. Мазгі ў яго кудлатай галаве, мабыць, варочаліся, як цяжкія жорны, і Лузанік ніяк не мог дайсці сваім розумам да новай мовы.
Яша ж жыў на сёмым небе. Мова яму вельмі падабалася, і ён гаварыў цяпер толькі па-новаму. Вечарам, прыйшоўшы дамоў, Яша папрасіў:
Шама-маца, шай-даца шачэраць-вяца.
Маці спачатку нічога не разумела. Калі ж Яша паўтарыў сваю нросьбу некалькі разоў, яна ўзялася за венік. Яшу прыйшлося карыцца і загаварыць пазвычайнаму...
Алёша штодня выдумляў нешта новае. Ён гарэў нянавісцю да белагаловага Косці і хацеў як мага лепш згуртаваць вакол сябе сваё войска. Ён наладжваў манеўры, вёў сваю армію на нябачнага праціўніка ў атаку, вучыў поўзаць па-пластунску. Калі называлі прозвішча Косці, Алёша злаваўся і пагражаў. Ён, мабыць, не мог дараваць Косцю школьнай славы і п'есы.
Калі яшчэ раз забяром у палон белагаловага, — выхваляўся Тарабан, — я пасаджу яго ў мяшок, і будзем усе разам сячы яго дубцамі. Пакуль не папросіць літасці. А тады прымушу яго з'есці цэлы пуд зямлі...
Палонных жа не б'юць, — выказаў асцярожную думку Яша. — Ды і нашто біць Косцю, калі першамайцы здадуцца?
Ты ў мяне замаўчы! — зароў на ўсё горла Тарабан. — Жаласлівы знайшоўся. У нас не гульня, а вайна...
Яша змоўк. Яму не падабаліся Алёшава фанабэрыстасць і жорсткасць. Але пярэчыць Алёшу, калі ён злаваўся, было нельга. Гэта магло дрэнна скончыцца для таго, хто адважыўся б выступіць супроць Тарабана.
На нейкі час Яша адарваўся ад войска. Каровы прабілі іхняй Рагулі бок, і яе не пускалі ў статак. Цэлыя два тыдні Яша ганяў Рагулю пасвіць адну. За гэты час хлопец проста знябыўся. Ён баяўся, што вайна з Першамайкай пачнецца без яго. Гэта было б самай большай карай для Яшы. Як бы ён глядзеў тады ў вочы хлопцам сваёй вуліцы! За час, праведзены ў адзіноце, Яша проста знелюбіў павольную і ціхую Рагулю. Хугчэй бы зарастаў яе бок.
Рагулю нарэшце парашылі пусціць у статак, і Яша ў той жа вечар пабег на Тарабанаў двор. Там ён супакоіўся. Сапраўдная вайна з Першамайкай яшчэ не пачыналася. Былі асобныя сутычкі, але белагаловы Косця бою не прымаў. Ён вёў нейкую хітрую палітыку.
Читать дальше