Усяночная прайшла цікава. Багамольцы з пратэсамі хадзілі вакол царквы, а ўперадзе на трактары ехаў стары Крук. Гаварылі пасля, што камсамольцам уляцела за іхні ўчынак. Але слабадскія і першамайскія хлопцы іх цалкам ухвалялі. Камсамольцы сапраўды даказалі, што Бога няма. Бо каб быў Бог, то ён жа пакараў бы старога Крука. Смальнуў бы па ім маланкай або наслаў якую хваробу. Стары ж Крук хадзіў сабе жывы і здаровы. Яму нават нішто не забалела.
Для Яшы не прайшоў так сабе і гэты Вялікдзень. Назаўтра да іх у хату прыляцеў дзед. Нават не пахрыстосаваўшыся, ён адразу накінуўся на ўнука.
— Ты, нягоднік, брындаў разам з гэтымі азіятамі! — крычаў ён. — Пачакай жа, вылезе табе бокам твой смех над Богам...
— Я толькі стаяў і глядзеў, — апраўдваўся Яша. — Я ж нічога...
— А на што там было глядзець! — лютаваў дзед. — На супастатаў, на багахульнікаў...
Дзед Атрахім бразнуў дзвярыма і выскачыў з хаты.
Зноў прыйшло лета. У першы ж дзень канікулаў руды Алёша аб'явіў, што хутка пачнецца вайна. Трэба было агледзець баявую амуніцыю, нарабіць новых рагатак. Ішлі якраз дажджы, таму вайна не пачыналася. Можна было як след падрыхтавацца. Яша зрабіў новую рагатку і з нецярпеннем чакаў разгортвання баявых дзеянняў. Ён, як і ўсе, цвёрда верыў, што Першамайка не ўтрымаецца. Аркадзь Панядзелак са сваімі хлопцамі зноў быў на баку Слабодкі. Алёша такі ўгаварыў яго. Гэта давала перавагу Слабадской вуліцы.
Валейбольнага мяча не было. Яго за зіму раскалашмацілі меншыя Тарабаны. Пра Салвэсеў сад думаць таксама не прыходзілася. Стары Салвэсь умацаваў яго, як крэпасць. Зверху амаль у кожную частаколіну наўбіваў вострых цвікоў і ў тры столкі працягнуў калючы дрот. Ды нават калі б і ўдалося перабрацца цераз паркан, то ў садзе трэба было бараніцца ад Рудзькі, які і блізка не падпускаў да дрэў. У садзе ж, на вішнях і слівах, ужо выступала смачная смала, і яе можна было б надраць колькі хочаш. Слабодка ад бяздзеяння сумавала.
Праз некалькі дзён руды Алёша зрабіў агляд войску. Ён праверыў, ці ў кожнага ёсць рагатка і як яна дзейнічае. Потым ён прызначыў камандзіраў. Камандзірамі палкоў, як і летась, сталі Змітрок Калашкан і Алесь Бахілка. Аркадзя Панядзелка Алёша таксама прызначыў камандзірам палка, хоць ён і здраджваў некалькі разоў. Наогул, камандзіраў цяпер стала больш, чым летась. З'явіліся начальнікі кавалерыі, артылерыі, авіяцыі. Вядома, ніякай кавалерыі і авіяцыі ў слабадскім войску не было. Алёша выдумаў такія пасады для таго, каб надаць сваёй арміі найбольш сучасны выгляд. I яшчэ ён, мабыць, хацеў, каб яго акружаў вялікі штаб.
Артылерыя ж у слабадскім войску з'явілася. Чырвонаармейскія манеўры не прайшлі дарэмна. Хлопцы назбіралі не толькі стрэляных патронаў, але і цэлых, дзе замест кулі была проста сплюшчаная шыйка. Такіх патронаў было, можа, сотні дзве. Калі з іх павысыпалі порах, то яго набралася ледзь не поўная Алёшава шапка. Гэты порах належала неяк выкарыстаць. Вось тут якраз і ўзнікла думка аб артылерыі. Падаў яе руды Алёша. Пазней была арганізавана лёгкая кавалерыя з ліку хлопцаў, якія бегалі хутчэй за ўсіх.
У слабадскім войску з'явіліся дзве гарматы, зробленыя з жалезнай трубы. Вядома, ніякай небяспекі для першамайцау ад іх не было. Хутчэй наадварот. Каб гармату раптам разарвала, то таму, хто яе абслугоўваў, прыйшлося б нялёгка. Артылерыю арганізавалі з тым разлікам, каб наганяць на Першамайку страх.
Яшу Алёша прызначыў старшым бамбардзірам. На яго абавязку ляжала несці на плячы гармату і перад пачаткам наступ лення стрэліць з яе. Пасля гэтага яму належала нароўні з усімі кідацца ў бой. Камандаваў Яшам і яшчэ адным бамбардзірам і іачальнік артылерыі Цярэшка Лузанік. Гэты Цярэшка за шэсць год сваёй вучобы не здолеў нават закончыць трох класаў. Яша цяпер яго дагнаў, хоць Лузанік з незапомных часоў шыбаваў міма Яшавага двара ў школу. Калі Яша яшчэ не вучыўся, ён лічыў Лузаніка надзвычай разумным хлопцам і нават зайздросціў яму. Цяпер жа ўся Яшава павага да Цярэшкі Лузаніка прапала. Цярэшка ж як камандзір паставіў сябе дужа высока.
Пушку трымай у спраўнасці, — павучаў ён Яшу. — Без маёй каманды не страляць. А то я табе ўсе рэбры пералічу.
Пералічы, — са злосцю агрызнуўся Яша, — колькі будзе васьмю дзевяць? Не ведаеш. Дык як жа ты пералічыш?
Лузанік аслупянеў. Ён не чакаў такога адпору. Хлопцы засмяяліся. Тады Цярошка кінуўся з кулакамі на Яшу. Ён быў дужэйшы за яго, і Яшу, вядома, папала б, каб іх не разнялі. Лузанік пайшоў скардзіцца самому рудому Алёшу, і той хутка выклікаў Яшу да сябе.
Читать дальше