Яе позірк паволі бег з усходу на захад, не сустракаючы ніводнае перашкоды ўздоўж усёй дасканала выгнутай лініі гарызонту. А ўнізе, у яе пад нагамі, ляпіліся адзін да аднаго блакітныя і белыя пляскатыя дахі арабскага горада, апырсканыя цёмна-чырвонымі крывавымі кроплямі перцаў, што сохлі на сонцы. Нідзе не было відаць ні душы, але з унутраных дворыкаў, разам з дымам, прапахлым пражанай кавай, даляталі гукі вясёлай гамонкі і нейкае незразумелае шорганне. Крыху воддаль пальмавы гай, падзелены на няроўныя квадраты глінянымі агароджамі, шамацеў верхавінамі дрэваў пад подыхам лёгкага ветрыку, які зусім не адчуваўся тут, на дазорнай пляцоўцы. Яшчэ далей пачыналася вохрыста-шэрае царства каменя, якое цягнулася аж да самага далягляду, і на ўсім гэтым абшары не ўгадвалася ніякіх прыкметаў жыцця. Толькі непадалёк ад аазіса, побач з уэдам, які з захаду агінаў пальмавы гай, віднеліся шырокія чорныя намёты. Вакол іх нерухома размясціўся статак вярблюдаў, якія выглядалі адсюль зусім дробнымі, утвараючы на фоне шэрай зямлі цьмяныя знакі нейкай таямнічай пісьмовасці, сэнс якой трэба было расшыфраваць. Цішыня над пустэльняю была бязмежнай, як і сама прастора.
Жанін, у якой адняло мову, стаяла, наваліўшыся ўсім целам на парапет, і была няздольная адвесці вачэй ад бездані, што распасціралася перад ёю. Побач нецярпліва тоўкся Марсэль. Яму было халодна і карцела хутчэй спусціцца. На што тут было глядзець? Але яна не магла адарваць позірку ад гарызонту. Там, далёка на поўдні, дзе зямля злучалася з небам у адну чыстую лінію,— там, як ёй раптам здалося, нешта чакала яе, нешта такое, чаго яна дагэтуль не ведала, але чаго ёй заўжды не хапала. З набліжэннем сутоння святло паступова мякчэла, ператвараючыся з крышталю ў вадкасць. І адначасова жанчына, закінутая сюды толькі праз волю выпадку, адчувала, як у сэрцы ў яе паступова мякчэе і развязваецца вузел, зацягнуты гадамі жыцця, звычкай і сумам. Яна глядзела на лагер качэўнікаў. Яна не бачыла яго жыхароў, ніводзін сілуэт не ўзнікаў між намётамі, але яна магла думаць толькі пра іх — пра тых, аб чыім існаванні дагэтуль амаль не здагадвалася. Адрэзаныя ад сусвету, бяздомныя, яны былі невялічкаю жменькай, якая бадзялася па гэтым шырокім абшары, што адкрываўся ейнаму позірку, але быў усяго толькі мізэрнаю часткай яшчэ большай прасторы, якая распасціралася ў галавакружную далеч на тысячы кіламетраў на поўдзень — аж да тае мяжы, дзе ўрадлівыя воды першай ракі жывілі нарэшце магутны лес. І спрадвеку ссохлыя і вышкрабеныя да касцей землі гэтага неабсяжнага краю нястомна таптаў малалікі люд, які нічога не меў, але й не служыў нікому, застаючыся гаротным і вольным гаспадаром свайго дзіўнага царства. Невядома чаму, гэтая думка напаўняла Жанін такою салодкай і бязмежнай маркотай, што ў яе самі сабой змружваліся вочы. Яна ведала толькі, што гэтае царства было ёй заўжды абяцанае і што, разам з тым, яно ўжо ніколі не будзе належаць ёй, ніколі, апроч, можа быць, гэтага хуткаплыннага імгнення, калі яна зноў расплюшчыла вочы і ўбачыла раптам нерухомае неба і застылыя патокі святла, і ўсе гукі і галасы, што даляталі з арабскага горада, адразу змоўклі. Ёй здалося, што ўвесь сусвет спыніўся ў сваім руху і з гэтай хвіліны ніхто больш не састарыцца і не памрэ. Жыццё паўсюль нібыта замерла, і толькі ў яе ў сэрцы, у тое ж імгненне, нехта заплакаў ад болю і зачаравання.
Але святло аднавіла рух, сонца, выразна акрэсленае і пазбаўленае цеплыні, схілілася на захад, які трошкі паружавеў, а на ўсходзе тым часам паўстала шэрая хваля, гатовая паволі абрынуцца на велічную прастору. Завыў першы сабака, і яго далёкі крык узняўся ў паветра, якое адразу яшчэ болей пахаладнела. Тады Жанін заўважыла, што ў яе ляскаюць зубы.
—Мы зараз падохнем,— сказаў Марсэль. — Ты здурнела. Хадзем назад.
I ён неяк нязграбна ўзяў яе за руку. Разам парахманеўшы, яна адвярнулася ад парапета і пайшла за ім. Стары араб на лесвіцы нерухома глядзеў, як яны спускаюцца ў горад. Яна ішла, нікога не заўважаючы, прыгнечаная нечакана вялізнаю стомай, ледзьве цягнучы сваё цела, цяжар якога здаваўся цяпер невыносным. Захапленне, якое яе ахапіла, ужо некуды знікла. Цяпер яна адчувала сябе надта вялікай, надта аб'ёмнай і таксама — надта белай для гэтага свету, у якім апынулася. Толькі дзіцё, маладая дзяўчына, сухарлявы мужчына і ўвішны шакал былі тымі адзінымі, хто мог бязгучна ступаць па гэтай зямлі. А што тут магла яна, апроч як дацягнуць да чарговага сну, дацягнуць да смерці?
Читать дальше