ІІ. НА НОВЫМ МЕСЦЫ
Кабылка наша, хоць і была задаволена на ўсе 100%, але вельмі слаба пасоўвалася ўперад. І маці мая, такім чынам, памылілася. Мы нанач ня прыехалі ў Шапялёўку. Мала гэтага. Усю ноч ішоў моцны дождж. Мы ехалі вярстоў з 20 лесам, і некуды было схавацца ад залевы. Ніякае дрэва не магло быць хаўрусьнікам у нашым змаганьні зь нябесным самагонным апаратам, бо ўвесь лес яшчэ толькі пачынаў абрастаць лісьцем, і яно не ратавала нас.
Прыехалі мы на месца, як пачало разьвідняць. Былі мы мокрыя. Раньне выдалася прыгожае, сьветлае, бліскучае. Усе мае рэчы прамоклі дашчэнту і ад гэтай незадачы настрой мой і тэмпэратура цела значна зьнізіліся.
Усё раньне сушыўся я, ськінуўшы зь сябе ўсю вопратку і застаўшыся, у чым маці нарадзіла. Я зрабіў прапанову, каб і бацька на гэткі манер прасушыўся, але ён зарагатаў.
— Ня хочу сядзець голым апосталам, як ты! І так падсохне, ды яшчэ хутчэй, як у цябе!
Сон ня йшоў да мяне, і я голы шпацыраваў па пакою. Бацька глядзеў на мяне ды ўсьміхаўся ў сваю сівую бараду. Што да маіх рэчаў, ці «прычындалаў», як кажа бацька, дык аб іх я падумаў у першую чаргу і зрабіў такія практычныя мерапрыёмствы. Я вынес іх на заежджы двор і пачаў разьвешваць на частаклеце, досыць новым і яшчэ не запэцканым.
А бацька ў гэтым кірунку прытрымліваўся наплявізму і нават угаварваў мяне:
— Не саром сябе прад людзьмі, цэлы гамазын паразьвешваў тут!
— У цябе, бацька, кунктатарская тактыка! Прапусьцім час — і рэчы папсаваны.
Зразумела, што мае рэчы прыцягнулі ўвагу самых шырокіх мас. З самага раньня народ кучкамі праходзіў каля заежджага дому і ўва ўсе вочы глядзеў на «прычындалы». Мне гэта троху псавала кроў, асабліва, калі я на свае вушы чуў мяшчанскія праклямацыі, што «прыехаў альбо пан, альбо а грэйсэ шышкэ». О чэрці перапялёсыя, гнойнікі мяшчанскія! Каб у вас на носе села а грзйсэ шышкэ!
У выканкоме праца ўжо йшла, калі я прышоў туды. Я лічыў пытаньнем выключнай важнасьці разьведаць пра сваё начальства ўсё, што можна, і яшчэ ў заежджым доме мяне інфармавалі, што старшыня РВК цяпер у разьездах па раёне, што ён зь сялян, зусім просты чалавек, жанаты, здаецца, і прыплод ёсьць, здаравяк-махіна і ўпарты, як вол. Яго нядаўна сюды прыслалі, бо ведалі, што толькі ён можа зьнішчыць галавацяпства Шапялёўскіх устаноў. «Як бачу, маналітны чалавек!» — падумаў я.
Некаторыя дадатковыя неабходныя весткі атрымаў я ад кур'ера РВК, якога я сустрэў, ідучы ў РВК, і якому сказаў, што я прыехаў на пасаду загадчыка культаддзелу.
Першае, што я ўзяў на ўвагу, калі ўвайшоў у вагульную канцылярыю выканкому, была машыністка. Яна сядзела каля вакна і задумёна татахала на машынцы.
Каля дзяўчыны мітусіліся дзелаводы, перапісчыкі, падсоўвалі ёй свае паперы і спрачаліся між сабою за чаргу. Кажны зь іх пахмыляўся, нахабна глядзеў ёй у вочы, блізка дыхаў на яе, часам мармытаў ёй два-тры словы. Яна давала гэтаму мінімум увагі і, мусіць, канкрэтна разумела сваю задачу.
Яе аблічча адразу ўціснулася ў маю памяць. Троху ўдоўжаны твар, з шырока-адчыненымі, чорнымі і троху гульлівымі вачамі, кучаравыя, чарнявыя, абчыкрыжаныя на гарадзкі манер валасы, нос зь невялікім горбікам і зграбная постаць з прыгожымі курганчыкамі грудзей — усё гэта адразу асьвяжыла маю кроў, надало мне бадзёрасьці, якую я страціў быў у мінулую мокрую ноч.
А вакол гудзеў народ, шчырчэлі пёркі скрыбаў, з шолахам пераварачваліся аркушы паперы, рыпалі дзьверы шафаў, із стогнам перакладваліся зь месца на месца вялізныя, тоўстыя кнігі зь лічбамі сялянскага жыцьця.
Я спыніўся на хвіліну і моўчкі завастрыў сваю ўвагу на дзяўчыне. Яна павярнула сваю галаву ў мой бок і зірнула на мяне. Хацела зноў узяцца за справу, але я ўпарта глядзеў на яе і хацеў накіраваць яе думку на сябе. Я выцягнуўся і стаяў перад дзяўчынай высокі, уважысты, зь сьвежым мужным (праўда карпаносым) тварам чалавек. Я наўмысьне разглядаў яе, як цікавую, але непатрэбную ў нашым будаўніцтве рэч.
У першы момант дзяўчына нібы засаромілася, лёгкі налёт чырвані прабег па яе абліччы, але потым яна, відаць, урэгулявала сваю кроў. Дзяўчына сьмела і нават з пагардай пачала глядзець на мяне.
Некалькі хвілін цягнулася наша вочнае спаборніцтва. І вядома, перамога была на маім баку. Дзяўчына адвяла ў бок свае прыгожыя вочы, і яе пальчыкі няўпэўнена пачалі скакаць па машынцы, а грудзі парыўна заварушыліся пад тонкай кофтай.
Мне хацелася патаварыць зь ёю.
Я пашоў да яе.
— Пакажэце мне сакратара РВК!
Читать дальше