І ўсунуў запаленую цыгару Дзядку ў губы; тут забягаюць суседзі і крычаць, што страха ў карчме гарыць; працверазеў карчмар, выбеглі госці, сабраўся люд, разабралі дах і ледзь уратавалі будынак.
Трымаў гэта ў сакрэце Ўсвойскі, думаў, як бы пазбавіцца ад Дзядка, але баяўся з ім абысціся недалікатна — кінуць у агонь або ў ваду, бо ўжо зазнаў, як ён карае за крыўду. Чакаў толькі выпадку, калі будзе хто мець ахвоту яго набыць, але тым часам трымаў яго ўжо не ў куце за сталом, а заўсёды зачыненага ў шафе.
У тых самых мясцінах на ўсход за лесам жыў пан Хапацкі, які меў колькі падданых сялян, быў нейкі час асэсарам, а потым падсудкам, вучыўся некалі ў школах, і так вывучыўся, што не верыў ні ў што і з усяго кпіў.
Аднаго разу, едучы на лёгкай брычцы, ён наведаў карчмара, з якім здавён меў агульны камерцыйны інтэрас, бо праз яго збываў і набываў коней, да якіх быў вялікі аматар. Усвойскі, хочучы збыць з рук Драўлянага Дзядка, дастаў яго з шафы і, ставячы на стале, кажа:
— Глядзі, пане суддзя, які я маю рарытэт. Няхай пан здагадаецца: да каго гэты твар падобны?
Хапацкі, паглядзеўшы, кажа:
— Нейкі мужык лысы ды барадаты.
— Не, пане суддзя, гэта не мужык, гэта бюст вялікага некалі мысляра Сакрата, я гэта ведаю лепш. Вялікія сакрэты і цяпер яшчэ хаваюцца ў гэтай галаве, ведаю пана даўно і толькі на знак мае павагі і прыхільнасці магу гэты рарытэт уступіць яму, — і падрабязна расказаў пра ўсё, што здарылася ў купца і ў яго карчме.
Хапацкі смяяўся да слёз, слухаючы гэтыя авантуры, і дзівіўся з людское прастаты і дурасці. Пасля дастаў з кішэні табакерку.
— Ну, Дзядок, — кажа, — гневаўся за цыгару, а я цябе пачастую добрым тытунём.
Гэтак кажучы, засыпаў у нос Дзядку шчопці табакі.
— Што робіш, пане суддзя, далібог, каб з гэтага не было кепскага!
— Не палохайся, ён за гэта не разгневаецца: гэта ж галава, як кажаш, славутага мысляра Сакрата, а мудрыя галовы любяць тытунь, бо гэта дапамагае ім мысліць.
Усвойскі перажагнаўся і таемна маліўся, баючыся, каб не прычынілася чаго-небудзь у яго карчме.
— Не бойся, у мяне Дзядок не будзе сваволіць, бо я і сам не менш ведаю за Сакрата. Ну, развітайся з ім, пане Ўсвойскі.
Ён сеў у брычку, паклаў Дзядка на калені, сцебануў каня і знік за павароткаю, а карчмар яшчэ доўга стаяў і глядзеў яму ўслед.
Гэта было гадзіны за паўтары пасля паўдня. Маёнтак пана Хапацкага за лесам, ад карчмы не больш за чатыры вярсты, але — дзіўная рэч! — конь бег і бег, мінаў пагоркі і лясы, пан бачыў увесь час незнаёмыя краявіды, праязджаў паўз вёскі, маёнткі і палеткі, аднак нідзе не мог убачыць свайго жытла, сустракаў падарожных, хацеў у іх даведацца, у які край заехаў, ды конь так шпарка бег, што немагчыма было перамовіцца ні з кім хоць словам.
Сонца схавалася за горы, ужо вечар, дарогу ахутаў шэры змрок, конь увесь у пене, ішоў ужо ціхай ступою. Хапацкі думаў пра тое, каб трапіць у вёску, пераначаваць там і дапытацца дарогі. Тут знячэўку чорная хмара пакрыла неба, ноч зрабілася такая цёмная, што на крок перад сабою нічога не ўгледзіш, да таго ж і дождж лінуў; нешчаслівы вандроўнік не ведаў, што чыніць, ды тут пры святле бліскавіцы ўбачыў каля дарогі маленькую будову. Былі гэта могілкі, і здаўна там стаяла драўляная каплічка. Хапацкі зварочвае з дарогі, каб схавацца ад навальніцы. У ціхім месцы за сцяною паставіў каня, сам заходзіць у каплічку і чакае ў куце, пакуль праміне гэтая бура. Пасля дастаў з кішэні табакерку і толькі адчыніў яе, як у святле нечаканае бліскавіцы ўбачыў над табакеркаю нейкую вялізную сухую руку, што ўжо была гатовая ўзяць шчопаць тытуню. Перапалохаўся пан, выпусціў з рук табакерку, выбег за дзверы і, не зважаючы на дождж і вецер, бяжыць у поле, сам не ведаючы куды. Шчасце, што ў хуткім часе разышліся тыя хмары, і ён на ўсходзе ўбачыў дзянніцу і непадалёку на пагорку вёску, паспяшаўся туды, сустрэў сялян, што ішлі з косамі на луг. Ад іх даведаўся, што ён паблізу Віцебска, некалькі дзесяткаў вёрст ад свайго дому. У гурце касцоў прыйшоў на могілкі, знайшоў каня і брычку на месцы, а табакерку ў каплічцы на зямлі, аднак Дзядка там не было, і пан не памятаў, дзе і якім чынам яго згубіў; праз колькі дзён пан Хапацкі вярнуўся дахаты і з таго часу вельмі добра запомніў, што ёсць рэчы незразумелыя і яму, хоць ён ведаў не менш за Сакрата.
Амаль год пра Дзядка хадзілі дзіўныя весткі; казалі, што нейкі пілігрым, носячы яго ў руках, з'яўляўся ў некаторых вёсках, вучыў люд дабрачыннасці, нагадваў ім, каб яны шанавалі даўнія звычаі і традыцыі сваіх продкаў, каб не адступалі ад праўдзівае веры. Слухмяных і пабожных людзей ён бласлаўляў, ад разбэшчаных і адступнікаў уцякаў.
Читать дальше