Сталіца! Цябе будавалі мы дбала
У нашы савецкія, шчасныя дні,
Ты быццам на крыллях увысь узлятала,
Палац за палацам, квартал за кварталам,
Такая, якою ніхто і не сніў.
Блакітнае неба над горадам-садам,
Ускраіны ў гулкіх фабрычных гудках,
I бронзавы Ленін ля Дома Урада
Вітаў нашу сілу і буйную радасць
I зваў нас нязломнымі быць у вяках!
Мы славілі час той пад сцягам чырвоным,
Што раны балючыя нам загаіў,
Калі мы з братамі з-пад Буга і Нёмна,
Разбіўшы іх путаў ланцуг пад'яромны,
Сышліся навечна ў адзінай сям'і.
Адна гадавала нас родная маці,
Хто ж мог нас дратамі мяжы падзяліць?
Хто права займеў у прыгнечанай хаце
Забраць у братоў нашых скарбы, багацці
I волю пакінуць адну — галасіць?
Зямлю адабраўшы і роднае слова,
Не ведалі майстры прыгнёту-ярма,
Як Прыпяці нельга пасеч напалову,
Як вольных вятроў не суцішыць размовы,
Так нельга народ у палоне трымаць.
Калі мы з'ядналіся, слёзы, як росы,
Ад шчасця па тварах у нас пацяклі,
Бо прагнага сэрца жаданне збылося —
У промнях рабіны вясёлая восень
Хадзіла па ўсёй беларускай зямлі.
Дык будзьце пракляты на вечныя векі,
Фашысцкай краіны забойцы-сыны,
Што страцілі воблік, душу чалавека,
Што ўсё разбурылі праз гвалты і здзекі,
Што ў край наш прынеслі пакуты вайны.
Агорнута сэрца і болем і жалем,
Ніяк не забыцца таго, Беларусь,
Як ветры тужылі, як рэкі рыдалі,
Як беглі гіа нівах крывавыя хвалі,
Як хмары закрылі пад небам зару.
Як нікла здабытае намі ў сталеццях,
Як горад ахуталі морак, жуда,
Як нішчылі вуліцы выбухі смерці,
Як чэзлі ў руінах забітыя дзеці,
Як сонца з-за хмараў было не відаць.
Як зграі з'явіліся з гвалтам, прымусам,
Як полымя крыллі плылі па начах...
Ды толькі не здаўся народ Беларусі,
Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся,
А ворага стрэціў ударам мяча!
Зямля Беларусі! Ты ў гневе, ты ў ранах,
Твой гнеў разгараецца сёння ў агні.
Палямі-барамі сыны-партызаны,
Жыцця шкадуючы, б'юцца аддана,—
Не рэкі гамоняць, а зброя звініць!
Ты ўстала паўстанкай прад набрыддзю дзікай
З азёрамі помсты ў грозных вачах.
Ды гэта ж не сосны, а вострыя пікі,
Ды гэта ж не вецер, а смерці музыка,
Што грае на чорных, варожых касцях.
Па ўсіх неабдымных прасторах-абшарах
Устала расплата, крывёй загула,
Знаходзіць чужынцаў суровая кара,
Грымяць Налібокі, хвалюецца Нарач,
На бераг з палону выходзіць Сула.
Зямля Беларусі! У часіны нягоды
Тваіх абаронцаў нязломная раць.
Хто жыў тваім хлебам, хто піў твае воды,
Хто меў тут прытулак у час непагоды,
Гатоў той памерці, цябе ж ратаваць!
Бор шумны, бор грозны, вяшчун наш зялёны!
Гамоніш вячыстай, сівой галавой,
Як з вернай дружынай адважны Заслонаў
Знішчаў акупантаў,
скідаў эшалоны,
Маланкам і бурам ён родны і свой.
Бор шумны, бор грозны, гамоніш з вятрамі,
Галінамі сосен, ялін і дубоў,
Як Міша Сільніцкі хадзіў тут шляхамі,
Як роснае поле прыкрыў ён грудзямі
I зоркай над роднай зямлёй узышоў.
Бор шумны, бор грозны, гамонкай сяброўскай
Сягоння ты ўзняўся да самых аблок,—
Як ворага косіць наш храбры Дуброўскі,
Як нішчаць злачынцаў па сёлах і вёсках
Паўлоўскі, Казлоў, Бумажкоў, Лабанок.
Бор шумны, бор грозны гудзіць над краінай...
Сустрэнеш старога, малога — спытай,
Спытайцеся ў хлопца, спытайся ў дзяўчыны,
Адказ вы пачуеце толькі адзіны,—
Што помсцяць яны за разбураны край!
Зямля Беларусі! У гуле і звоне
Сягоння ўздымаешся вольнаю ты,
Грымяць батарэі, імчаць эскадроны,
Цябе вызваляюць з прыгнёту-палону
Упоплеч з сынамі са ўсходу браты...
Не залпы гарматаў, а сотні вясёлак
Пад снежаньскім небам высока лятуць.
О, як асвятляе чырвоны наш золак
Твае гарады і калгасныя сёлы,
Што болей і болей з няволі ўстаюць.
А ветры спяваюць чужынцам хаўтуры,
Ім некуды дзецца ад грозных байцоў,
Што йдуць з Украіны, Сібіры, Амура.
Ні снег, ні марозы, ні буры-віхуры
Ніколі спыняць гвардзейскіх палкоў.
Да іх партызаны выходзяць сям'ёю,
На ўсю Беларусь узлятае святло,
Хай нашы палеткі абліты крывёю,
Ты мужнаю ўстанеш і яснай вясною
Рамонкамі зноўку расквеціш чало.
Читать дальше