Калi iшоў ужо Бушмар назад, словы гэтыя жылi дзесьцi ў адчуваннях яго, але былi яны далёкiя ад яго, нiчога ў iм не чапалi i павялiчвалi толькi нянавiсць да Андрэя. Ён адумаўся адзiн на вулiцы. I што ўкалола яго тут, дык гэта толькi неспадзяванае, што стаiць ён каля той хаты, дзе жыла калiсьцi, а можа, i цяпер жыве, Амiля. Ён рушыў назад цiха, не гэтак, як iшоў сюды. Ён быў стомлены гэтак моцна, можа, першы раз на жыццi сваiм. Нi то што яму балелi ногi, цi нылi плечы, цi туманiлася галава - ад дзённай дарогi, ад вячорнага ўтрапення, - штосьцi iншае было. Як у тумане прайшоў ён тое месца паўз лес, дзе сядзеў калiсьцi, чуючы радасць сцяны мiж iм i Амiляю, дзе ўглядаўся ён на коршака над лесам - ён цяпер гэта, праз колькi год, задрыжаўшы ўвесь, успомнiў. Як праз iмглу, бачыў ён пакарпаную плугамi дарогу пад нагамi, раскапанае глiнiшча на цэглу, навожанае дрэва за вёскаю, паадворваныя межы, паразбiраную агароджу... Усё iнакшае, як было нават гэтак нядаўна, калi забiралi яго ў адседку...
Усё рушыцца i ўцякае!
Галас гайсаў перад iм. Брэх яго гулка рваў лесавую цiшыню.
Прыйшоў дадому Бушмар позна. Галена кармiла дзiцянё.
- Дзе ты ходзiш? - сказала яна.
Ён маўчаў.
- Чаму не адказваеш?
Як бы ўсё iшлося тады на тое, каб выслухваць яму людскiя ўшчынкi.
- Ты маўчыш, дык i я магу маўчаць. Як ты прывiтаў мяне, вярнуўшыся ад такое свае бяды? Няшчасце мiнула, дык ты няма каб пачуў гэта, разам са мною, з дзiцём, якога яшчэ не бачыў, а пачаў думаць пра ўсё, чаго не было. Чаму ты не паверыў мне i нават чаму ты пытаў гэта? Цi гэта вiнават хто, што гаспадаром ты стаў меншым? Можа б, ты мог бы на ўсё iншае забыцца тады, а пабыць, як чалавек, з сваёю сям'ёю. Усё роўна як я табе не блiзкi чалавек, а хто чужы, што табе трапiўся на дарозе...
Яна гаварыла доўга. Успамiнала назнарок пра ўсё.
- ...Тут Амiля заходзiла. Мы з ёю разгаварылiся былi доўга.
- Пра што ж вы гаварылi гэта з ёю?
- Менш за ўсё пра цябе. Яна парывалася ўсё на гэта, але ж хiба малы свет чалавеку, што канечне думаць пра адно ўсё?.. Пра ўсё мы гаварылi. Яна ўспамiнала ўсё, як гадавалася, як расла, што ў iх у хаце рабiлася, а я дык не! Нiколi я нiчога не ўспамiнаю i не хачу нi пра што ўспамiнаць. Што было, тое аджылося, а што будзе, тое важней...
Бушмар стаяў, скруцiўшы пальцы ў кiшэнях жакеткi.
- Каб ты павесялiўся сваёю воляй, дык не, ганяешся за нечым уночы недзе па полi, шукаеш немаведама чаго, чаго нiколi не губляў, чаго, можа, i не было нiколi ў цябе...
- Не было? Не губляў?! Я з-гу-б-iў!
- Што ж ты гэтакае згубiў?
Яна сапраўды чакала ад яго адказу.
- Якраз ты, можа, i не згубiў нiчога, хоць i здаецца табе. Нiчога ты не згубiў, а калi што i згубiў, дык нехта знайшоў, так яно на дарозе не прапала. Можа, той, што знайшоў, не мог жыць без яго, а цябе гэта толькi сапсавала навек, што ты на чалавека не падобен, што з табою i табе самому жыць на свеце цяжка...
Галас драпаў з сянец у хатнiя дзверы. адчынiў iх i ўскочыў у хату. З вiскам кiнуўся да гаспадара. Той з асалодаю ткнуў яму ў жывот наском бота. Галас заенчыў, не ведаючы, што гэта раптам зрабiлася, адскочыў. Малы прачнуўся, заплакаў. Зрабiлася шумна ў хаце. Бушмар выкiнуў Галаса на ганак, пайшоў у кухню, лёг за сталом на голай вузенькай лаве i заснуў.
Галена ранiцаю не будзiла яго позна, цiха хадзiла па кухнi. Ён, калi прачнуўся, з дзiвам нейкiм у вачах, як бы не разумеючы нiчога, глядзеў навокал. Як i заўсёды, спрадвеку, быў ён панурым, маўклiвым.
- Не думай нi пра што, - падышла да яго Галена.
I, не дачакаўшыся адказу:
- Можа, нават да ўсiх прыстанеш жыць, мне хочацца ў людзi. I ты там зменiшся...
- Дык мне змянiцца трэба?
Яна адчула, што сказала ў гэтую хвiлiну глупства. I паправiлася як магла:
- Гэта так я сказала. Так сабе... Кiнь, не думай нi пра што, давай жыць будзем, як людзi жывуць... Вазьмi сябе ў рукi, не злуй, не муч сябе i мяне лiха ведае якiмi думкамi, словамi...
Яна палажыла яму локцi на плечы, нагнулася да яго тварам. Ён сядзеў цяпер гэтакi малы i слабы перад ёю. Яна стаяла над iм, глядзела яму ў твар.
Але ён не паддаўся. Ён перш за ўсё глыбока чуў мяжу мiж сабою i ўсiмi, нават ёю. У iх нейкае там сваё жыццё, а ў яго сваё. Ён, дзеля прыклёпу, пагладзiў яе па галаве i падняўся. Нехаця ўзяўся ён за работу на двары, чуючы сябе чужым усяму i ўсiм нават тут. Ён i не спрабаваў саўладаць з сабою. Нашто гэта патрэбна чалавеку! Нiколi гэтага не было, не радзiлася гэта разам з iм на свет!
VII
I Андрэй бачыў цеснату навокал сябе, але ў сабе самiм чуў волю.
Як тады, пасля неспадзяванай гаворкi з Бушмарам, увайшоў ён у хату, чамусьцi, як нiколi раней, ахвацiла яго адчуванне цеснаты тут. Можа, гэтая гаворка абудзiла ў iм парываннi, што заўсёды жылi ў iм.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу