Дагісторыя – гэта частка чалавечай гісторыі, якая існавала яшчэ да ўзьнікненьня пісьменнасьці і архіўных крыніц. Гістарычныя археолягі свае знаходкі могуць пацьвердзіць дакумэнтамі. Археолягі маюць тры галоўныя мэты: вывучэньне культурнай гісторыі, рэканструкцыя спосабаў жыцьця ў мінулым, тлумачэньне прычын культурных зьмен. Гэта аснова ўсіх дасьледаваньняў, бо канчатковая задача вельмі простая – апісаньне, разуменьне і тлумачэньне чалавечых паводзін у мінулым. Дагістарычныя археолягі дасьледуюць жыцьцё чалавека шляхам выяўленьня сьлядоў яго існаваньня ў археалягічных рэштках ежы, пабудовах, рэчах, вырабленых чалавекам. Вельмі важна адносіцца да кожнага археалягічнага помніка (якім зьяўляецца любы прадмет зьвязаны з чалавечай дзейнасьцю) як да апошняга і непаўторнага. Толькі тады ў мінулага будзе будучыня. І той, хто зьнішчыў у Луна сынагогу і стары млын, габрэйскія могілкі і самалёт генэрала Жукоўскага, назвы вуліц і палац Ромэраў нанесьлі непапраўную страту мінуламу і будучаму.
Праца дагістарычных археолягаў дазволіла скласьці карту стаянак каменнага і бронзавага вякоў, выяўленых на тэрыторыі Мастоўшчыны. Знаходкі экспэдыцыі доктара Сырасека, занатаваныя ў І т. «Варшаўскай бібліятэкі» пацьвярджаюць, што ў каменным веку на нашых землях жылі нашчадкі арыяў?: балты – яцьвягі і славяне дрыгавічы і крывічы, якія карысталіся вырабамі з крэмню. У 1879 г. гэта экспэдыцыя дасьледавала старадаўняе селішча на беразе Нёмна ля Луна. Ужо ў савецкія часы археоляг Уладзімір Ісаенка знайшоў сьляды паселішча бронзавага веку (2—3 тысячагодзьдзя да Н.Х.) У нашай мясцовасьці знойдзены і дасьледаваны археалягічныя помнікі характэрныя для яцьвягаў у выглядзе курганоў і каменных магіл. Іх на Луненскай тэрыторыі на левым беразе Нёмна ва ўрочышчы Баторыя каля вёскі Жылічы дасьледаваў Л. Д. Побаль. Ф. Д. Гурэвіч, кіраваўшая ў 1955 г. археалягічнай экспэдыцыяй, выявіла да 10 курганоў паміж Дзенькаўцамі і Кавалямі, якія адносяцца да рэдкіх тыпаў помнікаў мінулага. У 1982 г. каля в. Навасёлкі геоляг А. В. Квяткоўская знайшла 60 магілаў з падшліфаванымі магільнымі плітамі і тарчма пастаўленымі камянямі.
Яцьвягі займаліся паляваньнем, жывёлагадоўляй, бортніцтвам, земляробствам. У канцы Х і пачатку ХІ ст. адбываецца калянізацыя яцьвягаў дрыгавічамі. Аб чым сьведчыць зьмяненьне характару археалягічных помнікаў, якія ўжо належалі, відавочна, не ўласна яцьвяскаму насельніцтву, а славянізаваным нашчадкам або славянам, якія перанялі яцьвяскі пахавальны абрад.
Племя яцьвягаў зьнікла, хоць яшчэ доўга заставаліся сьляды ў гісторыі. Так Т. Нарбут у 1807 г. чытаў надпіс на зрубе Скідальскай царквы, што нейкі Варфаламей хрысьціў яцьвягаў у 1553 г. А П. Д. Бранцаў выдаўшы ў 1899 г. «Гісторыю Літоўскай дзяржавы і старажытных часоў» пісаў: «У ваколіцах мястэчка Скідаль жыве насельніцтва праваслаўнай веры, гаворыць на беларускім нарэччы, але з літоўскім акцэнтам. Яны адрозьніваюцца ад іншых беларусаў смуглым колерам твару, чорнымі валасамі і некаторымі асаблівасьцямі нораваў. Вельмі магчыма быць, што гэта патомкі яцьвягаў».
У ваколіцах Луна многа вялікіх валуноў, але толькі адзін з іх мае ўласнае імя. Гэты камень ляжаў паміж в. Камянчаны і Стральцы, ля шашы, што вядзе ў Гародню. У народзе завуць яго Турэцкая шапка і распавядаюць, што пад час нашэсьця туркаў, адзін з іх згубіў тут сваю шапку.
Камень «Турэцкая шапка»
Вось такія веліканы – ворагі нападалі на нашых продкаў, але ўцякалі пабітыя так, што гублялі шапкі… Аналягічных помнікаў аб Луне выяўлена не багата, але гэта не значыць, што іх няма.
Краязнаўцы Ваўкавыска зрабілі свой горад старэйшым на 277 гадоў, знайшоўшы пісьмовыя ўспаміны аб Ваўкавыску ад 1005 г. Для краязнаўцаў, улюбёных у свой край, кніга гісторыі ніколі не заканчваецца…
Гісторык Павал Бароўскі, апісваючы спусташэньне Гродзеншчыны ў 1241 г. піша: «З упадку сталіцы ўпала ўдзельнае княства Гарадзенскае. Пасярод спустошанай краіны, яшчэ стаяць рэшткі ўмацаваньняў, калі ў тым жа годзе прыйшлі з поўначы літоўцы (літвіны?) пад кіраўніцтвам сваіх князёў Эрдзівіла, Вікінда, Таўціла Манцівілавічаў, высланых дзядзькам сваім, Вялікім князем Міндоўгам, для заняцьця спустошаных і безабаронных зямель славянскіх. Эрдзівіл без супраціву зрабіўся ўладаром гораду, аднавіў умацаваньні і паблізу вала з драўлянай сьцяной, па звычаю Славянаў, пабудаваў умацаваную вежу. Усё гэта было зроблена з такой хуткасьцю і з такім посьпехам, што, калі манголы, у спадзяваньні новай здабычы, рушылі з поўдня пад началам царэвіча Шэйбака і разьбілі Міндоўга на берагах Нёмна бліз Луна, Эрдзівіл, маючы апору на Гарадзенскія ўмацаваньні, сьмела рушыў на дапамогу свайму дзядзьку і садзейнічаў бліскучай паразе мангольскіх полчышчаў дзесьці ў Лідзкім уезьдзе. Шэйбак загінуў, манголы ўцяклі і Міндоўг, трыюмфуючы і ў другіх перамогах зрабіўся ўладальнікам многіх зямель, складаючых цяперашнюю Гарадзенскую губэрню»… Як тут зразумець? Луна існавала ў 1241 г.? Ці гэта толькі прывязана да сучаснай мясцовасьці? На гэтыя пытаньні трэба шукаць адказу.
Читать дальше