Швэды, рускія, французы, палякі немцы, бальшавікі, фашысты, камуністы… Радасьць, боль, сьлёзы, нянавісьць. Усім насычана паветра! Душа халадзее. Дзе міласьць, дзе любоў? Павінна ж быць! Хутчэй, хутчэй, далей. Хвілінка цішы і прасторы. І зноў енкі, грымоты, мэтастазы расійскага мата… Не, гэта ўжо не цені. Гэта абак царквы-мураўёўкі ідзе ідэалягічнае…. мерапрыемства пад назвай дыскатэка. Царква, клюб, сельсавет утвараюць нейкі мясцовы бэрмудзкі трохкутнік. Рэзка павернем улева, каб выйсьці з гэтае мясьціны.
Але тут, дзе празрыстай ніткай уецца, барукаючыся за жыцьцё, рачулка Лунянка цені згусьціліся ў чорную хмару з жоўтымі шасьціканцовымі зоркамі. Дзіцячы плач, гартанныя выкрыкі на незразумелай мове, дзіўныя мэлёдыі, і скрыпка. Скрыпка плача і высьпеўвае смутак, як бы пытае: чаму? Чаму нас забылі? А нас было 1549. 1549 жыхароў Луна сталі ценямі і зьвяртаюцца да жывых – успомніце, дайце нам знак, што вы памятаеце. Ці пачуюць? Ноч хавае цені.
Апяклі мяне росы раньнія,
Краскі водарам абдалі,
Прыпадаю я сэрцам раненым
Да каханай сваёй зямлі.
А яна, на кускі пакрамсаная,
У хлусьлівым чужым тумане,
Плугам родных сыноў неўзараная,
Ціха помачы просіць у мяне.
Ларыса Геніюш
І сапраўды, як водарам абдаў Бел-Чырвона-Белы Сьцяг… і надпіс «Жыве Беларусь!» Гэта знак таго, што ўсё будзе яшчэ добра!
Як жа ўзьнікла гэта цудоўная назва Луна?
Лунь на паляваньні
Балта – яцьвягі маглі даць такую назву ад слова Lіunas, што значыць балота. Бо мясьціна тут да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя была вельмі балоцістай. І славяне крывічы ці дрыгавічы далі б такую назву, бо амаль заўсёды вісеў у вышыні зоркі шуляк, выглядаючы здабычу. Шуляк ці лунь балотны. Ён і гнездаваўся тут, гэты прыгожы (сівы як лунь) драпежнік.
Называлася гэта паселішча дакладна так Луна. Гэтаму ёсьць многа доказаў. Так на карце Вялікага Княства Літоўскага, выдадзенай Мікалаем Радзівілам-Сіроткам у 1613 годзе складзенай Тамашам Кшыштафам Макоўскім у Нясьвіжы выразна напісана Luna.
Радзівілаўская карта (1613)
Луна на карце ВКЛ 1665 года выданьня.
Фрагмэнт Карты Вялікага Княства Літоўскага 1665 года
Так і на многіх пазьнейшых картах замежнага выданьня (карта ВКЛ і Русі Белай з Нюрынбергу ад 1687 г., карта ВКЛ з Нюрынбергу ад 1710 г., карта ВКЛ з Амстэрдаму ад 1733 г.) Луна з адным «н» згадваецца разам з Гродна, Мастамі, Ваўкавыскам, Слонімам.
Фрагмэнт Карты Слонімскага намесьніцтва 1796 г.
Гістарычная назва Луна (з адным «н» трымалася вельмі доўга. У заяве вучыцеляк Волькі Рубаніхі і Галены Бубяненкі ў Вучыцельскую раду Гарадзеншчыны (так напісана ў арыгінале) ад 20.9. 1919 г. напісана: «Не зрабіўшы нічога ў Луне, нам вельмі не хацелася ехаць з пустымі рукамі ў Гарадзен…». Дый цяпер жыхары навакольных вёсак кажуць: «Паеду да Луны…». Гучыць, як да цёткі ў госьці.
Луна і Воля на карце 19 ст.
Калі зьяўілася другая «н» у назве Луна дакладна цяжка сказаць. Хутчэй за ўсё пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, калі тэрыторыя ВКЛ была акупавана Расейскай імпэрыяй. Так, у Рапартах земскага спраўніка Гарадзенскаму губэрнатару ад 1862 года друкуецца ўжо «Лунна». Хаця на старажытных дакумэнтах можна сустрэць напісаньне з двума «n», як, напрыклад, у дакумэнце пра Луненскі ключ.
Пабудова двару і ўтварэньне Луненскага ключа
Не ведаючы, што адбывалася
да таго, як нарадзіўся, гэта так
як бы ніколі не стаць дарослым.
Цыцэрон.
Людзі заўсёды цікавіліся паходжаньнем чалавека і сваім мінулым. Яшчэ ў VІІІ ст. да Н.Х. грэцкі пісьменьнік Гесіёд пісаў, што чалавецтва прайшло ў сваім разьвіцьці пяць вялікіх гістарычных эпох. Самую раньнюю ён назваў Залатым векам, калі «людзі знаходзіліся ў спакоі». А самую апошнюю – Ваенным векам, пад час якога даводзілася цяжка працаваць і перажываць найвялікшае гора. Дапамагаюць пазнаць мінулае археолягі, сапраўдныя сьледапыты, дасьледчыкі і аналітыкі. Яны ствараюць уражаньне сьмелых падарожнікаў і паляўнічых на скарбы, дэтэктываў, якія дасьледуюць таямніцы даўно мінулага. Але сучасная археалёгія – гэта не паляваньне на скарбы і не фантазіі накшталт пошукаў загінуўшых сьветаў – гэта сыстэмнае дасьледаваньне чалавецтва ў мінулым. 99% гісторыі вывучаюць дагістарычныя археолягі.
Читать дальше