А таму, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх – сьмерць, так і сьмерць перайшла ва ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі. (Да Рымлянаў 5:12)
Зьмясьціўшы людзей у Эдэмскім садзе Бог устанавіў маральны парадак, акрэсьліў, што ёсьць добрае і што ёсьць злое. Ён асьцерагае іх, што зьмена ўсталяваных правіл прывядзе да згубы. «І наказаў Гасподзь Бог чалавеку, кажучы: з кожнага дрэва ў садзе ты будзеш есьці; а з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж зь яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш зь яго, сьмерцю памрэш» (Быцьцё 2:16,17). Але ў парушэньне ўсталяванага парадку ўступае Сатана.
На полі марачнага ліста ва ўсёй сваёй красе намаляваны Райскі сад. Яго прыгажосьць як бы вобразна паказвае, ад чаго рызыкуюць адмовіцца Адам з Еваю.
Адам і Ева. Марачны ліст пошты Ізраілю з сэрыі «Біблейскія гісторыі», выдадзены ў 2010 годзе
Сатана ў выглядзе зьмея спачатку сее сумнеў у праўдзівасьці забароны, дадзенай Богам: «І сказаў зьмей жанчыне: ці сапраўды сказаў Бог: ня ежце ні зь якога дрэва ў раі?» (Быцьцё 3:1). Атрымаўшы адказ, зьмей ня толькі падвяргае сумненьню дабрату Бога, але стараецца зьмяніць сутнасьць уяўленьня аб Богу ў Евы. «І сказаў зьмей жанчыне: не, не памраце; але ведае Бог, што ў дзень, калі вы скаштуеце іх, адамкнуцца вочы вашыя, і вы будзеце, як багі, якія ведаюць дабро і зло» (Быцьцё 3:4,5). Сатана замест падпарадкаваньня Богу абяцае «свабоду». Спакуса пачынае дзейнічаць.
Адам і Ева (1509—1511). Фрагмент фрэскі. Рафаэль Санці (1483—1520). Станца дэла Сеньятура, Ватыкан. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1982 годзе
Зьмей, абкруціўшыся вакол «Дрэва пазнаньня дабра і зла», ператвараецца ў верхняй частцы ў падабенства чалавека, каб улатвіць выкананьне сваёй задумы. Адам і Ева як бы абмяркоўваюць прапанову зьмея… Адам і Ева яшчэ ня вырашылі, што рабіць зь яблыкам, але зьмей упэўнены, што яго задума спрацавала.
Падзея, якая зьмяніла лёсы чалавецтва, стала адной з найпапулярнейшых тэмаў для мастацтва.
Лукас Кранах Старэйшы стварыў каля 50 малюнкаў гэтага сюжэту, яны захоўваюцца ў галерэях Лёндана, Бэрліна, Прагі, Антвэрпэна. Ева ўпэўнена трымае яблык, але Адам чамусьці чухае галаву… Штосьці ня так. Зьявіўся сорам голага цела, таму ў руках Адама і Евы галінкі, якімі яны прыкрываюцца.
Адам і Ева (1528). Дыпціх (фрагмэнт). Лукас Кранах Старэйшы (1472—1553). Уфіцы, Флярэнцыя. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1973 годзе
Па праўдзе ў Бібліі не гаворыцца, што забаронены плод гэта яблык, як і не названыя імёны першых людзей. Гэта плён чалавечай фантазіі, спроба зразумець і ўявіць тыя падзеі, што апісаныя ў Бібліі. Так сталася, што ў хрысьціянстве яблык – забаронены плод з Дрэва Пазнаньня дабра і зла – стаў сымбалям спакусы, недазволенага (забароненага) плёну і дзеі.
Пошта Мікранэзіі, рыхтуючыся да Міжнароднай выставы марак «Ізраіль» 98» – Тэль – Авіў, выпусьціла шэраг маляўнічых блёкаў на тэму: «Ізраіль – Старазапаветныя гісторыі».
Адам і Ева. Блёк пошты Мікранэзіі з сэрыі «Ізраіль-Старазапаветныя гісторыі», выдадзены ў 1998 годзе
«Грэхападзеньне» Хуга ван дэр Гуса частка Венскага дыптыху «Грэхападзеньне і выратаваньне чалавека».
Грэхападзеньне (1470). Хуга ван дэр Гус (1420—40 – 1482). Музей гісторыі мастацтваў. Вена. Марка пошты Манамы, выдадзеная ў 1973 годзе
Зьмей з жаночым тварам і целам яшчаркі з нецярпеньнем чакае фіналу яго пляну. Паводле апакрыфічнага Эвангельля Сьвятога Варнавы, калі спакусьнік быў пракляты, Сьвяты Міхаіл адрэзаў яму рукі і ногі, тым самым атрымаўшы вядомую сёньня зьмяю без канечнасьцей. Бог таксама адабраў у яго сілу чалавечай гаворкі, раскалоўшы яго язык, так што пасьля гэтага ён мог толькі шыпець.
У Яна Брэйгеля намаляваны момант непасрэдна перад ужываньнем забароненага плёну. Адам і Ева пад Дрэвам пазнаньня дабра і зла. Малпа, якая кусае яблык, сымбалізуе грэх. і Вінаград у лістоце ззаду Адама і Евы сымбалізуе сьмерць Хрыста на крыжы і віно, як Яго кроў. На карціне шмат розных сымбалічных жывёл, якіх няма на марцы.
Читать дальше