Бог-Творца ходзіць сярод дзівоснай калекцыі жывёл і птушак. Яго жэст і позірк выказваюць задаволенасьць і пацеху.
На марцы намалявана першая надрукаваная Біблія на армянскай мове, а на сувенірным аркушы – ілюстрацыя «Стварэньне свету» з Кнігі Быцьця.
Ілюстрацыя. Блёк пошты Арменіі, выдадзены ў 2016 годзе з нагоды 350 гадавіны Першай Бібліі на армянскай мове
На блёку, выданым поштай Гішпаніі ў 1980 годзе, зьмешчана рэпрадукцыя знакамітага «Габэлену Стварэньня» 11 ст. Габэлен «Стварэньня сьвету» – адзін з самых загадкавых помнікаў эпохі эўрапейскай раманікі. Гэта незвычайна каштоўны і прыгожы твор мастацтва, які захоўваецца ў катэдры гішпанскага месца Верона. Узор у выглядзе круга паказвае розныя сцэны Стварэньня Сьвету і чалавека. Зьмяшчае таксама цытаты на лацінскай мове з Кнігі Быцьця. Круг у сярэдзіне зьмяшчае выяву Бога Стваральніка. Вакол круга надпіс: «І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло» (Быцьцё 1:3). Над цэнтральным кругам на 11 гадзін самы цёмны сэктар, прысьвечаны «цемры над безданьню» перад пачаткам Стварэньня. Наступны сэктар (на 12 гадзін) Дух Божы над водамі. Справа ад яго – Стварэньне Сьвету. Сымэтрычныя сэктары па «экватары»: «хай будзе цьвердзь» і «аддзяліў ваду». Самы большы ніжні сэктар – Стварэньне істот водных і птушак. Па бакам гэтага сэктару – Стварэньне жывёл і чалавека і Стварэньне жанчыны.
Габэлен Стварэньня, 11 ст. Блёк пошты Гішпаніі, выдадзены ў 1980 годзе.
Гэты твор унікальны як сваёй велічынёй, так і сваёй іканаграфічнай праграмай, якая арыгінальна аб'ядноўвае ў сабе Біблейскую гісторыю Стварэньня Сьвету, касмаграфічны каляндар і легенду аб Сапраўдным Крыжы.
Стваральнікі габэлену выказалі ня толькі падзіў справай Стварэньня Сьвету, але падкрэсьлілі яе гармонію. Дзякуючы пошце Габэлен Стварэньня стаў больш вядомым, выклікаючы пачуцьці ўсьведамленьня велічы падзеі.
І стварыў Гасподзь Бог чалавека з пылу зямнога і ўдыхнуў у твар ягоны дыханьне жыцьця, і зрабіўся чалавек душою жывою. Быццё 2:7
Пяць дзён займаўся Бог стварэньнем сьвятла, вады і неба, сушы і расьлін, сьвяцілаў, птушак, рыб і зьвяроў… Уся справа стварэньня Сусьвету, зямлі, азоранай пяшчотным сонцам, напоўненай жывымі істотамі і расьлінамі, неба, блакітнага днём і зорнага ноччу, была прадвызначана для чалавека, як вынікае з Кнігі Быцьцё. Чалавек – карона Боскай справы.
Стварэньне Адама. Барэльеф – скульптара Якопа дэла Кверча (Jacopo della Quercia ок. 1374—1438). Базыліка Сан-Пятронія ў Балоньі. Марка пошты Італіі, выдадзеная у 1974 годзе
Пяць дзён для чалавека стваралася месца існаваньня ў адзінстве з Богам.
«І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам, і над усёю зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі» (Быцьцё 1:26). Створаны чалавек атрымаў імя Адам (іўр.: אָדָם – Сын Землі ці чалавек).
Падзея стварэньня чалавека знайшла адлюстраваньне ў многіх творах мастацтва. Адзін з найпрыгажэйшых знаходзіцца ў Ватыкане ў Сыкстынскай капэле сярод фрэсак, якія стварыў Мікеланджэла ў 1508—1512 гадах. Гэты шэдэўр стаў адным з сымбаляў мастацтва. Фрэска адлюстравана на марках многіх краін. Адам намаляваны як сымэтрычнае адлюстраваньне Творцы. Далонь Бога і далонь Адама амаль злучаюцца, выражаючы пачуцьці ўзаемнай міласьці і любові. Джорджа Вазары пісаў пра Адама на фрэсцы, што ён намалёваны «такім выдатным, у такім становішчы, з такімі абрысамі, што здаецца, быццам ён зноў створаны вышэйшым і першапачатковым Стваральнікам сваім, а не пэндзьлем і па задуме чалавека».
Стварэньне Адама (1511). Мікеланджэла Буанароці (1475—1564). Сыкстынская капэла, Ватыкан. Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў1994 годзе
Апрануты ў простую ружовую туніку, Бог праносіцца над створаным сьветам у акружэньні анёлаў без крылаў. Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што Мікеланджэла адлюстраваў Творцу як крыніцу розуму. Фон разам з анёламі абрысамі нагадвае мозг. Жаночая постаць справа ад Яго – Ева, яна яшчэ чакае гадзіны свайго стварэньня, але ўжо задумана Богам. Падчас палёту Бог паварочваецца, накіроўваецца насустрач Адаму і падае яму руку. Рукі амаль сустракаюцца. Энэргія Бога перадаецца руцэ чалавека. Гэта імгненьне нараджэньня Душы…
Читать дальше