Скала «Лот» і Пік «Жонка Лота». Выспа Сьвятой Алены. Марка пошты Выспы Сьвятой Алены, выдадзеная ў 1934 годзе
Пасьля катастрофы Лот і яго дачкі схаваліся ў горадзе Сігор.
Але на іх не глядзелі, як на ўратаваных, а як на адзіных жыхароў праклятага горада, і ніхто не хацеў ажаніцца на дачках Лота. Тады, выйшаўшы з Сігора, Лот пасяліўся ў пячоры пад гарой разам са сваімі дачкамі.
Карціна Веранэзе нясе шмат інфармацыі. У далечыні палае Садома, маленькая белая фігурка на дарозе – жонка Лота, якая пераўтварылася ў соль, дачкі бягуць уперадзе, за імі ледзьве пасьпявае забіты горам Лот. Ня пярэднім пляне Лот з дачкамі, хіба, прыселі паабедаць. Але нешта павінна здарыцца, бо ў правым куце гуляюць два амуры і адзін зь іх чамусьці ў масцы…
Лот і яго дачкі (1545). Баніфацыё Веранэзе (1487—1553). Музей мастацтваў Крайслера. Картмаксімум пошты Нідэрляндаў, выдадзены ў 2015 годзе
Спалоханы стары бацька яшчэ не зусім разумее, што адбываецца. Але яго вочы, гэта вочы загнанага ў кут чалавека, які ведае што ён нікуды не дзенецца. А гэта яго нявінныя дачкі намагаюцца ўвесьці яго ў грэх, ахвяруючыся дзеля аднаўленьня племені.
Лот і яго дачкі. Франчэска Фурыні (1603—1646). Прада. Мадрыд. Блёк пошты Сьера Леонэ, выдадзены ў 2000 годзе
Дачкі, якія засталіся без мужоў, вырашылі напаіць свайго бацьку і пераспаць зь ім, каб нарадзіць ад яго нашчадкаў і аднавіць сваё племя, у адпаведнасьці з старазапаветным прадстаўленьнем аб родавай бесьсьмяротнасьці. «І сказала старэйшая малодшай: бацька наш стары, і няма чалавека на зямлі, каб увайшоў да нас паводле звычаю ўсёй зямлі…» (Быцьцё 19:31).
Лот і яго дачкі (1616). Хендрык Гольцыус (1558-1616-1617?). Блёк пошты Сьера Леонэ, выдадзены ў 2001 годзе
Спачатку так паступіла старэйшая, на наступны дзень – малодшая; абедзьве зацяжаралі ад свайго бацькі. Лісічка, якая стаіць справа ў глыбіні, сымбалізуе хітрасьць дачок. Каля лісічкі, ператвораная ў такі вось, як дрэва, саляны слуп, жонка Лота. Правей палае Садома.
Лот і яго дачкі. Якаб Адрыянс Бэкер (1609 —1651). Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1990 годзе
Чаму ў гэтай трагічнай гісторыі зьнішчэньня гарадоў мастакі выбіралі эпізод, калі дочкі вырашылі зацяжарыць ад свайго бацькі? Можа мастакам хацелася зьвярнуцца да далікатнай тэмы з голымі дзяўчынамі, а Біблія давала ім набожнае апраўданьне?
У інтэрпрэтацыі Ота Дыксам біблейскай гісторыі Лота, разбураны і спалены горад Дрэздэн становіцца цэнтральным фонам маральнай дылемы, з якой сутыкаюцца Лот і яго дачкі.
Лот і яго дачкі (1939). Ота Дыкс (1891—1969). Музэй Людвіга, Аахен, Германія. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1974 годзе
Старэйшая дачка нарадзіла сына, названага Маавам (імя азначае «ад бацькі»). Ён стаў родапачынальнікам маавіцянаў – шматлікага народа, што жыў на ўсходзе Ярдана. Ад другой дачкі нарадзіўся Амон («сын майго народа»), бацька аманіцянаў. Гэтыя народы былі ідалапаклонцамі і вызначыліся ў гісторыі асаблівай жорсткасьцю, бессаромнасьцю і разбэшчанасьцю нораваў. А Маавіцяне яшчэ і выключнай нянавісьцю да народу Ізраіля. Але габрэйскія мудрацы ўбачылі тут намёк на двух вялікіх жанчын з Бібліі: на Маавіцянку Рут, гісторыя якой апісана ў аднайменнай Кнізе Бібліі, і Аманіцянку Нааму. Аманіцянка Наама стала жонкай цара Саламона і маці цара Юдэі Раваама. Рут далучылася да габрэйскага народу і, стаўшы жонкаю Ваоза, нарадзіла яму сына Авіда, у якога, у сваю чаргу, нарадзіўся сын Эсэй, будучы бацька Давіда. Такім чынам, Рут Маавіцянка, якая вядзе сваё паходжаньне ад старэйшай дачкі Лота, была прабабуляй цара Давіда. Атрымалася, што ў выніку падзей у Садоме «знайшоўся» Давід, які стаў не толькі родапачынальнікам царскай дынастыі, але і роду Мэсіі-Збавіцеля.
Читать дальше