Падобна Абрагам бараніў і злачынцаў, бо іначай ён прасіў бы літасьці толькі для добрых людзей. Але ён прасіў зьберагчы ўсіх. Абрагам кажа: даруй усё месца дзеля праведнікаў у ім. Такім чынам, згодна з канцэпцыяй Абрагама, праведнік павінен не проста выратавацца сам; наяўнасьць праведнікаў ратуе горад.
Сьледам за Абрагамам юдаізм лічыць легітымным абмяркоўваць справядлівасьць ці несправядлівасьць дзеяньняў Усявышняга; больш за тое, кніга Ёва спэцыяльна прысьвечана гэтай тэме. Але падобныя пытаньні будуць канструктыўнымі, калі чалавек задае іх, каб умацаваць сваю сувязь з Богам. Наадварот, яны стануць дэструктыўнымі, калі яны выкарыстоўваюцца як падстава для разрыву гэтай сувязі. Габрэі лічаць, што спрэчка Абрагама з Богам аб Садоме – шлях набліжэньня да Бога, а не аддаленьня.
У Садоме не знайшлося праведнікаў, акрамя Лота, і лёс горада быў вырашаны.
«Калі ўзышла зара, анёлы пачалі прысьпешваць Лота, кажучы: устань, вазьмі жонку тваю і дзьвюх дачок тваіх, якія ў цябе, каб не загінуць табе за беззаконьні горада.
І як што ён марудзіў, дык мужы тыя, зь літасьці да яго Гасподняй, узялі за руку яго і жонку і дзьвюх дачок ягоных, і вывелі яго, і паставілі яго па-за горадам» (Быцьцё 19:15,16).
Лот з дочкамі, якія пакідаюць Садому. Пітэр Паўль Рубенс (1577—1640). Музэй Рынглінга, Сарасота. Блёк пошты Гвінэі, выдадзены ў 2007 годзе
Анёлы настойліва выводзяць сям’ю Лота далей ад горада, які ўжо палае. І ўжо ў такой сытуацыі, калі горад гіне і выратаваць яго нельга, Анёлы загадваюць: «не азірацца». Гэтая забарона застаецца загадкай. Адна васьмідзесяцігадовая жанчына пры агучваньні гэтай загадкі гідам сказала: «Хіба вам незразумела? Калі вы ўвесь час аглядваецеся назад, вы становіцеся неарганічнымі». «А жонка Лотава за ім азірнулася і зрабілася саляным слупам» (Быцьцё 19:26).
Пажар у Садоме. Людавіка Карачы (1555—1619). Нацыянальны музэй выяўленчых мастацтваў, Асунсьон. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1972 годзе
На трагедыю жонкі Лота паэтка Ахматава адгукнулася вершам:
«Праведнік верыў пасланьнікам Бога,
Вялікі і сьветлы, ён мусіў цярпець.
А жонку мацней ахапляла трывога:
Ня позна яшчэ,
можаш хоць паглядзець
На вежы і любыя месцы Садома,
Дзе песьні сьпявала,
да крыніцы хадзіла,
На вокна пустыя сямейнага дома,
Дзе любаму мужу дзяцей нарадзіла.
І глянула.
Тут жа скавана нястрымнай больлю
І вочы ўжо болей глядзець не маглі,
Зрабілася цела празрыстаю сольлю,
А хуткія ногі да скал прырасьлі.
Ці гэту жанчыну аплакваць хто будзе?
Ці большая гэта за тысячы страт?
Хай сэрца маё яе боль не забудзе,
Што жыцьцё аддала
за погляд назад».
Верш Ахматавай «Лотава жонка» (1922—1924). (Пераклаў Л. К.)
Вунь там удалечыні, жонка Лота ўжо стала слупам з солі, таму што азірнулася на родны горад і дом… А Лот і дзьве дачкі, пасьля таго як іх папярэдзілі пасланцы самога Бога, узялі самае неабходнае і сыходзяць. Іх папярэдзілі і таму Дзюрэр намаляваў, што яны не бягуць голыя або напаўголыя, як нярэдка традыцыйна пісалі гэтую сцэну іншыя аўтары.
Уцёкі Лота (1496). Дзюрэр, Альбрэхт (1471—1528). Блёк пошты Каморскіх выспаў, выдадзены ў 1978 годзе
Лотава жонка сымбалізуе чалавека, які ня здолеў своечасова зрабіць правільны духоўны выбар і які вагаецца паміж каштоўнасьцямі зямнога і нябеснага быцьця. Трансфармацыя зла ў дабро – праграма нашага будучага. Самотны салянай слуп каля Мёртвага мора – гэта душа жонкі Лота. Сотні стагодзьдзяў жывёлы прыходзяць і зьлізваюць з гэтай «статуі» соль. У гэтым і складаецца яе выпраўленьне. Ерусалімскі Талмуд піша, што так будзе працягвацца да ўваскрашэньня мёртвых. І тады ажыве і статуя, якая сымбалізавала духоўную сьлепату – стане відушчым і абудзіцца да вечнага жыцьця. Гэта наказ і нам: калі Гасподзь ратуе нас ад граху, трэба ўцякаць ад яго, не азірацца, не затрымлівацца і не шкадаваць пра яго. Аб гэтым напамінае Эвангеліст Лукаш: «Але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліўся зь неба дождж агнявы і серны і вынішчыў усіх: так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы адкрыецца. У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, той ня сыходзь узяць іх; і хто будзе на полі, таксама не вяртайся назад; успамінайце жонку Лотаву» (Паводле Лукаша 17:29—32).
Читать дальше