— Даруй,— ціха сказаў ён. Яго белы твар са строгай лініяй падбародка, чуллівымі скронямі і прыгожага разрэзу скрушлівымі вачыма захоўваў поўную сур'ёзнасць і амаль трагічную годнасць, нягледзячы на гратэсковы ўбор.
Негрыцянка корпалася з грамафонам. У нечаканы рытмічны грукат джазу ўварваўся грубы голас:
— Ну, пачынай жа!
Яна ашчэрыла пры гэтым абодва рады занадта белых зубоў і платаядна паводзіла вачыма: менавіта гэтай мімікі ён якраз і чакаў ад яе цяпер.
Яе твар нагадваў жахлівую маску невядомага божышча: гэты бог пануе ў цёмнай нетры, у патайным месцы, і вышчарам зубоў і выразам вачэй быццам патрабуе неадкладнай чалавечай ахвяры. Яму яе прыносяць, каля ног ягоных струменіцца кроў, ён прынюхваецца пляскатым носам да знаёмага саладжавага паху і крыху пахіляе валадарскае цела ў рытме шалёнага тамтама. А навокал вернападданыя вядyць радасна-шчасны танец. Ускідваюць рукі і ногі, падскокваюць, хістаюцца, тлумяцца; іх рыканне пераходзіць у жарасна-пахацімскі стогн, вось ужо яны задыхаюцца, вось ужо зняможана падаюць, падаюць пад ногі чорнаму боству, любаснаму, пашанавальнаму, бо яны могуць любіць і шанаваць толькі таго, каму ахвяравалі самым дарагім — крывёю.
Гендрык павольна пачаў танцаваць. Але куды падзелася яго трыумфальная лёгкасць, якая так захапляла публіку і калегаў? Знікла яна; здавалася, ён пакутліва перасоўвае ногі — але ў гэтай пакутлівасці была і асалода: яго выдавала самазабыццёвая ўсмешка на бледных сцятых губах і застылы, засяроджаны пагляд.
А Джульета і не думала танцаваць — хай вучань памучыцца сам. Яна толькі падбадзёрвала яго, пляскаючы ў далоні, грубымі крыкамі і рытмічным пагойдваннем цела.
— Хутчэй, хутчэй! — шалёна патрабавала. — Што ў цябе ў касцях? І яно мне хоча лічыцца мужчынам! Яно яшчэ ў артысты пнецца, яшчэ й за грошы сябе паказваць хоча? Э-э, нэндза раскіслая...
Плётка пахаджала па лытках, па руках. Гэтым разам ужо слёзы не наплывалі яму на вочы, вочы былі сухія, вочы гарэлі. Толькі сціснутыя губы дрыжалі. Прынцэса Тэбаб сперазала яго яшчэ раз.
Ён працаваў без перапынкаў паўгадзіны, быццам яму ішло пра важную трэніроўку, а не пра вусцішную забаву. Нарэшце задыхаўся. Пахіснуўся. На твары выступіў пот. З цяжкасцю вымавіў:
— Галава пайшла... Можна дух перавесці?
Яна зірнула на гадзіннік і адказала, дзелавіта і коратка:
— Не, яшчэ чвэрць гадзіны паскачаш.
Музыка зайграла зноў, Джульета зноў асатанела запляскала ў далоні, а ён яшчэ раз паспрабаваў адбіць складаны стэп. Але змардаваныя ногі ў какетлівых паўчаравічках і шкарпэтачках адмовіліся служыць. Гендрык нейкую секунду павагаўся, потым стаў. Спацелай рукой ацёр пот з лоба.
— Што яшчэ за штукі? — рыкнула яна. — Канчаць без дазволу? Гэта нешта новенькае, нешта файнае — мyжчына мне!
І яна прыцэлілася плёткаю проста ў твар; дзякаваць, ён паспеў у час нагнуцца, ухіліцца ад гэтага страшнага ўдару. Явіцца ўвечары ў тэатр з крывавым шнарам ад лоба да падбародка — гэта ўжо было б занадта. Нягледзячы на сваю адключанасць, яму было ясна, што гэтага ён сабе дазволіць не можа.
— Годзе! — коратка сказаў. І ўжо адварочваючыся ад яе, дадаў: — На сёння годзе!
Яна зразyмела, што гэтым разам ён не жартуе. Не адказваючы, з палёгкай уздыхнуўшы, яна паглядзела, як ён надзявае спальны халат на мяккай подшыўцы, шаўковы, чырвоны, дзіравы, як кладзецца на софу.
Софа, якая на ноч ператваралася ў пасцель, удзень была накрытая пледам і каляровымі падушкамі. Каля канапы стаяла лямпа на круглым нізкім століку.
— Выключы гэта яркае святло! — напеўна, пакутліва-меладычным голасам папрасіў Гендрык. — І ходзь да мяне, Джульета!
Яна ішла ў ружовым мораку. Калі спынілася каля яго, ён ціха ўздыхнуў:
— Як добра!
— Табе спадабалася? — даволі суха спыталася яна. Закурыла цыгарэту, падала яму запальнічку. Ён карыстаўся доўгім, ардынарным муштуком — дарункам Рахэлі Морэнвіц.
— Я ператаміўся, — сказаў. І на яго бледным твары паявілася дабрадушлівая, поўная разумеласці ўсмешка.
— Гэта добра, — сказала яна, нахіляючыся да яго.
Ён паклаў свае шырокія, бледныя з рыжымі валаскамі рукі на яе прыгожыя, бліскучыя ў чорным шоўку калені. Сказаў замроена:
— Як брыдка глядзець на мае агідныя рукі на тваіх цудоўных нагах, каханая!
— А на табе ўсё брыдкае, парсючок ты мой, — галава, ногі, рукі, ну ўсім-усё! — з бурклівай пяшчотай запэўніла яна яго.
І прылегла каля. Шэры футраны жакецік зняла. Пад ім яна насіла кароткі, падобны на кашулю сачык з бліскучага, у чырвоную і чорную клетку шоўку.
Читать дальше