І зноў восень. Зноў гімназія. Зноў зіма з заснежанымі вербамі над Віліяй, з пахам бярозавых паленняў. Толькі цяпер Алесь жыў з Кірдуном і Логвінам. Было б зусім дрэнна, каб не "Братэрства чартапалоху і шыпшыны" ды не рэдкія, вельмі рэдкія, лісты ад Кастуся і яшчэ радзейшыя, стрыманыя і сухаватыя, цыдулкі ад Майкі. Улетку амаль не бачыліся: Раўбіч павёз дачку на кіслыя воды. А разлука і не ў такіх гадах рэдка вядзе да лепшага. Забываеш голас, жэсты, рысы і, урэшце, нават тое, што лепш за ўсё кажа аб сяброўстве: непадробленае адчуванне ўсяго чалавека побач з сабою. У яе, вядома, новыя знаёмыя, новыя людзі вакол, новыя думкі.
Гэта было балюча.
А потым зноў прыйшла вясна. Асеў наздраваты снег. Дзівосна сінела над горадам чысценькае, з рэдкімі імклівымі аблокамі неба. Аблокі імчаліся з-за гары, з-за кароткай, нібы назнарок абсечанай зверху, Гедымінавай вежы: два паверхі, на якіх прымасціўся і недарэчна, як жук-плывунец, махаў у паветры лапкамі аптычны тэлеграф. Перадаваў дрэнныя весткі. Увесь сакавік і ўвесь май цягнулася ўраганная бамбардзіроўка Севастопаля, не хапала зброі, гарнізон абяссілеў і трымаўся ледзь толькі не на цвёрдых людскіх душах — без дапамогі, без умацаванняў, без правіянту, без абозаў.
І яшчэ аб тым, што загінулі Істомін і Нахімаў, што ўлада над людзьмі ў руках тых, якія няздольны кіраваць нават сабой.
Усё часцей ля вітрын, дзе вывешвалі лісты-паведамленні з тэатра вайны, можна было пачуць хмурнае:
— Начальнічкі, трасца ім…
Галоўнага, на галаву якога трэба было клікаць трасцу, ужо не было. Бомбы падалі на дамы Севастопаля, магілы тысяч простых шчасцяў. Бомбы — увесь сакавік і май! — ірвалі паверхню бухты, магілу флоту. Але нават водгуле іх не даляцела да сабора ў далёкім паўночным горадзе, дзе ляжаў у магіле труп чалавека з грэнадзёрскім ростам і розумам абозніка.
…Настаўнік Гедымін пасля жалобнага набажэнства сабраў гімназістаў у вялікай халоднай аўле і доўгі час маўчаў, гладзячы свае бакенбарды. З разрэзу фалдаў форменнага сурдута тырчаў насавічок, які ён палічыў за лепшае выцягнуць загадзя, яшчэ перад пачаткам прамовы.
— Плакаць будзе зараз… Свідрыгайла, — як заўсёды, занадта голасна сказаў няўважлівы Грыма.
Бліжэйшыя шэрагі грымнулі смехам. І гэта было добра, бо заглушала сэнс Грымавых слоў. Гедыміна клікалі Свідрыгайлам за з'едлівасць і дробную зваднасць. Ці не зашмат гонару яму было ў ягоным сапраўдным прозвішчы. Сёй-той казаў, што і Свідрыгайлы яму замнога: крамольны князь меў хаця ўласную думку і не баяўся змагацца за яе, а гэты быў вернападданы з вернападданых і вечна ганарыўся тым, што ён "ісцінна рускі і ўсіх гэтых палячкоў, хахлоў-задрыпанцаў, жабнікаў, кілбаснікаў, жыдоў і іншых іншародцаў цярпець не можа".
— Зноў Грыма?! — пагрозліва спытаў Гедымін.
І тады, разумеючы, што ў такі момант гнеў гэтай падлы можа каштаваць Усяславу тройкі за паводзіны, Пятрок Ясюкевіч узвысіў свой мілагучны, бы музычная скрынка зайграла, голас:
— Прабачце, пане настаўнік. Гэта я.
— Што такое? — бледна-блакітныя вочы Гедыміна дапытліва глядзелі ў нявінныя, шчырыя вочы Петрака.
Вочы ў Ясюкевіча не ўмелі хлусіць. Як бы ён ні сваволіў, яны былі простыя і сумленныя, гэтыя вочы. Такому хлопчыку магла б паверыць і пусціць яго ў дом нават самая багатая з касцельных дэвотак.
— Ну? — трохі больш мякка сказаў Гедымін.
— Я выпадкова наступіў яму на мазоль, — сказаў Ясюкевіч.
— Што ён сказаў?
— Плакаць будзеш зараз… Нядбайла, — аддана і проста сказаў Пятрок.
— Д-добра, — памякчэў Гедымін. — Маеце шчасце, Грыма.
Падумаў.
— А за тое, што ўжываеце мужыцкую гаворку — будзеце мець клопат, Ясюкевіч. Пяцьсот разоў перапішаце гэта па-французску, руску і нямецку.
— Па сто шэсцьдзесят шэсць і дзве трэці раза на кожнай мове, — прыкінуўшы, шэптам сказаў Мацей Біскуповіч. — Як з двума трэцямі быць, га?
— Дзякуй, Пятрок, — на гэты раз шэптам сказаў Грыма. — Танна вылез.
Сашка Волгін, Алесеў цёзка, падміргнуў Грыму:
— Нішто. Выручым.
Сашка вызначаўся з усіх фенаменальнай здольнасцю падрабляць руку кожнага чалавека так, што той і сам не адрозніў бы.
— Гімназісты славутай нашай гімназіі, — ціхім і прачулым голасам, які аж дрыжаў ад хвалявання, пачаў Гедымін. — Вялікае гора напаткала нашу краіну. У бозе пачыў наш імператар, наш палкаводзец, гаспадар рускай зямлі, Мікалай Паўлавіч, чалавек вялікай духоўнай моцы, дабрадзей усяго нашага народа, зіждзіцель светлага храма нашай будучыні і, пакуль што, самая светлая асоба нашай гісторыі пасля Пятра Вялікага.
Читать дальше