За вокнамі курыльні хвастаў чорны лістападаўскі дождж. У доме Сашальскіх на Ліцейным праспекце, чакаючы, пакуль сыдуцца госці, сядзелі людзі, што сабраліся раней, каб паспець пагутарыць. У кутку, ля чэзлага — адна назва, што агонь! — пецярбургскага каміна сядзелі Зыгмунт Серакоўскі, Ямант, Валеры Урублеўскі і Хвэлька Зянковіч, усе курцы. Іх усеагульным плебісцытам пагналі да агню, каб адцягвала дым. Кастусь дамогся. Па-першае, "спявак" Эдмунд Вярыга цярпець не мог шкоднага дыму. Па-другое, Віктара нядаўна прымусілі кінуць курыць. Ён ужо ведаў аб сваёй хваробе. Алесь увесь час клікаў яго да сябе, знайшоў братам кватэру ў Пецярбургскай часці, у доме нумар шаснаццаць па Вялікай Пасадскай (два цёплыя і сухія пакоі), і маліў, каб браў грошы, бо тут, пры сур'ёзнасці справы, зусім ужо не да гонару.
Віктар згадзіўся і часам браў дапамогу. Затое Кастусь з самай гэтай хвіліны не згаджаўся браць ані капейкі. Аднойчы праз гэта сябры пасварыліся і нават месяц не размаўлялі ні аб чым, акрамя справы.
Алесь з тым самым велічэзным сорамам за сваё багацце прапанаваў Віктару грошы, каб той паехаў куды-небудзь лячыцца. Той адмовіўся, спаслаўшыся на тэрміновую работу для віленскай археаграфічнай камісіі (ён сапраўды працаваў для Кіркора і Маліноўскага і не лічыў магчымым кінуць без дапамогі, і нібы без вачэй, сляпога гісторыка). Алесь сказаў, што Віктар падарве-такі свае сілы. Віктар адказаў, уто гэтая работа дасць яму грошы, каб паехаць, а не, дык проста каб жыць. Браць жа ў сябра, не спадзеючыся аддаць, ён не можа сабе дазволіць. Алесь крычаў на яго, што ён ёлуп, што ніхто яму не прапануе дарагой Італіі, што паездка звычайным парусным суднам у Егіпет або на Мадэйру каштуе, як усякі водны шлях, не дорага і гэта можна сабе дазволіць.
Ад злосці на легкаважнасць Віктара ледзь не паліліся з вачэй слёзы. Віктар паглядзеў на Алеся, раптам пасур'ёзнеў і сказаў, што калі бліжэйшыя некалькі месяцаў не прынясуць палёгкі — ён паспрабуе скарыстаць Алесеву прапанову.
Але лягчэй відавочна не рабілася, і Алесь злаваўся на Віктара і на сябе, што не здолеў адразу зламаць супраціўленне гісторыка.
Віктар з Эдмундам Вярыгам і Кастусём сядзелі ля дзвярэй пры цёплай грубцы. Гаварылі вельмі ціха аб неафітах, нядаўна прынятых у "Агул". Колькасць людзей узрастала, і нават на месцах, у Літве і Беларусі, не кажучы пра Польшчу, узнікла сетка залежных арганізацый. Нядаўна на пасяджэнні вырашылі, што пасля універсітэта і інстытутаў большая частка моладзі, у мэтах агітацыі, раз'едзецца на пасады настаўнікаў, пасрэднікаў, пісараў, выхавацеляў у дваранскіх дамах. Нельга ўжо было абмяжоўвацца работай сярод інтэлігенцыі.
— Што ў цябе? — пытаў Кастусь.
— Дваццаць пяць новых, — казаў Вярыга. — Свежаспечаных. Дзіва, кумок, а не хлопцы. Усе чырвоныя.
— Бяда пафарбавала, — кашлянуў Віктар. — Як, ты скажы, ракаў. Дык я запісваю, Эдмунд… А ў цябе, Кастусь?
— Малавата. Дзесяць чалавек.
— Хто? — пісаў Віктар. — Запісваць іх як распарадчыкаў сталоўкі для бедных?
— Давай так. Пішы: Сапоцька Пятро — студэнт, Янус Ахілес — студэнт, Дыміна Ціхон — семінарыст, Дашкевіч Кандрат і Зэмбоўскі Стэфан — студэнты. Здановіч Ігнацы — студэнт…
— Вільнянін?
— Ага.
— Сям'я неблагая… але спалоханая. А сын нішто хлопец… Дрэна, што бацька супраць. І яшчэ, што ў Вільні сёе-тое пра нас ведаюць. Нават асабіста пра нас з табою, Віктар. Папярэджваюць дзяцей: вар'яты, Рабесп'еры, карбанарыі…
— Нічога, — сказаў Віктар. — Ведаюць і ведаюць. Нашы людзі не даносчыкі.
— І ўсё ж трэба больш сцерагчыся.
— Згода. Будзем.
За спіною Серакоўскага сядзелі яшчэ два чалавекі. Ніжэйшы, даволі невыразны з твару, але разумны, калі меркаваць па вачах, чалавек адганяў дым цыгары рукой. Другі, з жарсткаватым абліччам, нервова шаптаў на вуха Зыгмунту: ці абураўся нечым, ці спрачаўся. Гэта былі члены верхняй рады арганізацыі, удзельнікі "літаратурных вечароў" — Аскар Авейдэ і Стэфан Баброўскі [32] Будучыя дзеячы паўстання ў Польшчы ў 186З г.
.
Алесь знаў іх значна горш за астатніх і Авейдэ недалюбліваў. Сам не ведаючы, з якой прычыны.
А Баброўскі чамусьці вылучаў яго, Алеся. Усміхаўся пры сустрэчы, моцна паціскаў руку, затрымліваў паразмаўляць, і адразу відаць было, што размова яму прыемная. Вось цяпер ён раз-пораз паказваў Зыгмунту вачыма на Алеся. І Зыгмунт, сустракаючыся з вачыма Загорскага, смяяўся беласнежнымі зубамі.
— Ідэя паўстання і ўскраіны, — часам далятала да Алеся. — Варшава, па-мойму, вельмі памыляецца тут… Трэба спытаць у хлопцаў… Хоць бы ў яго ці ў Віктара.
Читать дальше