Алесь маўчаў.
— Нашто? Ці добра гэта? І нашто ўскладняць і без таго складанае жыццё?
Малады, відаць, дадумаўся да чагосьці. Упарта сказаў:
— Каб ён існаваў — ён не дозволіў бы такога здзеку з нас.
— …І, можа, таму, што ён ёсць, вы і вытрымалі дзевяцісотгадовую вайну супраць у тысячу разоў мацнейшых ворагаў?.. І склалі гэтыя дзівосныя балады. Магчыма, усё ад яго. Нават ваш богам дадзены талент, які можа натхняць і ратаваць.
— Не трэба так.
— І, магчыма, ён назнарок робіць такое з людзьмі, каб спадзяваліся толькі на свае сілы. Таму што бог, лёс — як хочаце яго называйце — любіць моцных і трывалых людзей.
— То значыць, яны самі робяць сябе трывалымі? Самі?
— Хлопча, без бога, няхай нават безнадейнага, чалавек не мае падтрымкі ў сабе. Гэта падобна на ерась, ведаю: бог, на якога нельга спадзявацца, якога трэба бараніць. Але людзі трымаюць бога ў сабе, каб быць моцнымі… І найлепшы доказ — гэта тое, што вы выжылі, што гэта — дзіва, што не можа быць такой велічы без бога ў душы, — паклаў руку на плячук Алеся. — Найлепшы доказ — бог у вашым сэрцы.
…Алесь страпянуўся. Што гэта, задрамаў? Iрваны гук званочкаў. Нетры i снег. I ў гэтай безнадзейнасцi чалавек ганарыцца сабою, маленькая мушка ў снягах. I вось конь, мудры конь песнi, адказвае седаку:
Ой, цяжкі мне, цяжкі
Частыя дорожкі,
Частыя дарожкі,
Густыя карчомкі.
Жывая песня ў мёртвых снягах. Маленькае сэрца не звяртае ўвагі, што вялікае вось-вось разарвецца. Не звяртаючы ўвагі на сусвет, на тое, што будзе заўтра, на мяжу пазнання, на зорныя астравы, мудра і мужна льецца песня…
Ты ж мяне паставіш
Сыру зямлю біці,
А сам, молад, пойдзеш
Гарэлачку піці.
І ў гэтым вышэйшая мудрасць, але таксама і штосьці прынізлівае.
Ён думаў аб гэтым вялікім уніжэнні. І ў душы нарастала пагарда да сваёй слабасці, злосць на сваю слепату і тамленне.
А ў снягах бязлітаснай зімы мужна змагалася з марозам малюсенькая жывая крынічка песні:
Ты ж мяне паставіш
У снезе па вушкі,
А сам, молад, пойдзеш
К шыкарцы ў падушкі.
І пад гэтую песню ён непрыкметна задрамаў… Пагойдваючыся, ляцеў пад гукі ўрывістай дзіўнай музыкі некуда ў бездані вялікага сэрца. Насустрач таму, што чакала.
…Ён сніў сон, у якім бачыў бога. Ён быў дзівосны, таму што яго нельга было бачыць, і ніхто ў свеце не бачыў яго, і толькі пачуццё таго, што ён побач, давала ўпэўненасць у тым, што ты бачыш яго… Не было пустаты ў душы, было разуменне ўсяго на зямлі на адно кароткае імгненне, і жах, што аддалішся і зноў страціш усё.
Бог быў не чалавек, і не жывёла, і не пульсуючае сэрца зорных астравоў, і не трава, і не каласы на нівах, і не слуп святла, а ўсё святло, і белы мокры конь, і чырвоная квецень дзічкі, і адначасова — нішто.
…З глыбінь, куды ляцела, падаючы, душа, нарастоў нізкі, на мяжа слыху, гук, які запаланяў усё. Сусвет крычаў.
Калі Алесь прачнуўся, кібітка стаяла ля сходаў вежынскага палаца. Ён адкінуў вільчуру, выскачыў на снег і цераз тры прыступкі пабег да ўвахода, поўны трывогі і чакання.
…Дзед сядзеў ля каміна. На століку, як заўсёды, бутэлька віна і келіх. На каленях папка з гравюрамі.
Узняў на ўнука вочы. Сінія, трохі пабляклыя. І… не здзівіўся, убачыўшы румяныя шчокі, усмешку, кропелькі вады ў валасах. Толькі трохі здрыгануліся чорныя бровы.
— Ты? — сказаў Вежа. — Чаго гэта ўзімку? Такая завіруха. Суму не хапае?
І падставіў для пацалунка пергаментна-смуглую голеную шчаку.
Нібы нічога не было. Нібы з Загоршчыны прыехаў.
— А казаў… некалькі год.
— Абставіны змяніліся. Буду ездзіць часта.
— Я ж казаў. Леціцё з гнязда, я навекі. А ў свеце — вецер.
— Загадайце дастаць з кібіткі. Я там падарункі прывёз.
— Глупства, — разгублена сказаў дзед. — І не трэба было зусім. Вялікі горад. А маладосць гэта тое самае, што мантацтва. Лепей бы ўзяў Кастуся да дзяўчат… гэтых вашых… Ну, як іх?.. Новае слова.
Вусны дзеда іранічна крывіліся.
— Ага… нігілістак. Стрыжаных ды ў акулярах, крый нас ад такой бяды, божа.
— І што?
— І паезаў бы з імі да Барэля [31] Гаспадар аднаго з лепшых рэстаранаў у Пецярбургу.
.
— Дзядунь, вы адкуль ведаеце?
— Ты што — лічыш, мы тут сякерай голімся? — І забурчаў: — У наш час жанчыны — гэта ж царыцы былі, каралевы. Ідзе — сляпыя за ёй галовы паварочваюць, так ззяе. Са смяротнага ложа чалавек устае, каб хоць крок за такой зрабіць… А цяпер!.. Нігісісткі, трыбушысткі, матэрыялісткі. Жывёльны магнетызм, рэфлексы, палавое пытанне.
Читать дальше