— Ты глядзі, — сказаў Мсціслаў, — за гэткія ерэтычныя забабоны атрымаеце вы ад папа.
Ягоныя вочы смяяліся, і ў тон яму Андрэй сказаў:
— І няхай. Усё адно падаюць. Сачы, Алесь, можа, якога за хвост ухопіш.
— А ў яго хаданская мыза, — сказаў Мсцiслаў.
У Кандрата захадзілі жаўлакі на шчоках.
— Тады мы ўжо табе, Алеська, дапаможам. Ты яго толькi ў хмызы з Мсцiславам завалачы… каб начальства нас не бачыла. А там мы яго, каб вам рукi не пэцкаць, асвенцiм.
Зоры віселі над галавою. Прыціхлі дрэвы. З цвінтара спускалася рознакаляровая стужка людзей. Нібы з расплаўленага металу, цяклі і зіхацелі і пераліваліся рызы папоў. Ззяла на золаце крыжоў чырвонае зарыва ад соцень свечак. І над усім гэтым густа плыў бас дыякана:
— "Уваскрэсенне твае, Хрысце спасе, ангелi пяюць на небясех: i нас на зямлi спадобi чыстым сэрцам цябе славiцi".
Пад зоркамi мiж снежных бяроз, якiя сталi цяпер аранжавыя знiзу, плыло, агiнаючы царкву, шэсце: нiбы нехта павольна рассыпаў чырвоны мiгатлiвы жар.
Алесь зноў убачыў дзяўчыну ў сiняй з золатам хусце. Яна нiбы iмкнулася да агнёў, як сiнi i залаты сумны махаон. I раптам у яго адлягло ад сэрца: не магло здарыцца нiчога дрэннага, пакуль на зямлi iснавала надзея.
— Раўбічы, — голас Мсціслава ўпаў.
І адразу ўпала Алесева сэрца. Ён убачыў.
…Пан Яраш з Эвелiнай, Франсам, Стасем i Юллянам Раткевiчам iшлi паперадзе. Моцная Ярашава рука сцiскала свечку, змрочныя вочы глядзелi паўзверх галоў: ён, вiдавочна, думаў пра iншае. I такi ён быў моцны сярод гэтага натоўпу, i так клалiся на яго аблiчча i аблiччы суседзяў, на блiскучы жалезны бранзалет мяккае святло i змрок, што Алесь раптоўна здрыгануўся ад замiлавання да яго i да ўсёй гэтай сям'i.
Набліжалася Майка. Свечка ў тонкай руцэ злёгку нахілена — аплывае жаўтаваты воск. Вочы, як у бацькі, глядзяць паўзверх галоў, ці на белыя, як яе рукі, галіны бяроз, ці на агеньчыкі зор.
Маленькі рот зараз зусім не ганарысты, а добры і ласкавы.
"Майка. Майка. Майка".
Мінаюць. Зараз спыніць нязручна. Побач з ёю Стах. (Алесь не ведаў, што Стах узрадаваўся б.) Пераліваецца кранутая сям-там срэбрам белая кашміровая сукня.
— Шэсце жон-міраносіц, — сказаў ціха Кандрат.
І, забыўшыся, падтрымаў блюзнерства непапраўны Мсціслаў. Склаў бондачкай вусны і сказаў тонам старой ханжы-дзеўкі:
— Лідуша надзела парфірную сукню і пайшла ў царкву… Меланхолія!
І, сустрэўшы вочы Алеся, раптам зніякавеў:
— О… даруй, мілы!
Андрэй моцна схапіў Кандрата за плячо і павёў трохі далей.
— Патаўпешка, — сінія Андрэевы вочы звузіліся. — Дурное сяло. Ты што, не бачыш?
Яны спыніліся наводдаль. Кандрат пад позіркам брата апусціў галаву.
— Бачу, — нечакана сур'ёзна, з горыччу сказаў ён. — Не падабаецца мне гэта. Улюбіўся як чорт у сухую грушу.
— Не твая справа, — ціха сказаў Андрэй.
І раптам Кандрат ударыў нагою бярозавы ствол:
— Чорт. Ну, будзе яна яшчэ здзекавацца — спалю Раўбічы… Корчака знайду, і разам спалім.
— Тфу, — сказаў Андрэй, — дурны ты.
— А што?
— Каб усе хаты дзяўчатам палілі, калі тыя здзекуюцца… Гэта ж страшна падумаць, што было б… Па ўсёй зямлі попел з ветрам гуляў бы.
…Шэсце тым часам трэці раз абыходзіла царкву. Жаўцелі бясконцыя агеньчыкі, ліліся парча і буркацель, звінелі галасы.
Вось ідзе пан Яраш. Ідуць іншыя. Але нашто глядзець на іх, калі вось плыве за імі… Трохі адстала ад усіх. Ідзе. Попельныя, з няўлоўным залацістым адценнем валасы. Пад матавай скурай на шчоках глыбінны празрысты румянец. Добры рот і вочы, якія глядзяць на бярозы, на шапкі граковых гнёздаў, на цёплыя льдзінкі зор.
Мсціслаў прымусіў Алеся адступіць са сцежкі, а сам зрабіў крок наперад.
— Міхаліна, хадзіце сюды.
Рука ў руцэ, некалькі непаразумелых крокаў па сцежцы… І вось яна ўжо тут, а Мсціслаў знік у натоўпе.
Яны стаялi i глядзелi адно на аднаго. Вычварна зламаныя бровы Майкi на хвiлiну вiнавата апусцiлiся.
І яшчэ — ён мог бы паклясціся — у гэтых вялізных вачах на хвіліну прамільгнула радасць, тая, якую не схаваеш, якой не падробіш.
— Майка, — сказаў ён, — Майка. — І дадаў, амаль уладна: — Калі можаш, вер мне.
Яна глядзела на яго змярцвелае аблічча і глыбокія вочы… Гэтыя вочы глядзелі так, што ў душы з'явілася падазрэнне, якое адразу перарасло ва ўпэўненасць: не вінаваты. Няўжо не вінаваты? Пэўна ж не вінаваты. Мсціслаў меў рацыю. Як яна магла нават падумаць, што ён мог быць вінаваты?! Найлепшы, чысты, сапраўдны, той, якога хацелася вечна бачыць, якому заўсёды хацелася пакласці на грудзі сваю галаву, забыцца, адчуць сябе слабай.
Читать дальше