— Ну, вось і далучайся на злом галавы. Ах, не да часу! Ах, д'ябал! Хто там у іх ядро? — кінуў Алесь.
— Корчакавы хлопцы. Усе ўзброеныя. А за імі — натоўп.
— Ёлуп хвашчоўскі твой Корчак, — раззлаваўся Алесь. — Ён нападзе ды ў пушчу пойдзе, а людзям потым што рабіць? Узрадаваўся, пачаў.
— З Корчакам ідуць блізнюкі Кандрат і Андрэй. Бацька Кагут, як дачуўся, кінуўся за імі, каб затрымаць.
— Разумнейшы, значыцца.
Нешта трэба рабіць. Неяк трэба ўтрымаць людзей ад крыві, абараніць ад бізуноў, знявагі, смерці. Пяць вёсак супраць імперыі! Лухта якая. То асцярожныя занадта, а то… Не, гэта трэба спыніць. Хай устаюць потым, калі ўстануць усе, калі возьмуцца за зброю сябры.
— У Магілёў паедзеш, — сказаў Алесь. — Дашлеш грошы, а Ісленьеву перадасі вось гэта.
Ён хутка напісаў некалькі слоў.
— "Граф, — прачытаў Выбіцкі. — Корчак з людзьмі ідзе на Гарыпяцічы. Усімі сіламі паспрабую зрабіць так, каб не палілася кроў. Не хачу гэтага. Абяцайце мне словам двараніна, што даб'ецеся ў губернатара, каб не каралі нявінных вясковых жыхароў. Яны, напэўна, прыйдуць глядзець, але яны не вінаватыя. Ведаю з надзейных крыніц. Малю вас і сам зраблю ўсё".
Выбіцкі паківаў галавою і паклаў паперку на стол.
— Я не павязу ў Магілёў даносу, князь. Прыйдзе войска.
— Я не пасылаю даносаў, пан Адам, — жорстка сказаў Алесь. — Адпраўляю гэты ліст менавіта таму, што прыйдзе войска.
Н-не разумею.
— Войска прыйдзе з Сухадола, а не з Магілёва. І з войскам — Мусатаў. Людзей раздушаць яшчэ да таго, як з губерні прыйдзе адказ. І таму гэта не данос. Я не хачу, каб лютавалі над народам, і раблю спробу рэабілітаваць яго. Корчак пойдзе ў лес, а людзі, Выбіцкі? Няўжо вы думаеце, што слова найбагацейшага гаспадара ў абарону мужыкоў нічога не азначае?
— Ну?
— Ну і вось. Я не хачу, каб расстрэльвалі і хвасталі. Не хачу расправы. Паспрабую спыніць бойку. А Ісленьеў зробіць так, што расправа не будзе жорсткая.
— І гэта вас клікалі чырвоным?
— Я і ёсць чырвоны. Але я не хачу, каб чырвоныя перадчасна пралілі чырвоную кроў. Пе-рад-час-на.
Выбіцкі пачырванеў.
— Я завязу ліст, — сказаў ён. — Даруйце мне.
— Вельмі буду абавязаны, — сказаў Алесь. — Гэта вызваліць, магчыма, і маю шкуру.
Аконам хаваў у кішэнь пулярэс:
— А можа, не рызыкаваць?
— Не, — сказаў Алесь. — Спяшайцеся, Выбіцкі. Я паеду без зброі. І тыя і іншыя могуць зрабіць са мною, што хочуць.
Ён паспешліва збіраўся. Загадаў Логвіну асядлаць Ургу. Накінуў плашч. У саквы загадаў пакласці бінты, корпію і ёд.
Хвілін праз трыццаць пасля таго, як аконам вылецеў з двара, Алесь сышоў па сходах.
— Можа, трэба па дапамогу? — спытаў Халімон Кірдун.
— Не трэба. Бывай, Кірдун.
Ён крануў каня з двара, адчуваючы дзіўную звонкую пустату, якая поўніла ўсё цела. Так заўсёды бывала перад небяспекай: стан, падобны на захапленне ці на лёгкі хмель.
"Ах, коннічак ты мой на белым кані, — іранізаваў ён з сябе. — Ах, галава ты дурная. Бачыце, збавіцель".
Але не скакаць у Гарыпяцічы ён не мог.
Людзі ішлі ўжо вечар і ноч. Уначы — чырвона-чорныя, асветленыя зарывамі, удзень — нібыта звычайныя, толькі ў вачах як быццам аставаліся агонь і ноч.
Пачалося з таго, што ўстаўныя граматы прывезлі ў Браніборшчыну. Перавялі ў грошы аброк, расклалі ўстаўную суму на ўсе двары, палічылі, колькі пойдзе на кожную наступную дзесяціну зямлі. Паколькі кожная наступная каштавала танней — горш за ўсе давялося бедным, якія не маглі многа купіць.
Шасціпрацэнтавы гадавы ўзнос у выкуп быў такі — не асіліць.
Браніборцы падумалі крыху і самі сабе сказалі: канец. Лепей паншчына, лепей нясцерпнае рабства.
Здзіўляла жорсткасць царскай волі. Загорскі і Раўбіч, паны, вызвалілі сваіх больш выгадна. Спачатку думалі — падман, і вось табе на. Атрымалі! Алесь і пан Яраш адразу выйгралі ў вачах людзей.
А потым нехта пусціў чутку, што Раўбіч і Загорскі проста ведалі аб сапраўдным маніфесце і не палічылі за магчымае ісці супраць царскай волі. Нездарма князь у Мілым падчас чытання вачэй не мог узняць з сораму. Але супраць астатніх ісці, відаць, не рызыкнуў. Толькі што сам вырашыў не браць граху на душу, вызваліць "па-царску".
Мужыкі адмовіліся ад устаўных грамат. Аконам Браніборскага пачаў пагражаць. Людзі крычалі і стукалі кулакамі ў грудзі.
I тут з'явіўся Корчак з людзьмі. Глядзеў у натоўп шалёнымі чорнымі вачыма, гаварыў незразумелае:
— Не мог цар даць такую волю. Сапраўдная воля за сямю пячацямі. У ёй для ўсіх сыраядцаў смерць. Цар загадаў волю віламі браць. Ён за сваё жыццё баіцца. Але як пойдзеце паноў біць — узрадуецца ягоная душа.
Читать дальше