Тое, што ўпала, упала ў гербавай зале. Валуеў падышоў да дзвярэй і спыніўся, уражаны. Праз паркет бегла расколіна, выбітыя дубовыя планкі разляцеліся далёка па падлозе.
— Што такое? спытаў Валуеў.
Афіцэр глядзеў з жахам. На падлозе ля ягоных ног, туга абцягнутых бліскучымі ботамі, ляжаў разбіты ўшчэнт мінскі герб.
Але дзяжурны глядзеў не на герб. Валуеў прасачыў, куды глядзяць ягоныя вочы, і адчуў, як і ў яго пабеглі па спіне мурашкі.
Мінскі герб ударыўся аб падлогу так моцна, што ўпала карона з другога герба, які вісеў насупраць, на сцяне, дзе не было вокнаў.
Упала карона з дзяржаўнага герба.
Афіцэр умольна склаў рукі:
— Калі ласка… Калі ласка, нікому не кажыце. Божа, што ж рабіць? Такое злавеснае здарэнне! Давядзецца распусціць чутку, што ўпала толькі карона з мінскага.
— І я вам так раю, — з усмешкай сказаў Валуеў.
Яны глядзелі не пашчапаны паркет.
— А сёння яшчэ i гадавiна з дня смерцi Пятра Вялiкага, — сказаў афiцэр. — Божа мой, божа!
— Так, — сказаў Кастусь. — Розныя плёткі ходзяць аб гэтым падзенні. Вось яно, хлопчыкі, якая справа. А паколькі вызваленне, як кажуць, на носе, то нам трэба быць на месцах. Усім, акрамя мяне.
Хлопцы, чалавек пятнаццаць, і сярод іх Алесь, Мсціслаў, Ямант, Звяждоўскі, сядзелі ў пакойчыку непрытульнай пецярбургскай кватэры. За вокнамі была цёплая зіма, ішоў дождж са снегам.
— Кажуць, вось-вось накіруюцца па Маскоўскім гасцінцы да сарака генералаў світы і флігель-ад'ютантаў, — спакойна сказаў Звяждоўскі. Для назірання за ходам сялянскай справы. Буткоў надзяліў кожнага афіцыйным чамаданам з афіцыйным ключом і за пячацямі. У чамаданах павязуць новыя сялянскія палажэнні і здадуць губернатарам.
Звяждоўскі выглядаў у бліскучым штабным мундзіры вельмі эфектна.
— Што мы павінны рабіць? — спытаў Мсціслаў.
— З усіх сіл стрымліваць сялянскія выступленні, калі яны будуць, — змрочна сказаў Кастусь. Не час для крыві. Дый потым, якая з іх карысць, з разрозненых? Вось калі ўжо зальюць мужыкам сала за шкуру, як пачуюць на сваёй спіне, што яно такое, царская воля, тады будзем біць у набат.
— І ўсё ж шкада, што не пачалі раней рыхтавацца, — сказаў Алесь. — Зручны момант. І ў Варшаве закалат.
— Змялі яны варшаўскі закалат, — сказаў Ямант, — падманулі… Ну што ж, паедзем. Кіну універсітэт. Спашлюся на хворыя вочы.
— І ўсё ж пацерпім, хлопцы, — сказаў Кастусь. — А то атрымаецца няшчасце, як у бедных хлопцаў з гуртка Віткоўскага. Разагналі, арыштавалі. А праз гэта правалілася арганізацыя Віленскай гімназіі. Першы правал. Пяць месяцаў мінула, а ўспомню сэрца баліць. Хоць там астаўся, Алесь?
— Мала. Далеўскі Цітус, Багушэвіч Францішак, яшчэ некалькі чалавек ды мой брат. У глыбокае падполле пайшлі хлопцы. Бачыў я старэйшага Цітусавага брата, Францішка. Бядуе страшэнна. Ёсць і ў іх нелегальная арганізацыя, узначальваюць яе ён ды Гейштар Якуб, то Францішак кажа: як асірацелі яны без маладых.
— Ану іх да д'ябла! — сказаў Мсціслаў. — Смаркулі панскія, белая костка.
— Правільна, нечакана сказаў Звяждоўскі.
— Но-но, — сказаў Мсціслаў, — сам ці даўно белы быў.
— Ты ж мяне перавыхаваў, — засмяяўся Людвік.
— Ды ўжо, — буркнуў нехлямяжы Грыма, — ты, Людвік, раскажы, што чуў у палацы.
— Што ж, — Звяждоўскі думаў. — Прыемнага мала. Пойдуць на некаторыя ўступкі палякам і замажуць ім рот. Быў я ў вялікай княгіні Гелены Паўлаўны. Кола вузкае. Статс-сакратар Карніцкі, што прыехаў з Варшавы, міністр унутраных спраў Ланской, Валуеў, яшчэ некалькі чалавек. Уражанне: трохі спалоханыя людзі. Дый сапраўды, як не спалохацца. Не кажучы аб Польшчы, уся Літва і Беларусь служаць паніхіды па забітых. А ва ўладароў ніякага пачуцця маральнай сілы. Валуеў сказаў Карніцкаму, што тут адно войска не паможа. Далгарукаў кажа Валуеву: "On prend la chose trop légèrement chez nous”. Той яму: “Je tiens pour certain que la chose est trés grave". Князь толькі азірнуўся: “Chut! il n’en faut pas parler" [71] "У нас занадта лёгка глядзяць на гэтую справу". — "Я знаю напэўна, што становішча вельмі цяжкае". — "Т-с-с! Не трэба аб гэтым казаць" (франц.)
. А той: "Але чаму?"… Карніцкі прывёз ад намесніка ліст аб тым, што бараніць далей такі рэжым немагчыма і што трэба або зрабіць уступкі, або правіць царствам з дня ў дзень багнетамі і карцеччу.
— Цікава, — сказаў Кастусь.
— Але. Карніцкі кажа, што калі патрабаванні не будуць выкананы…
— Патрабаванні… — сказаў Біскуповіч. — Толькі агульная просьба звярнуць увагу на злашчасны стан Польшы.
Читать дальше