Першы мне трапіўся на вочы новаспечаны салага. Стрыжаны «пад Катоўскага», у новай вайсковай адзежы, якая тапырылася на ім лубам, ён, нібы каменны, стаяў ля сцяны калідора побач з тумбачкай і глядзеў на мяне, як пралетарый на буржуя – падазрона і сурова. Я зразумеў, што ён касцьмі ляжа, а чужынца не прапусціць. Пранізаўшы мяне пільным позіркам, ён ледзь-ледзь усміхнуўся пагардлівай усмешкай. Зразумела – на яго стрыжанай галаве пілотка з зоркай, на плячах пагоны, пояс з меднай бляхай, а на мне з вайсковай амуніцыі ўсяго бацькаў гузік ды скараходы. Толькі пляваў я на яго ўсмешку.
– Падпалкоўніку ад генерала!
Вось гэта я яго агрэў! Куды і важнасць падзелася, разгубіўся хлопец, не ведае, што рабіць, бо сам зялёны. Ён спачатку быў памкнуўся з маёй паперкай кудысьці бегчы, а потым схамянуўся і зноў да тумбачкі прырос, вярнуў мне яе назад. Можна падумаць, што ў той тумбачцы золата і яе нельга пакінуць без нагляду. Я хачу ісці ў дзверы, а ён мяне не пускае – стой. Ну і стаім адзін супраць аднаго, нібы казлы, сустрэўшыся на кладцы. Ён, бачыце, днявальны і пастаўлены тут, каб не пускаць пабочных асоб. Што гэта за чын такі, я дагэтуль і не чуў, але думаю, што невялікі. У мяне генеральская папера, і днявальны мне не перашкода: выбраў момант, калі ён даў зяўка, і – з калідора ў казарму.
Дык вось яна якая – гумно ў калгасе меншае! Справа і злева ўздоўж сцен з вялізнымі вокнамі даўжэзныя рады ложкаў. Між імі мітусіцца абмундзіраваны, стрыжаны народ – галовы, быццам качаны. Што робяць хлопцы, не разумею: ці то яны прыбіраюць, ці то сцелюць пасцелі. Адзін побач са мной, прыгнуўшыся да спінкі ложка, цэліцца, нібы з ружжа, і рукой махае то туды, то сюды, а іншыя па яго камандзе раўняюць спінкі ложкаў, каб было, быццам пад лінейку. Сярэдзіна казармы ложкамі не застаўлена – вуліца вуліцай. Па ёй туды-сюды шпацыруе афіцэр, назіраючы за хлапечай мітуснёй. Дзіўна мне, вясковаму, на ўсё гэта глядзець, хаця я па бацькавых расказах прыблізна так сабе казарму і ўяўляў.
Але вось афіцэр спыніўся. Высокі, крыху ў жываце паўнаваты – і пачаў на месцы ківацца. Заклаўшы вялікія пальцы рук за сваю папругу, ён то падымаецца на насках, то ападае на абцасы і ўсім тулавам хістаецца – наперад-назад, назад-наперад, – а сам арліным позіркам паглядае вакол сябе. Дык гэта ж і ёсць Маятнік – падпалкоўнік Асташэўскі.
I тут ужо я падлогі не пашкадаваў – не з далікатных клёпак – і добра такі тупнуў разы са тры, падыходзячы да яго. Памойму, падпалкоўнік вельмі здзівіўся майму нечаканаму з’яўленню, ён нават перастаў ківацца і здзіўлена спытаў:
– А гэта яшчэ што за з’яўленне Хрыста народу?
Я лыпаю вачыма, не магу даўмецца, якое дачыненне мае да мяне Хрыстос, а ўсім, хто гэта пачуў, смешна. Генеральскую паперку падпалкоўнік прачытаў уважліва, нават глянуў на адваротны чысты бок, ці не напісана і там чаго. А затым – мала мне было ў Баці – свой пачаў допыт:
– Як здаў геаметрыю?
– Чатыры, – буркнуў я пад нос.
– Не чую!
Мала таго, што Маятнік, дык ён яшчэ і глухі.
– Чатыр-ры! – бадзёра паўтарыў я яму.
– А фізіку? – не супакоіўся ён.
– А фізіку – на «пяць», – з годнасцю і з разлікам на яго недачуванне гучна адказаў я.
Чую, што паласкавеў:
– Глядзі, які Ньютан! Малайчына!
Думалася, што пасля гэтага ён адчэпіцца, не – зноў цягне жылы:
– А дыктант?
Памятаючы бацькоўскі наказ, да гэтага пытання я еў падпалкоўніка вачыма, так ужо глядзеў яму ў твар, як наш заўсёды галодны Жук на кавалак хлеба, адно хвастом не віляў, дык толькі таму, што ў мяне няма, а тут апусціў галаву і прашаптаў, ледзь сам сябе пачуў:
– Двойка.
Не, не такі ён ужо і глухі, пра двойку дык і шэпт пачуў. Яго нібы ўкусілі ці варам аблілі:
– Што? Двойка! Выганю!
З сёмага неба, на якім я ўжо быў пасля размовы пра фізіку, я паляцеў у апраметную. Уся казарма прыціхла, быццам у ёй не было ні душы. Няма чаго і казаць, што калі б было можна ў гэты момант мне куды-небудзь знікнуць, зашыцца ў якую-небудзь шчыліну ці вераб’ём выпырхнуць у фортку, то я не чакаў бы і хвіліны. Але я не мыш і не верабей – нікуды не зашыўся і не выпырхнуў, а стаю ёлупнем і, як гаворыцца, – ні мур-мур. Праўда, я не зусім гэтаму Маятніку веру, не такі я ўжо і прасцяк: калі сам генерал з маёй двойкай змірыўся, дык куды ён дзенецца – усяго падпалкоўнік.
Але ўсё адно страшна.
– Выганю! – грозна паўтарыў ён яшчэ раз мне ў макушку і больш спакойна дадаў: – Калі ў першай чвэрці не выправіш на чатыры. Будзеш потым хадзіць невукам па горадзе і чытаць шыльды па складах, дзярэўня-матухна.
Читать дальше