А наступнай раніцай Мах з Шэбеставай прыйшлі ў школу крыху раней, чым звычайна, і пагрукалі ў дзверы дырэктарскага кабінета; спадар дырэктар піў каву і чытаў газету, і калі ён убачыў сакваяж з вынаходкай інжынера Арышка, то вырачыў вочы і доўга не мог паверыць, што гэта не сон, а ачомаўшыся, адразу ж надзеў той апарат сабе на галаву, каб асабіста яго выпрабаваць, правадкі ён уставіў у газету, націснуў на кнопку, пачулася «бззз», і ўсе газетныя матэрыялы перакачавалі яму ў галаву: усе рэпартажы, артыкулы, спартовая рубрыка, лісты чытачоў і парады хатнім гаспадыням, уся тэлевізійная праграма, курсы валют і нават абвесткі — ад продажу ірландскіх сетэраў да куплі персідскіх кацянятаў; пасля гэтага спадар дырэктар склаў апарат у сакваяж, паклаў яго ў шафу і сказаў: «Мілыя дзеці, вы зрабілі вялікую справу для прагрэсу чалавецтва, бо з гэтага моманту ўжо не будзе ніякай цяжкасці ўвесці навучальны матэрыял у галаву любога вучня, з гэтага моманту нават самыя вялікія невукі за пяць хвілін змогуць ператварыцца ў адукаваных людзей, і ўсім настаўнікам настане рай на зямлі; заўтра ж я папрашу спадара міністра склікаць сусветную канферэнцыю педагогаў, на якой вырашыцца, ці будзе гэты апарат укаранёны ў школы ўсяго зямнога шара ўжо ў наступным годзе», — а потым яны ўсе ўтраіх пайшлі ў клас, бо ўжо празвінеў званок; у класе было надзіва ціха, Пажоўт з Горачкам гэтым разам не біліся, бо Пажоўт якраз пазычыў за бутэрброд у Горачка сшытак з песнямі гурта «Шалёныя алігатары» і разглядаў яго, спадар дырэктар іх пахваліў, а потым паведаміў класу, што ўжо ў наступным годзе, магчыма, вучобы не будзе, і ўсё дзякуючы Маху і Шэбеставай, якія адшукалі вынаходку інжынера Арышка, і цяпер той апарат ляжыць у яго ў кабінеце, але ўжо заўтра ён здасць яго ў адпаведную ўстанову, а Горачак нахіліўся да Пажоўта і сказаў яму зусім ціха: «Слухай, Пажоўт, пакуль не позна, давай выпрабуем гэтую штуковіну, і за паўгоддзе ніякіх двоек не будзе», — а Пажоўт кіўнуў галавой: «Ну канечне, давай зараз жа», — пасля чаго Горачак закрычаў: «Спадар дырэктар, Пажоўту блага, ён зараз страціць прытомнасць», — а дырэктар спалохаўся, што Пажоўт і праўда страціць прытомнасць, бо той жахліва засоп, язык у яго вылез з рота, а вочы закаціліся, і ён дазволіў Горачку адвесці свайго сябра на свежае паветра; аднак ледзь толькі яны апынуліся на калідоры, як памчалі напрасткі ў дырэктарскі кабінет, там узялі з шафы апарат інжынера Арышка, а Горачак выцягнуў падручнікі арыфметыкі і граматыкі, якія ў яго былі схаваныя за пазухай, але ж Пажоўт выцягнуў пазычаны ў сябра сшытак гурта «Шалёныя алігатары» і сказаў, што найперш ён хоча ведаць напамяць усе песні не горш за Горачка, а той пачаў на Пажоўта раўці, што першы па чарзе ён, бо гэта была ягоная ідэя, на што Пажоўт даў яму аплявуху, Горачак адказаў тым самым, і яны пачалі біцца за той апарат, як бараны, пакуль ён у іх не ўпаў на падлогу і не разбіўся ўшчэнт, прычым сталася гэта якраз у той момант, калі адчыніліся дзверы і на парозе з'явіўся бледны спадар дырэктар.
А калі потым Мах з Шэбеставай ішлі са школы, яны былі страшэнна расстроеныя, бо ведалі, што геніяльны апарат інжынера Арышка ўжо ніхто і ніколі не зможа сабраць наноў, а таму ніякага вялікага перавароту ў сістэме адукацыі не адбудзецца і дзеці па ўсім свеце надалей будуць вымушаны хадзіць у школу; і тады Мах сказаў: «Ведаеш, Шэбестава, мне так і хочацца расплакацца, як толькі я падумаю, што ўжо ў наступным годзе па свеце маглі б хадзіць толькі адукаваныя людзі, што любое немаўля з лёгкасцю магло б здаць выпускныя іспыты, і што ўсё гэта сапсавалі два такія ёлупні, як Горачак і Пажоўт».
Пераклад: Сяргей Сматрычэнка