— Што выхадзілі, хадакі? — спытаў ён у Ромкі бадзёрым такім голасам.
— Усё норм, — няпэўна адказаў Ромка і дадаў: — Усё будзе добра.
— Як яны вырашаць, так і будзе, — хмыкнуў Юрась і звярнуўся да Уладзі: — Слухай, юны Васерман, скажы мне па-сяброўску: колькі ў нашым горадзе народу і колькі было ў пачатку гэтага стагоддзя?
Уладзя раптам гучна і цяжка задыхаў. Ён зняў акуляры, зноў надзеў і нечакана выдаў:
— Я табе больш не сябра!
На твары Юрася застыла ўсмешка, ён з вышыні свайго росту глядзеў на маленькага Уладзю, а ўсмешка расцягвалася ў грэблівую грымасу.
— Ты што, з'еў дрэнь нейкую? Ці ад чытання энцыклапедый дах паехаў? Не ведаеш, так і скажы, вікіпедык.
Паважаныя чытачы!
З-за прыкрай недарэчнасці, выкліканай тэхнічным збоем, у папярэднім нумары «Маладосці» ў рамане была прапушчана частка тэксту. Яе кароткі змест такі: пасля таго, як Кір пабачыў на плячы Ядвісі радзімку ў выглядзе матылька, ён вырашыў запрасіць яе дадому. Адбываецца сустрэча, падчас якой Кір расказвае, што ў дзяцінстве ён, Уладзя і Юрась штогод адпачывалі ў адным летніку, а ў адзін год ля ручая, дзе бавілі час, вельмі моцна напалохалі дзяўчынку, кінуліся яе праганяць. Яна ўцякала ад іх, тады Кір і пабачыў на яе плячы ружовага матылька. Дзяўчынка звалілася з абрыву, моцна пабілася. Хлопчыкі спужаліся яе маці, якая ішла да капальні, і збеглі. Маці прынесла дзяўчынку ў летнік, адкуль яе забрала «хуткая». Хлопчыкі чакалі, што іх пазнае маці дзяўчынкі, хаваліся, але ўсё прайшло быццам бясследна для іх. Толькі Кіру пачаў сніцца матылёк. Ядвіся прызналася, што тады маці даведалася іх імёны і адкуль яны – важатыя расказалі, дзе бавіць час тройка сяброў. Ядвіся вельмі захварэла, не магла спаць, усё падала ў прорву, і яе бабульцы трэба было ведаць імёны віноўнікаў, каб адшаптаць унучку ад перапалоху. Цяпер Ядвіся сама выбрала школу , каб сустрэцца з імі і зразумець: чаму так жорстка абышліся з ёй тады невядомыя хлопчыкі, а галоўнае, якімі яны сталі? Але помсціць яна не будзе.
Ядвіся расказала Кіру гісторыю кахання сваёй маці да журналіста раённай газеты, пра апошнюю іх сустрэчу, якую мужчына не змог запомніць, бо быў напоены зеллем, якое прыгатавала бабуля. Ядвіся нарадзілася з вялікай радзімай плямкай як аплатай за вядзьмарства. Кір быў вельмі ўзрушаны пачутым: як жа так, мужчына недзе жыве і нават не ведае, што ў яго ёсць дачка. Ядвіся ж адказала, што яна не вінаваціць бацьку, не асуджае маці – такі лёс…
Кір не расказвае ні Юрасю, ні Уладзю пра тое, што тая маленькая дзяўчынка, якая па іх віне звалілася з абрыву і пабілася, – Ядвіся.
Юрась збіраўся павярнуцца, каб ісці, але голас Уладзі, настоены на адчаі і злосці, прымусіў яго (ды і нас з Ромкам) застыць на месцы:
— Я ведаю! Як ведаю і тое, што ты заходзіў на кухню ў кватэры Антося Сямёнавіча, там ты трымаў у руках запалкі, а пасля яны зніклі! Ведаю, сто разоў паказвалі ў фільмах пра жэрабя-фокус з дзвюма абламанымі запалкамі! Ведаю, што ты даўно вылічыў з матэматычнай дакладнасцю, як завесці Кіра, каб ён не кантраляваў сябе. Ты заўсёды падстаўляў яго! З таго самага разу, там, у летніку. Ты, а не Кір, закрычаў «Лаві яе!», ты першы пабег за дзяўчынкай! Ты затросся ад страху, ты гукнуў нам «Уцякайма!» і першым кінуўся бегчы прэч. А мы маглі б... мы павінны былі скочыць і дапамагчы той жанчыне, паднесці дзяўчынку. А мы ўцяклі! І ты тады абвінаваціў Кіра, што ён арганізаваў пагоню, што ён таўхануў дзяўчынку з кручы! І цяпер ты зноў падставіў Кіра. Ты данёс на яго Ядвісі! Ты мне больш не сябра! Не сябра, чуеш!
Юрась прымружыў вочы, твар яго згубіў чырвань. Ён не ўсміхаўся, разгубленасць у вачах спакваля знікла, там запалала хцівасць і пагарда. Ён хмыкнуў і кінуў грэбліва:
— Дзіцячы сад, малодшая група. Ідзіце на. — і пакрочыў па калідоры.
Зазвінеў званок. Мы скіравалі ў клас, не прамовіўшы ні слова. Сядзелі на ўроках, я кідаў іншы раз крадком позірк на Уладзю. Так, уразіла яго «прызнанне ў любові» да Юрася. Але я быў літаральна шакіраваны іншым: ён да гэтага часу памятае, перажывае і не можа дараваць сабе тую пагоню за аголенай дзяўчынкай. Мы хавалі адзін ад аднаго сваю віну. Што сніцца яму? Як яна бясконца падае з пясчанай кручы? Ці сам ён падае і яго нясе на тыя камяні?
Калі б я прамаўчаў, хіба б я мог цяпер уважацца ягоным сябрам? Таму і запытаўся, як выйшлі са школы: што яму снілася?
— Мне нічога не снілася... — выдыхнуў Уладзя, але я адчуў, што ён зараз падзеліцца са мной самым патаемным, самым балючым. І не памыліўся, ён працягнуў напаўголаса: — Мяне грызла.
Читать дальше