— Не чапай ты Уладзю! — пачаў крычаць і Юрась. — Нашы перакананні тады добрыя, калі яны для нас. калі яны нам патрэбныя! Дазваляюць неяк вылучыцца з натоўпу, быць у нечым іншымі. Калі нам зручна з імі, тады яны нечага вартыя. А калі вось так — цягаць пачнуць, яно табе трэба? Дзеля прынцыпу будзеш цішотку з анархіяй нацягваць?
— І буду!
Наступіла цішыня. Дзіўна, але Аліна Генадзьеўна за гэты час не прамовіла ні слова, яна нават не глядзела ні на каго з нас, піла сабе каву, як тут і не было ніякага крыку. І толькі цяпер адставіла кубачак і пачала:
— Гульня ці не гульня — гэта справа дзясятая. Каб вам больш не біцца ілбамі, скажу так: мы вырастаем такімі, у якія гульні гуляемся ў дзяцінстве, юнацтве. гульні — найважнейшая рэч у фарміраванні асобы. Вось што, сябры. Я вам не як маці, а як старэйшы таварыш кажу: далёка не ўчора былі складзены спісы ўсіх, хто ўваходзіць у нефармальныя групоўкі. Хай тое не будзе для вас сакрэтам і навіной. Актыўнасць балельшчыкаў і антыфа дасягнула крытычнага ўзроўню, значыць, будуць рэпрэсіі, каб утаймаваць энергію.
— А мы пры чым? — не мог астыць я.
— Кірыла, паўтаруся: любыя нефармальныя аб'яднанні на ўліку, — цярпліва супакойвала мяне Юрасёва маці. — Між анархістамі і антыфа, па сутнасці, ёсць вялікая ідэалагічная розніца? Ну, тэарэтыкі?
— Вялікай няма, — няўпэўнена падаў голас Уладзя, не ўздымаючы галавы. — Мы — супраць любога гвалту і ціску чалавека над чалавекам, антыфа — супраць гвалту і ціску дзяржавы ці чалавека над чалавекам з прычыны, якую ён атрымаў у спадчыну, ці з нараджэннем.
— Вось бачыце. Па вялікім рахунку, вы выступаеце супраць любой дзяржаўнай машыны, антыфа — супраць любой аўтарытарнай, бо ў аўтарытарызме ці, глядзім далей, у таталітарызме, абавязкова будуць ускосныя прыкметы таго, супраць чаго выступае антыфа, — Аліна Генадзьеўна зрабіла красамоўны жэст рукамі, маўляў, што і патрабавалася давесці.
— Але ж, Аліна Генадзьеўна, я вось гэтага не разумею, — ўрэшце адарваў свой позірк ад донца кубка Уладзя, выпрастаўся. — Там жа, на стадыёнах ці ў электронах, бойкі між антыфа і нацыкамі, ну, скінамі. Дык чаго душаць антыфа і анархістаў, а скінхедаў амаль не чапаюць? Як затрымаюць — дык антыфа.
— Во-во, і ў школе колькі пужалі гэтымі антыфа, а пра скінхедаў маўчаць. На сайты іх гляньце — там рэальна ўсё нацызмам тхне! Атрыбутыка, прыкіды, дый не хаваюць яны сваіх поглядаў. «Славяне — вышэй за ўсіх!» — гэта рэальны нацызм, хіба не? А кнігі вы бачылі? «Мы — арыі! Вытокі Русі. Першая энцыклапедыя вышэйшай расы» — не нацызм? — выбухнуў я, успомніўшы сваё балючае пытанне, якое, па шчырасці, ні перад кім і не агучваў.
— Добрае пытанне, — нечакана згадзілася маці Юрася. — Добрае. вы ж хлопцы разумныя, пашукайце самі адказ. У чым прынцыповая розніца між вамі і скінхедамі?
— Ну вы даяце, параўноўваеце нас. — загарачыўся я, усхваляваны яшчэ і тым, што маё пытанне апынулася раптам значным у вачах разумнай жанчыны.
— Не параўноўваю, а прапаную знайсці прынцыповую розніцу.
— Ідэя, канечне, — адказаў за мяне Уладзя, і я пабачыў, што і яго раней мучыла гэта пытанне: чаму да скінаў усе паблажлівыя? Не думаць жа пра тое, што ў нас шануюць нацысцкія ідэі і групоўкі!
— Ідэя — зразумела, —згодна кіўнула Аліна Генадзьеўна. — Яшчэ шукайце. Што характарызуе кожнае аб'яднанне? Што павінна быць ва ўсяго жывога для існавання?
— Ідэя і форма?
— Малайчына, Уладзя. Ідэя і форма. Дык вось, пра форму. Розніца між скінамі і антыфа ёсць? Карацей, каб не зацягваць час: анархісты, антыфа не маюць упарадкаванай структуры. Скіны — маюць. Жорсткая цэнтралізацыя, яўны лідар, падпарадкаванне ніжэйшых вышэйшым. Што гэта дае? Кіруемасць. Цяпер зразумела? Такая структура трымаецца ўжо не адно на ідэі, але на дысцыпліне, абавязках. І чым далей, тым больш ідэя як асноўны фактар аб'яднання адыходзіць на задні план. Ідэя можа цяпер эвалюцыяніраваць. І ў сваім развіцці стацца зусім іншай. Зразумела, куды я вяду?
— Хочаце сказаць, скінаў у нас асабліва не чапаюць, бо іх можна падпарадкаваць? — нясмела запытаўся Уладзя.
— Вядома ж, — запэўніла Аліна Генадзьеўна. — Яны найперш падпарадкоўваюцца не ідэі, а свайму кіраўніку. Ён — лідар, бог і герой. Сёння ён сказаў адно, заўтра праз пэўныя абставіны ён будзе казаць іншае, тое, што запатрабуецца. Таму і такое стаўленне. Хай гуляюцца дзецюкі і дзеткі, абы вялікай шкоды не рабілі. Такая структура, зразумела, не выхоўвае вальнадумцаў. Яна выхоўвае падпарадкаванне. А вось вашы — выхоўваюць. Вальнадумства і непадпарадкаванне. Таму. Таму, паважаныя, час ікс надышоў — унікніце непрыемнасцей. Прытрымайце пакуль у сябе свае погляды.
Читать дальше