- А што, стары, цi мы раней з табой не сустракалiся?
Джанатан заўсёды любiў пераўвасабляцца. Ён часта вечарамi разыгрываў сцэнкi на кухнi, калi мы жылi на зямлi. Ён мог зрабiць з сябе якое-небудзь страшыдла або сатварыць такое смяхоцце, што я, бывала, ажно заходзiўся ад смеху.
Але цяпер, тут, перад носам у Тэнджыла, гэта было ўжо занадта.
- Я ж таксама павiнен бачыць, што адбываецца, - прашаптаў ён мне.
Але хутка стала ўжо не да смеху, бо тое, што мы пачулi, было зусiм не смешнае.
Тэнджыл загадаў усiм мужчынам Далiны выстраiцца перад iм. Сваёй жорсткай рукой ён указваў на тых, хто будзе перавезены цераз раку ў Карманьяку. Я ведаў, што гэта значыць, - Джанатан расказваў. Нiводзiн з тых, на каго ўказаў Тэнджыл, нiколi не вернецца назад жывым. Усе гэтыя няшчасныя павiнны будуць цягаць вялiзныя камянi для непрыступнай крэпасцi, якую ён будаваў на вяршыне Старажытных Гор. I там, у гэтай крэпасцi, спадзяецца адседзецца жорсткi Тэнджыл гады i дзесяцiгоддзi, адчуваючы сябе ў бяспецы. Ужо шмат людзей пагналi будаваць гэту крэпасць, i працуюць яны там да знямогi. А калi ўжо людзi зусiм знясiлены...
- Тады iх атрымлiвае Катла, - сказаў Джанатан.
Пры слове "Катла" робiцца холадна ў гэты цёплы летнi дзень, хоць слова гэта пакуль што было для мяне жахлiвым найменнем i больш нiчым.
Пакуль Тэнджыл выбiраў людзей, на плошчы стаяла цiшыня, толькi маленькая птушка на вершалiне дрэва ценькала бесклапотна, не ведаючы, што рабiў Тэнджыл унiзе пад лiпамi.
Потым пачуўся плач. Як было балюча ад гэтага плачу - жанчын, якiя гублялi сваiх мужоў, дзяцей, якiя больш нiколi не ўбачаць сваiх бацькоў. Плакалi ўсе, я таксама.
Адзiн Тэнджыл не чуў плачу, ён узвышаўся на сваiм канi i ўсё ўказваў i ўказваў, i дарагi камень на яго пальцы паблiскваў кожны раз, калi ён асуджаў чарговую ахвяру на смерць. Гэта было жахлiва: Тэнджылаў палец мог асуджаць людзей на смерць.
Але адзiн з мужчын, на якога ён паказаў, пэўна, крануўся розумам, калi пачуў, як плачуць яго дзецi. Ён нечакана выйшаў са строю i кiнуўся да Тэнджыла.
- Тыран! - закрычаў ён. - Калi-небудзь памрэш i ты, не забывай пра гэта!
I плюнуў на Тэнджыла.
У Тэнджыла не здрыгануўся нi адзiн мускул. Ён толькi зрабiў жэст рукой, i салдат, што стаяў блiжэй, падняў свой меч. Я ўбачыў, як меч блiснуў на сонцы, але ў гэты час Джанатан схапiў мяне i прытулiў да грудзей, схаваўшы мой твар так, каб я нiчога не бачыў. Але я адчуваў i, магчыма, чуў рыданнi ў грудзях Джанатана, а калi мы iшлi дадому, ён плакаў, чаго раней нiколi з iм не было.
У гэты дзень у Далiне Дзiкай Ружы была жалоба. Гаравалi ўсе. Усе, акрамя Тэнджылавых салдат. Iм, наадварот, вельмi падабалася, калi Тэнджыл прыходзiў у Далiну i наладжваў iм свята. Не паспела кроў няшчаснага чалавека, якога забiлi на плошчы, высахнуць, як сюды была прывезена вялiзная бочка пiва, на вогнiшчах смажылiся свiныя тушы, i па ўсёй Далiне Дзiкай Ружы разносiлiся гэтыя пахi. Тэнджылавы людзi елi, пiлi i хвалiлi Тэнджыла.
- Але ж яны ядуць свiней Далiны Дзiкай Ружы, гэтыя бандыты, - сказаў Мацiяс, - i п'юць пiва Далiны Дзiкай Ружы.
Самога Тэнджыла на свяце не было. Закончыўшы адбор людзей, ён паехаў за раку.
- Цяпер ён, самазадаволены, мабыць, сядзiць у сваiм замку i думае, што ўсялiў жах у Далiну Дзiкай Ружы, - прамовiў Джанатан, калi мы прыйшлi дадому. - Мабыць, думае, што тут нiкога не засталося, акрамя запалоханых рабоў.
- Ды тут ён памыляецца, - сказаў Мацiяс. - Чаго ён не можа зразумець, гэты Тэнджыл, дык гэта тое, што ён нiколi не зможа скарыць людзей, якiя змагаюцца за сваю свабоду i трымаюцца разам, як робiм мы.
Мы прайшлi мiма маленькага дамка з яблынямi вакол.
- Тут жыў чалавек, якога сёння забiлi, - паказаў Мацiяс.
На прыступках ганка сядзела жанчына. Я бачыў яе на плошчы i помню, як яна закрычала, калi Тэнджыл паказаў на яе мужа. Цяпер у руках у яе былi ножны, i яна адразала свае доўгiя светлыя валасы.
- Што ты робiш, Антонiя? - гукнуў Мацiяс. - Навошта ты абразаеш свае валасы?
- Для цецiвы, - глуха адказала яна.
Жанчына нiчога больш не дадала, але я нiколi не забуду яе пагляд, з якiм яна гэта прамовiла.
У Далiне Дзiкай Ружы за многае каралi смерцю, як гаварыў мне Джанатан, але самым злосным злачынствам лiчылася нашэнне любой зброi, гэта было забаронена самым строгiм чынам.
Людзi Тэнджыла гойсалi паўсюдна, вышукваючы схаваныя лукi i стрэлы, мячы i шпагi. Але яны нiколi нiчога не маглi знайсцi. I ў той жа час не было нiводнага дома, нiводнага двара, дзе не была б схавана зброя цi яна не выраблялася б.
Нездарма Тэнджыл абяцаў ва ўзнагароду белых коней i таму, хто знойдзе патаемны склад зброi.
Читать дальше