Сцяпанаўна не ўмела ладзіць з сабакамі, не ведала, што такія, як Бім, разумеюць чалавека і без слоў, а тыя словы, якія ім вядомы, абазначаюць многае і адпаведны кожнаму выпадку. Ад дабраты свае яна сказала:
— Не хочаш кашы, пайдзі пашукай чаго-небудзь. Ты ж і траўку любіш. На сметніку, мабыць, нешта выбераш (не ведала яна, што Бім пра памыйкі і не ведаў). Ідзі пашукай.
Бім устаў, нават страпянуўся. Што такое «шукай»? Чаго шукаць? «Шукаць» абазначае: шукай схаваны кавалачак сыру, шукай дзічыну, шукай згубленую або схаваную рэч. «Шукай» — гэта загад, што шукаць — Бім здагадваецца ў кожным выпадку. Што ж шукаць цяпер?
Усё гэта ён сказаў Сцяпанаўне вачыма, хвастом, пераборам лап па падлозе, але яна нічагусенькі не зразумела, а паўтарыла:
— Ідзі гуляць. Шукай!
І Бім кінуўся ў дзверы. Як маланка пранёсся па прыступках з другога паверха, выскачыў на двор. Шукаць, шукаць гаспадара! Вось што шукаць — больш няма чаго: так ён зразумеў. Вось тут стаялі насілкі. Так, стаялі. Тут ужо ледзь-ледзь пахнуць сляды людзей у белых халатах. След аўтамабіля. Бім зрабіў круг, увайшоў у яго (так зрабіў бы самы бесталковы сабака), але зноў той самы след. Ён павёў па ім, выйшаў на вуліцу і адразу ж згубіў яго каля вугла: там уся дарога пахла гэтакаю ж самаю гумаю. Чалавечых слядоў ёсць многа і розных, а машынныя зліліся ў адзін і ўсе аднолькавыя. Але той, патрэбны яму след, пайшоў з двара туды, за вугал, значыць, і трэба — туды.
Бім прабег па адной вуліцы, па другой, вярнуўся да дома, аббегаў мясціны, дзе яны гулялі з гаспадаром, — няма і знаку нідзе і ніякага… Аднаго разу ён убачыў шапку ў клеткі, дагнаў таго чалавека — не, не ён. Прыгледзеўшыся ўважлівей, прыкмеціў, што ў клетчатых шапках ідзе многа людзей. Адкуль было ведаць, што тае восені прадавалі шапкі толькі ў клетачку і яны падабаліся ўсім. Дагэтуль ён такога не прыкмячаў, таму што сабакі заўсёды глядзяць і запамінаюць ніз чалавечага адзення. Гэта ў іх яшчэ воўчае, ад прыроды, ад многіх стагоддзяў. Вось так і ліса, калі паляўнічы стаў за густы куст, які закрывае яго толькі да пояса, не заўважае чалавека, калі той не паварушыцца або вецер не нанясе паху. Так што Бім зразумеў гэта як нейкую ісціну: паверсе няма чаго шукаць, бо галовы могуць быць аднолькавыя, падабраныя колерам адна да аднае, падобныя.
Дзень выпаў ясны. На некаторых вуліцах лісце ляжала суцэльным покрывам, на некаторых — мясцінамі, так што, каб трапіўся хоць знак гаспадаровага следу, Бім улавіў бы яго. Але — нідзе нічога.
Апаўдня Бім адчаіўся. І раптам на адным двары ён наткнуўся на след насілак: тут яны стаялі. А потым струмень гэтакага ж самага паху пацёк збоку. Бім пайшоў на яго, як па ўтоптанай сцяжынцы. Парогі пахлі людзьмі ў белых халатах. Бім падрапаў у дзверы. Адчыніла яму дзяўчына ў белым халаце і спужана адступілася. Але Бім прывітаў яе як толькі мог, пытаўся: «Ці няма тут гаспадара?»
— Ідзі, ідзі! — закрычала яна і зачыніла дзверы. Потым прыадчыніла і крыкнула: — Пятроў, прагані сабаку, а то мне шэф намыліць шыю, пачне распінацца: «Сабакарня, а не «хуткая дапамога»! Гані!
Ад гаража падышоў чалавек у чорным халаце, затупаў на Біма нагамі і зусім нязлосна закрычаў, быццам пад прымусам, ленавата:
— Ат я табе, стварэнне! Пайшоў! Пайшоў!
Нічога з гэтых слоў «шэф», «сабакарня», «гані», «мыліць шыю», «распінацца», а тым больш «хуткая дапамога», Бім не разумеў і нават ніколі чуць не чуў, але словы «ідзі» і «пайшоў» адпаведна інтанацыі і настрою ён зразумеў цудоўна. Тут Біма не падманеш. Ён крыху адбегся, сеў і глядзеў на дзверы. Каб людзі ведалі, чаго шукае Бім, яны дапамаглі б яму, хоць гаспадара сюды і не прывозілі, а адразу ў бальніцу. Але што рабіць, калі сабакі разумеюць людзей, а людзі не заўсёды разумеюць сабак і нават адзін аднаго. Дарэчы, Біму і такія глыбокія думкі былі недасяжны; незразумела было і тое, па якому такому праву яго не пускаюць у дзверы, за якія ён чэсна драпаў і за якімі, інакш і быць не магло, яго сябар.
Бім сядзеў ля бэзавага куста з паблеклым ужо лісцем да самага вечара. Прыязджалі машыны, з іх вылазілі людзі ў белых халатах і вялі каго-небудзь пад рукі або ішлі следам; зрэдку выносілі чалавека на насілках, тады Бім падыходзіў бліжэй, нюхаў, — не, не ён. Пад вечар сабаку заўважылі і другія. Нехта прынёс кавалачак каўбасы, — Бім не крануў! — нехта паспрабаваў узяцца за аброжак — Бім адбег; нават той самы дзядзька ў чорным халаце некалькі разоў праходзіў паўз яго, спыняўся і глядзеў на Біма са спачуваннем і не тупаў нагамі. Бім сядзеў, як статуэтка, і нікому нічога не гаварыў. Ён чакаў.
Читать дальше