— А, Бімка, Бімка. Цяжка табе? Вядома, цяжка. Трэба так, хлопчык. Трэба.
— Памятай, Іван Іванавіч, — сказаў Галоўны, — лягавага сабаку можна і загубіць воўкам — будзе баяцца лесу. Сабака — раб, воўк — звер вольны.
— Так-то яно так, але Біму чатыры гады — дарослы сабака, лесам не напужаеш. Затое ў лесе, дзе ваўкі, ён ужо не адыдзе ад цябе: наткнецца на след і скажа: «Ваўкі!»
— І то праўда: ваўкі ж легашоў грызуць, як куранят. А гэтага цяпер наўрад ці ўбяруць: не адыдзе ад нагі, калі пачуе.
— Вось бачыш! Толькі да года не трэба палохаць воўкам. А так — нічога не зробіш! — хай трывае.
Іван Іванавіч павёў Біма, а Галоўны застаўся ля воўка, чакаць загоншчыкаў.
Калі сабраліся ля леснічоўкі ўсе паляўнічыя, выпілі па чарцы і загаманілі, вясёлыя, усхваляваныя, Бім чужы і адзінокі, ляжаў пад плотам, скруціўшыся ў абаранак, суровы, чырванавокі, уражаны і пераможаны ваўчыным духам. Ах, калі б ведаў ён, што лёс яшчэ раз закіне яго ў гэты ж самы лес!
Да яго падышоў ляснік, гаспадар леснічоўкі, прысеў на кукішкі, пагладзіў па спіне:
— Добры сабака, добры. Разумны сабака. За ўсю аблаву ні цяўкнуў,ні завыў.
Тут усе любілі сабак.
Але калі паляўнічыя паселі ў машыну і Іван Іванавіч падсадзіў туды Біма, той, як кошка, скочыў назад: ён не хацеў быць разам з трыма мёртвымі ваўкамі.
— Ого! — сказаў Галоўны. — Гэты цяпер не прападзе.
Незнаёмы тоўсты паляўнічы незадаволена вылез з кабіны і цяжка палез у кузаў, а Іван Іванавіч з Бімам селі ў кабіну.
Пасля паляванні на слонку былі не так і часта, але Бім рабіў работу цудоўна, як раней. Аднак варта было толькі ўчуць воўчы след — ён канчаў паляванне: туліўся да нагі гаспадара — і ні кроку. Так ён ясна гаварыў слова «воўк». І гэта было добра. А пасля аблавы ён яшчэ мацней стаў любіць Івана Іванавіча і верыць ягонай сіле. Верыў Бім у чалавечую дабрату. Вялікае шчасце — верыць. І любіць. Сабака без такое веры — ужо не сабака, а вольны воўк, або (яшчэ горш) брадзячы сабака. З гэтых дзвюх магчымасцей выбірае кожны сабака, калі ён перастае верыць гаспадару і ідзе ад яго, або калі выгналі. Але гора таму сабаку, які страціць любімага сябра-чалавека, будзе шукаць яго, чакаць. Тады не быць яму ні вольным воўкам, ні брадзячым сабакам, а заставацца ўсё тым жа самым верным і адданым страчанаму сябру, але адзінокім да канца сваіх дзён.
Не буду я, дарагі чытач, расказваць ніводнае з усіх многіх праўдзівых гісторый пра такую адданасць за ўсе гады і да канца сабачага жыцця. Я раскажу толькі пра аднаго Біма з чорным вухам.
Раздзел 6. Развітанне з сябрам
Неяк пасля палявання Іван Іванавіч прыйшоў дадому і лёг на ложак, не вячэраючы і не выключыўшы святла. Гэтага дня Бім добра нарабіўся, таму заснуў скора і нічога не чуў. Але наступнымі днямі Бім пачаў заўважаць, што гаспадар усё часцей і часцей кладзецца ўдзень, сумуе нечага і часам нечакана вохкае ад болю. Больш чым тыдзень Бім гуляў адзін, пакрысе — толькі па патрэбе. Потым Іван Іванавіч злёг, ён ледзь даходзіў да дзвярэй, каб выпусціць або ўпусціць Біма. Аднойчы ён прастагнаў на ложку нязвыкла цяжка і балюча. Бім падышоў, сеў ля ложка, уважліва паглядзеў на твар сябра, затым паклаў галаву на выцягнутую руку. Ён убачыў, які стаў у гаспадара твар: бледны-бледны, пад вачыма цёмныя плямы, завастрылася непаголеная барада. Іван Іванавіч павярнуў галаву да Біма і ціха, аслабелым голасам сказаў:
— Ну? Што ж будзем рабіць, хлопчык?.. Дрэнна мне, Бім, дрэнна. Асколак… дапоўз да самага сэрца. Цяжка, Бім.
Голас у яго быў такі нязвыклы, што Бім захваляваўся. Ён затупаў па пакоі, час ад часу драпаючы ў дзверы, быццам клікаў: «Уставай, што там, пойдзем, пойдзем». А Іван Іванавіч баяўся паварушыцца. Бім зноў сеў ля яго і ціхенька заскуголіў.
— Што ж, Бімка, давай паспрабуем, — амаль нячутна сказаў Іван Іванавіч і асцярожна прыўстаў з пасцелі.
Ён крыху пасядзеў на ложку, потым стаў на ногі, трымаючыся адною рукою за сцяну, другою прытрымліваючы на грудзях ля сэрца, ціха пераступаў да дзвярэй. Бім ішоў побач, не спускаючы вачэй з сябра, і ні разу, ні разу не вільнуў хвастом. Быццам хацеў сказаць: «Ну вось і добра. Пайшлі, памаленьку, пайшлі».
На лесвічнай пляцоўцы Іван Іванавіч пазваніў у суседнія дзверы, а калі паказалася дзяўчынка Люся, ён нешта сказаў ёй. Тая пабегла ў кватэру і вярнулася з бабулькаю, Сцяпанаўнай. Як толькі Іван Іванавіч сказаў ёй тое ж самае слова «асколак», яна замітусілася, узяла яго пад руку і павяла назад:
— Вам ляжаць трэба, Іван Іванавіч. Ляжаць. Вось гэтак, — наказвала яна, калі той зноў лёг на спіну: — Ляжаць. Толькі ляжаць. — Яна ўзяла са стала ключы і скоранька пайшла, амаль пабегла, затупацеўшы па-старэчаму.
Читать дальше