А Колі не было.
— Дзе ж ён? — думала Таня з тугой.
За яе спіной, калышучы маленькую піхту і вялікі папяровы абажур пад столлю, танцавалі дзеці. З імі разам танцаваў бацька. Ён быў вельмі вясёлы сёння і скакаў цудоўна, захапляючы дзяцей.
— Паглядзі, Таня, — гаварыла штохвілінна маці, — гэта ж бацька танцуе!
— Так, — адказала Таня, — я бачу, мама, ён танцуе вельмі хораша.
Яна глядзела на бацьку. Але думкі і позірк яе блукалі. І хутка яна злавіла сябе на тым, што бацька, і танец яго, і весялосць мала прыцягваюць яе ўвагу. А зусім нядаўна колькі горкіх і салодкіх пачуццяў цяснілася ў яе сэрцы пры адной толькі думцы пра бацьку! Што з ёй? Яна ўвесь час думае пра Колю.
«Дзе ён цяпер? У Жэні сёння таксама ёлка».
Але тут Філька з братамі пачаў ціха кружыцца, пашыраючы круг. Яны закідвалі ногі мякка, ледзь падымаючы іх з падлогі, і то адзін з іх, то другі клікаў да сябе Таню. Яны танцавалі танец, які звычайна танцуюць вясёлыя эвенкі на пясчаным беразе Тугура ў час, калі ўзыходзіць над лесам месяц.
Таня ўвайшла ў іх кола. Яна танцавала, штохвілінна пазіраючы на дзверы.
— Малайцы! — крыкнуў у захапленні бацька. — Чорт пабяры, мы будзем сёння весяліцца! Таня, папрасі ў мамы віна. Я маю для вас яшчэ адзін падарунак.
Маці сказала:
— Бацька, не дурэй. Віна ім нельга.
— Я ведаю цвёрда толькі адно, — сказаў бацька: — Нельга есці воўчыя ягады. А віна — па кроплі можна.
— Па кропельцы можна, — паўтарылі дзеці.
І нянька прынесла на вялікім падносе бутэльку салодкага віна. А ўслед за нянькай зайшоў зусім малады чырвонаармеец Фралоў. Ён быў у кажусе шафёра, усміхаўся ўсім хітрай усмешкай, а ў руцэ трымаў вядро.
— Фралоў, дружок, — сказаў бацька, — пакажы-тка наш падарунак дзецям.
Дзеці самі зазірнулі ў вядро, але ўбачылі там толькі снег.
— Што гэта? — спыталіся яны. — Тут снег і больш нічога няма.
— А вось зараз, дзеці, — сказаў Фралоў.
І, запусціўшы руку ў вядро, ён дастаў з-пад снегу вялікі апельсін, потым яшчэ два і яшчэ. Дзеці крыкамі сустрэлі гэтыя плады. Яны бралі іх у рукі і адразу ж клалі назад, таму што апельсіны былі халодныя і цвёрдыя. Трымаць іх было цяжка, як жалеза, якое доўга ляжала на марозе.
— Пачакайце, дзеці, — сказаў смеючыся бацька. — Іх трэба спачатку размарозіць. І тады — даю слова — яны спадабаюцца вам.
Ён апусціў апельсін у халодную ваду, і на паверхні яго праз імгненне выступіў лёд. Ён пакрываў яго тонкай скарынкай, і апельсін блішчаў, як шар на маленькай піхце. Бацька ўдарыў па скарынцы нажом, яна раскалолася на часткі, і з асколкаў лёду, якія раставалі хутка на далоні, выйшаў круглы і свежы плод. Незнаёмы і цудоўны на Поўначы быў ягоны пах і колер. І маленькі брат Фількі баяўся яго і не еў.
Сам жа Філька прынёс свой апельсін бацьку.
— З'еш яго, — сказаў паляўнічы, без усялякага здзіўлення гледзячы на гэты дзіўны плод. — Ён падараваны табе сябрамі і не можа быць шкодным. Калі б ён не быў такі вялікі, я палічыў бы яго за ягаду, што ўпала з рабіны на зямлю, і пачысціў бы ім сваю люлечку, на якой медзь так хутка цямнее ад холаду ў нашым лесе. Аднак, — дадаў ён з гонарам, — рабіна ў нас таксама бывае буйная перад марозам.
Ён адхіліў апельсін рукой. Ён быў ужо стары і не хацеў аддаваць перавагу таму, што не расло ў яго родным лесе.
Тады Філька сунуў свой апельсін за пазуху, каб падзяліцца ім з Таняй. Нічога не мог ён з'есці адзін — ні салодкага кораня, які знаходзіў у лесе, ні веснавой абалоны ліп, ні чмялінага мёду, ні кіслага соку мурашак.
Але Тані не было ў натоўпе яе гасцей. Куды яна пайшла? Яна была сёння сумная.
Філька зазірнуў у другі пакой, дзе было цёмна і на ложках ляжалі футры.
Яе і тут не было. Тады ён пайшоў на кухню і ў сенцах убачыў Таню. Яна непрыкметна прабіралася да дзвярэй. Яна была апранутая ў кажушок і, нагнуўшыся, зацягвала на шчыкалатках раменьчыкі сваіх новых тарбасаў.
Філька моўчкі адсунуўся, засланіў яе ад позіркаў гасцей.
Таня выйшла на ганак. Паветра слупамі падымалася ўгору. І на страшэннай вышыні ператваралася ў тонкія аблокі, што валачыліся па асветленым небе. І скрозь іх, нібы скрозь празрыстае шкло, затуманенае дыханнем, глядзеўся невялікі халодны месяц.
Таня ступіла на снег, стараючыся не рыпець. Лёгкая зіхатлівая імгла пасыпалася ёй на плечы, на твар. Яна правяла рукой па сваёй непакрытай галаве і выйшла за вароты. Яна перабегла вуліцу і спынілася ля дома, дзе жыла Жэня. Яна ўся патанула ў сумётах.
Таня прысела на снег і пасядзела трохі, саромеючыся зазірнуць у акно. Потым стала на сумёт. Акно было якраз перад вачыма. І скрозь шкло было бачна святло, падобнае на месяц сваёй смутнай белізной. Гэта гарэлі свечкі на ёлцы. А вакол яе рухаліся дзеці. Цені іх праплывалі міма нерухомага позірку Тані, і ў кожнай яна пазнавала Колю.
Читать дальше