Де Мопассан Ги
Ён (на белорусском языке)
Гi дэ Мапасан
Ён?
Пераклад: Сяргей Шупа
П'еру Дэкурсэлю
Мой дарагi дружа, ты нiчога не разумееш? Я адчуваю гэта. Ты думаеш, я звар'яцеў? Ну, можа, трошкi i звар'яцеў, але не ад таго, што ты думаеш.
Так. Я жанюся. Вось.
Але мае думкi i перакананнi не змянiлiся. Спароўванне з дазволу i пад аховай закона я лiчу глупствам, як i раней. Я перакананы, што восем мужоў з дзесяцi - раганосцы. Ды яны iншага i не заслугоўваюць за тое, што мелi глупства надзець на сябе кайданы, адмовiцца ад свабоднага кахання - адзiнай добрай i ўцешнай рэчы на гэтым свеце, абрэзаць крылы фантазii, якая заўсёды цягне нас да ўсiх жанчын i г. д. Больш чым калi я адчуваю, што няздольны кахаць толькi адну жанчыну, бо я занадта буду кахаць усiх астатнiх. Я б хацеў мець тысячу рук, тысячу вуснаў i тысячу... пачуццяў, каб здолець адначасова задушыць цэлае войска гэтых прывабных i малаважных iстот.
I ўсё ж я жанюся.
Дадам таксама, што я зусiм не ведаю сваёй будучай жонкi. Я бачыў яе мо разы чатыры цi пяць. Яна мне не брыдкая - гэтага мне дастаткова, каб рабiць з ёй тое, што я збiраюся рабiць. Яна нiзенькая, бялявая i тоўсценькая. А паслязаўтра я ўжо буду жадаць высокую, чарнявую i худую.
Яна небагатая, з сям'i сярэдняга дастатку. Гэта адна з тых дзяўчат на выданнi без асаблiвых добрых якасцяў, але i без вiдавочных заганаў, якiх шмат можна знайсцi сярод звычайнага буржуа. Пра яе кажуць: "Панна Ляжоль даволi мiлая". А заўтра будуць казаць: "О, панi Рэймон вельмi мiлая дама". Яна належыць да той процьмы сумленных дзяўчат, "ажанiцца з якiмi - вялiкае шчасце кожнаму мужчыну", аж да дня, калi заўважыш, што табе падабаюцца ўсе без выключэння жанчыны, акрамя той, што ты выбраў.
Дык чаму ж я жанюся, спытаеш ты?
Я нават не наважваюся адкрыць табе дзiўную i неверагодную прычыну, якая змусiла мяне на гэты вар'яцкi ўчынак.
Я жанюся, каб пазбыцца адзiноты!
Не ведаю, як гэта растлумачыць, як сказаць так, каб ты зразумеў. Можа, ты будзеш мяне шкадаваць цi пагарджаць мною, але каб ты толькi ведаў, якi я цяпер няшчасны!
Я не хачу больш заставацца адзiн уначы. Я хачу адчуваць, што нехта ёсць побач, насупраць, што нехта можа пагаварыць са мной, штосьцi сказаць, няважна што.
Я хачу, каб некага можна было разбудзiць сярод ночы, пра нешта ў яго папытацца, пра якую-небудзь дробязь - толькi б пачуць нечы голас, адчуць, што ў маёй кватэры нехта жыве, што нечая душа не спiць, нечы розум працуе, каб раптам, запалiўшы свечку, убачыць людскi твар побач... таму што... (мне сорамна прызнацца)... таму што мне страшна, калi я адзiн. Не, ты мяне пакуль што не разумееш. Я не баюся небяспекi. Калi б у пакой зайшоў чалавек, я б забiў яго не вагаючыся. Я не баюся прывiдаў, я не веру ў звышнатуральнае. Я не веру ў мерцвякоў, бо веру ў поўнае разбурэнне кожнай iстоты, што памiрае.
Але!.. Так. Але!.. Дык вось! Я баюся сам сябе! Я баюся свайго страху, баюся гэтых сутаргаў майго неспакойнага розуму, гэтага жудлiвага незразумелага страху.
Смейся, калi хочаш. Але гэта страшна, гэта невылечна. Я баюся сцен, мэблi, звычайных прадметаў, якiя ў мяне нiбы ажываюць. Асаблiва я баюся трывожнага хвалявання думкi, баюся майго розуму, якi перастае мне служыць, затуманены i развеяны загадкавым i нябачным страхам.
Спачатку я адчуваю нейкi няясны неспакой, якi авалодвае маёй душой, ад якога ў мяне пачынаюць бегаць мурашкi па скуры. Я азiраюся. Нiкога! А я б хацеў нешта ўбачыць! Што? Штосьцi зразумелае. Бо я баюся толькi таму, што не разумею, чаму я баюся.
Я гавару - i баюся свайго голасу. Я iду - i баюся, што нехта невядомы хаваецца за дзвярыма, за фiранкай, у шафе, пад ложкам. I аднак я ведаю, што нiдзе нiкога няма.
Я нечакана паварочваюся, бо баюся таго, што ў мяне за спiнай, хоць там нiчога няма, i я гэта ведаю.
Я хвалююся, адчуваю, як мой страх расце, зачыняюся ў сваiм пакоi, кiдаюся ў ложак, хаваюся пад коўдрай. Скруцiўшыся ў клубочак, я з роспаччу заплюшчваю вочы i ляжу так цэлую вечнасць, думаючы толькi пра тое, што свечка засталася гарэць на начным столiку i што трэба яе патушыць. Але я баюся.
Гэта жахлiва, праўда?
Раней я нiчога гэткага не адчуваў. Я спакойна вяртаўся дадому. Я хадзiў з кута ў кут па кватэры, i нiчога не засмучала спакою маёй душы. Калi б мне тады сказалi, якая хвароба, якi неверагодны, бязглузды i жахлiвы страх мною авалодае, я б толькi пасмяяўся. Я спакойна расчыняў дзверы ў цемры, я засынаў павольна, не зачынiўшыся на засаўку, i нiколi не ўставаў сярод ночы, каб пераканацца, што ўсе дзверы ў маiм пакоi зачыненыя.
Читать дальше