тая Iдуня i я на ёй верхам, дык чапiлi бабу, баба кульнулася дагары нагамi, я спужаўся, цi Iдуня не павярэдзiла сабе капыта, бо тады генэрал паставiў бы мяне перад вайсковым судом, i мы так ляцелi цераз Оламоўц, Iдуня праскочыла праз браму, я пахiлiў галаву i трымаўся за шыю, i гэта быў мой шанцунак, таму што яна ўляцела адразу ў стайню, потым я пайшоў выпiць шклянку малiнавага соку ў кантыну, тады мелi там гожую дзеўку, звалi яе Цылькай, яна адразу пусьцiлася са мною ў танцы, а кiраўнiчка была раўнiвая, таму адразу: Цылечка, йдзi на кухню! i пачала сама лашчыцца да мяне, а Цылька чысьцiла нажы i паказвала за сьпiнай свае кiраўнiчкi, як бы яе з ахвотай пырнула, а кiраўнiчка мне сказала, жаўнерык, ты выглядаеш тэмпэрамэнтным чалавекам, а я ёй адказаў, што калi б ёй прысьнiлася, што яна ловiць фазана, дык неўзабаве каханьне загасьцюе ў ейным сэрцы, а кiраўнiчка адразу сунула мне сотню эгiпецкiх у кiшэню i папрасiла, каб я працягваў, а Цылька ў кухнi паказвала, як бы яна сваiм нажом падрэзала глотку сваёй кiраўнiчцы, якой я сказаў, што найлепшы сон гэта калi бачыць добра нагрэты пакой, бо гэта значыць каханьне дзьвюх асобаў, а кiраўнiчка круцiлася на крэсьле, а я ёй яшчэ шапнуў, што самы прыемны сон, калi бадаюцца два валы, бо гэта сапраўднае шчасьце ў каханьнi, i тут жа дадаў, што я гэтым паплацiўся, бо схапiў з гэтага брыдкую хворасьць i быў на лекаваньнi ў Брзадынi, кiраўнiчка адразу адсунулася ад мяне i палезла мне ў кiшэню па тыя эгiпецкiя, але я ёй сказаў, хто дае й забiрае, той рана памiрае, а яна прызнала мне рацыю i дала мне на дарогу кiлiшак гарэлкi, i дзякавала, што я ёй загадзя сказаў праўду, бо яна такую немач ужо мела, а я пайшоў ва "Ўранiю" з адной малачаркай, гралi там жыдоўскую п'еску аб узьнёслых памкненьнях, аб пакутах нейкага Агасфэра, тая малачарка ўвесь час абсьлiньвала мне вушы i пыталася, цi я зь ёю ажанiўся б, чаму не, кажу, але я яшчэ перад войскам, а прытым слабы ў грудзях, i кажу, што маю сны, у якiх мне сьнiцца канарэйка, замкнёная ў клетцы, а гэта паводле Анны Новакавай значыць, што я назаўжды пранiкнуты тугою па свабодзе, а тая малачарка мне шаптала, о так, з вамi мне было б прыемна! а ейныя валасы пахлi малаком i ванiляй, на трэцi дзень пасьля таго я паехаў у Югаславiю да мора, ах, якая там была навальнiца, шаленства прыроды, якое калi ўсьлiзгнецца мужчыну ў нагавiцы, дык ён стае пiсьменьнiкам, хвалi як наш дом, лодкi дык аж на дарогу выкiдвалi, грымелi па камянёх i крышылi скалы, такая марская бура можа перакулiць i вагон, занесьцi ў мора людзей разам з асламi, калi вяртаюцца зь вiнаграднiкаў, робяцца такiя слупы вады як вежы, а мы, жаўнеры, цярпелi бяду i голад, Сьвятая Багародзiца! жэрлi здохлую рыбу i дух у армii ўпаў да таго, што мы хадзiлi жабраваць, на казармах быў залаты надпiс "Ваярня Караля Юсупа", але паручнiк вышкрабваў кацёл пасьля кукурузы, калi б гэтага паручнiка ўбачыў генэрал Зэлiкоўскi, дык выцяў бы яго прутком, адзiн фарсiсты жыдок падперазаўся лякаваным паскам, даў мне залатоўку, каб я вычысьцiў яму карабiн, i кажа, што йдзе ў горад завязваць мiжнародныя зносiны, потым прыходзiць сяржант Брчул, бамбiза два мэтры i злосны як сабака, i пытаецца, дзе той жыдок, я кажу, што пайшоў да граду, а той сяржант пачынае лаяцца, ебэм тi бога i курэц надробно, i кажа, што Фрайгер фон Вухерэр забаранiў валачыцца па граду, потым лёг на ложак таго жыдка, па поўначы той вярнуўся ўвесь умакрэлы ад дзяўчат, а сяржант Брчул усхапiўся i надаваў яму таўхуноў нагою, ажно той зьвiваўся на зямлi ў выхадным мундзiры, i адразу мусiў iсьцi на варту, а калi я пайшоў зьмянiць яго тае ветраное начы, ён ужо спруцянеў каля камля дрэва ў куце падворышча, павесiўся на той лякаванай дзязе, сёньня пра такiя рэчы ня ведаюць, я распавядаў пра гэта ў Лiбэнi, але кiроўцы сьмяялiся зь мяне i бралiся навыперадкi сваiмi стоадзiнаццаткамi з узгоркў ў Гарларэзах, калi зьяжджалi ўнiз, была субота папоўднi, дантыст вярнуўся па парасон, бо забыўся, i якраз пiхаў ключ у замок свайга кабiнэта, але ў адной стоадзiнаццаткi лопнула рысора i машына наляцела на кабiнэт i адвалiла яго ад таго ключа, а той дантыст тамака стаяў i ўвесь час трымаўся за той ключ, калi б гэта толькi бачыў граф Зэлiкоўскi, генэрал вядомы сваёй грубасьцю, маёр Мiхаховiч, якi выплочваў нам грошы, раскладваў банкноты па стале i прыцiскаў iх каменчыкамi, каб вецер не пазьдзiмаў, ён заадно нас i перасьцерагаў, каб мы не прапiлi тыя грошы адразу, але каб купiлi сабе гузiкi, вазэлiну i нiткi, а ваколiца была прыгожая, рамантыка як у Ерусалiме, тыя дарогi пад гару ўвесь час трэба было папраўляць, людзi жывiлiся аўсянымi блiнамi,
Читать дальше