Я бяру пiнцэт, разглядаю яго каля свечкi i - зноў кладу ў сумку. "Вядома ж, прыходзiць мне ў галаву злацешная думка, - у такiх выпадках дапамагаюць багi: падсылаюць каня, якога бракавала; а каб хутчэй было, даюць яшчэ i другога i каб было ўжо напоўнiцу - дадаюць да iх стайнiка..." Цяпер толькi раптам зноў у памяцi ўзнiкае Роза: што рабiць? Як яе ўратаваць, як вырваць яе з чужынцавых рук - калi я вось тут, за дзесяць мiляў ад яе, i ў мяне неўтаймоўныя конi? Гэтыя конi, што вунь ужо неяк паадвязвалiся i цяпер няведама як адчыняюць з вулiцы вокны, лезуць галовамi ў хату i - не зважаючы на лямант хлопцавых бацькоў i сястры - уважлiва разглядаюць яго. "Зараз жа ехаць назад!" - мiльгае ў галаве новая думка, быццам гэта конi заклiкаюць мяне ехаць адсюль; але я моўчкi падпарадкоўваюся, калi сястра хворага, думаючы, што я ледзь не самлеў у горача напаленай хаце, сцягвае футра з маiх плячэй. Перада мною ставяць шклянку з гарэлкай, стары ляпае мне па плячы: самаахвярнасць ягонага ўлюбёнага дзiцяцi апраўдвае гэтае панiбрацтва. Я хiтаю галавою: у вузкiм коле iнтэлекту старога мне б зрабiлася млосна, толькi з-за гэтага я адмаўляюся выпiць. Мацi, стоячы каля ложка хворага, падае мне знак, каб я падышоў да яго; я раблю гэта i ў той момант, калi адзiн конь, задраўшы голаў угару, пачынае гiгатаць, прыкладваю вуха да хлопцавых грудзей, i яму робiцца непамысна ад дотыку маёй мокрай барады. Пацвярджаецца тое, што я ўжо i так ведаў: хлопчык здаровы, трохi iшла кроў (клапатлiвая мацi перапаiла кавай), але хлопчык здаровы, i найлепей было б даць яму добрага кухталя ды прагнаць з пасцелi. Але я не той чалавек, што iмкнецца палепшыць свет; таму нiчога не кажу. Акруга плацiць мне грошы, i я выконваю свае абавязкi дарэшты - пакуль яно не бывае аж занадта. Хоць зарабляю небагата, але заўсёды гатовы шчодра памагаць беднаму люду. Вось толькi яшчэ мушу патурбавацца пра Розу - тады няхай хлопчык мае рацыю, i я схачу памерцi. Чаго трэба мне тут, гэтай бясконцай сцюдзенай зiмою? Мой конь здох, i ў вёсцы няма нiкога, хто б пазычыў мне свайго. Я мусiў узяць коней з хлеўчука; каб гэта выпадкам былi не конi, я б запрог свiней! Во яно як! Я падмiргваю хлопчыкавым бацькам. Яны ж нi пра што не ведаюць, а каб сказаў iм дык яны б i не паверылi. Прапiсваць лекi няцяжка, куды цяжэй знайсцi паразуменне з людзьмi. Мне больш няма чаго рабiць у гэтай хаце; мяне зноў патурбавалi без патрэбы; з гэтым я звыкся: уся акруга катуе мяне з дапамогай майго прыдзвернага званочка; але каб гэтым разам яшчэ аддаць Розу - ладную дзяўчыну, якая колькi ўжо год, амаль незаўважаная мною, жыла ў маёй хаце гэтая ахвяра занадта вялiкая; мне трэба нейкiм чынам прымудрыцца ўпарадкаваць усё гэта ў сваёй галаве, каб не абурыцца ўголас на гэтую сялянскую сям'ю, якая, калi б нават хацела, не здолела б вярнуць мне Розу. Ды калi я закрываю сумку i прашу падаць мне футра, яны ўсе стаяць i маўчаць: бацька, абнюхваючы парожнюю шклянку, мацi з выразам вiдавочнай расчараванасцi мною (а чаго народ ад нас чакае?) прыкусвае губу, слёзы стаяць у яе ўваччу, сястра ж перабiрае ў руках скрываўлены ручнiк - вось тады я неяк ужо адчуваю сябе гатовым пры пэўных умовах пацвердзiць, што хлопчык, магчыма, i праўда хворы. Я зноў падыходжу да яго; ён усмiхаецца - як быццам я даў яму моцнага зелля - ах! зноў загiгаталi мае конi: вiдаць, згодна з найвышэйшай воляй, гэта павiнна палегчыць мне аглядаць хлапчука - i тут я выразна бачу: ён i сапраўды хворы. На правым сцягне адкрылася рана - вялiкая, з добрую талерку, ружовая, з рознымi адценнямi, цёмная ўсярэдзiне, святлейшая па краях, уся дробна-крупчастая, з неаднолькава густымi кровападцёкамi, адкрытая, нiбы вугальны кар'ер. Гэтак яно бачыцца зводдаль. Зблiзку - яшчэ горш. Цi можна спакойна глядзець на гэта? Чарвякi, доўгiя i тоўстыя - з мой мезенец, ружовыя самi па сабе, ды яшчэ ў крывi, курчацца ўнутры ў ране, пры святле вiдаць iх белыя галоўкi i мноства малюпасенькiх ножак. Бедны хлопча, табе ўжо нiчым не дапаможаш. Я знайшоў тваю вялiкую рану. Гэты пялёстак на баку загубiць цябе. Бацька, мацi i сястра цяпер радыя: бачаць, што я працую; сястра кажа шэптам пра гэта мацi, тая нашэптвае бацьку, а бацька - тым людзям, што на дыбачках усё iдуць у хату i, балансуючы шырока расстаўленымi рукамi, узнiкаюць у месяцавым святле, што лiецца праз адчыненыя дзверы. "Ты выратуеш мяне?" пытаецца хлопчык, сiлячыся не заплакаць. Жывы боль у ране зусiм асляпiў яго. Такiя вось тутэйшыя людзi. Заўсёды патрабуюць ад лекара немагчымага. Старую веру яны даўно страцiлi; пастар сядзiць дома, перабiрае адно за адным свае ўбраннi, а доктар павiнен рабiць усё сваёй далiкатнаю рукой хiрурга. Ды цяпер... як хочаце: я сам не напрошваўся; калi мяне выкарыстоўваюць дзеля святой мэты, я не адпiраюся: чаго ж хацеў я, стары вясковы лекар, у якога ўкралi дзяўчыну-пакаёўку! А яны вунь усе збiраюцца тут: бацька, мацi, сястра, старэйшыя вясковай абшчыны; яны распранаюць, сцягваюць адзежу з мяне; школьны хор на чале з настаўнiкам стаў ланцугом каля хаты i спявае вельмi простую мелодыю з такiмi словамi:
Читать дальше