- У цябе ёсць вера?
Яна разгублена адказала:
- Вера? - быццам не зразумела мяне.
- Ну, ты верыш у Бога?..
Яна прыўзняла на мяне свой палаючы твар, недаверлiва паглядзела на мяне i нарэшце сказала: "Пры чым тут вера?.." Я зноў паўтарыў пытанне, тады яна адказала:
- Ну, канешне, я веру. Хаджу ў царкву, прычашчаюся, словам, раблю ўсё, што ўсе робяць. Але навошта вы пытаецеся? Каб пасмяяцца з мяне?
- Як ты думаеш, - працягваў я, - Фiлi варты твайго кахання?
Яна паглядзела на мяне тым сумным, злосным позiркам, якi бывае ў яе мацi, калi яна не разумее, што ёй гавораць, не ведае, як адказаць, i баiцца трапiць у пастку. Нарэшце яна адважылася:
- Усё гэта не звязана адно з адным. Не трэба да маёй бяды прымешваць рэлiгiю. Ну што, я веру, а таму i не люблю, калi робяць такiя супастаўленнi... Я раблю ўсё, што гаворыць святар...
Усё гэта было сказана такiм тонам, нiбы яна стаяла перад фiнансавым iнспектарам i дакладвала яму, што "акуратна плацiць усе падаткi". Вось што я ненавiдзеў усё жыццё: гэтую карыкатуру, гэты ўбогi шарж на хрысцiянскае жыццё, а каб мець права iх ненавiдзець, я прытвараўся, што бачу ў карыкатуры сапраўднае хрысцiянства. Трэба мець адвагу адкрыта глядзець на тое, што ненавiдзiш... Але ж я цяпер ведаў... ведаў, што ўсё жыццё сам сябе ашукваў. Я ведаў гэта яшчэ ў канцы мiнулага стагоддзя, у той вечар, калi вось тут, у Калезе, абат Ардуэн сказаў мне: "Вы добры чалавек..." Хiба гэта не так?! А потым я затыкаў сабе вушы, каб не чуць тых слоў, якiя шаптала мне пры смерцi Мары. I менавiта тады, перад яе труною, адкрылася мне таямнiца жыцця i смерцi чалавечай... Мая дачушка памiрала дзеля мяне... Я хацеў забыць гэта... Зноў i зноў спрабаваў згубiць ключ ад брамы таямнiцы, але чыясьцi моцная рука вяртала яго мне на кожным павароце майго жыцця. (Хiба можна забыць позiрк Люка пасля нядзельнай ранiшняй службы, у тую хвiлiну, калi пачынаў стракатаць першы конiк?.. А тая вясновая ноч, калi пайшоў град?..)
Так цяклi мае думкi ў той вечар. Помню, я ўстаў i з такой сiлай адпiхнуў крэсла, што Янiна здрыганулася. Начны спакой i гэтая страшная цiшыня, здавалася, утаймавалi яе душэўны боль. Агонь у камiне патух, у пакоi рабiлася ўсё халадней, Янiна блiжэй i блiжэй падсоўвала сваё крэсла да камiна, ногi яе амаль дакраналiся да жару. Яна працягвала да вуголля рукi. Лямпа асвятляла яе сагнутую дзябёлую фiгуру... У прыцемку хадзiў я па гасцiнай, застаўленай старою мэбляй з палiсандравага i чырвонага дрэва. Бездапаможна мiтусiўся я вакол гэтай чалавечай глыбы, гэтага нерухомага цела.
- Дзiцятка ты маё... - Шукаў i не знаходзiў я патрэбных слоў... Як душыць мяне сёння вечарам, калi я пiшу гэтыя радкi, як балiць сэрца, здаецца, вось-вось разарвецца, а ўсё таму, што яно перапоўнена любоўю, i я ведаю нарэшце iмя, яе трапятк.................
Калез, 10 снежня 193...
Дарагая Жэнеўева!
На гэтым тыднi скончу разбiраць бацькавы паперы, якiмi набiты ўсе шуфляды ў яго стале. Але лiчу сваiм абавязкам неадкладна пазнаёмiць цябе з адным даволi дзiўным дакументам. Як ты ведаеш, бацька памёр за сваiм пiсьмовым сталом. Калi ранiцай 24 лiстапада Амелiя зайшла да яго ў кабiнет, яна ўбачыла, што наш бацька сядзiць, уткнуўшыся тварам у сшытак - гэты самы, якi я пасылаю табе заказным пiсьмом. Табе, вiдаць, няпроста будзе разабрацца, што там напiсана, я таксама нямала папацеў. Але i добра, што почырк такi неразборлiвы, - слугi нiчога тут не змаглi прачытаць. Спачатку пачуццё далiкатнасцi падказвала мне, што, можа, не варта пасылаць табе гэтыя запiскi: пра тваю асобу бацька тут выказваецца даволi груба i гаворыць крыўдныя, балючыя словы. Але хiба меў я права хаваць ад цябе гэты дакумент, якi належыць гэтаксама табе, як i мне? Ты ж добра ведаеш маю прынцыповасць адносна ўсяго таго, што датычыцца падзелу нашай спадчыны. Вось чаму я перадумаў i пасылаю табе гэты сшытак.
А зрэшты, бацька нiкога не пашкадаваў на гэтых старонках! Усiм тут папала! На вялiкi жаль, мы даўно ведаем, як ён ставiўся да нас, так што нам гэта не навiна. Уся мая маладосць была атручана нянавiсцю, якую чамусьцi я выклiкаў у бацькi. Яго нянавiсць, пагарда доўга не давалi мне паверыць у сябе. Я ўвесь сцiскаўся пад яго грозным, бязлiтасным позiркам, i шмат гадоў прайшло, пакуль у мяне з'явiлася пачуццё ўласнай годнасцi.
Я ўсё яму дараваў, - i дадам нават, што мой сыноўскi абавязак вымусiў мяне даць табе прачытаць гэты дакумент. Незалежна ад таго, як ты паставiшся да гэтых запiсак, дзе надзiва адкрыта выказаны самыя жахлiвыя пачуццi, я ўпэўнены, што вобраз нашага бацькi паўстане перад табой - не скажу больш высакародным, але, ва ўсякiм выпадку, больш чалавечым. (Я маю на ўвазе яго любоў да нашай сястры Мары i маленькага Люка. Iм тут прысвечаны кранальныя старонкi.)
Читать дальше