- Падумаць толькi! - не супакойвалася яна. - Якая чорная няўдзячнасць! Выдалi за яго такую дзяўчыну, далi прытулак, грошы i не папракалi за тое, што ў свае дваццаць тры гады ён ужо ўмудрыўся прамантачыць немалое багацце, якое атрымаў па спадчыне (ён быў круглы сiрата, блiзкiх сваякоў не меў i таму рана атрымаў правы паўналетняга). Усё няньчылiся, песцiлi, нiхто i слова не сказаў пра яго распусту. I на табе! Вось як аддзячыў!
Злосць закiпала ўва мне, i я не мог яе стрымаць. Мая былая натура зноў пачынала гаварыць. Ды хiба сама Жэнеўева, Альфрэд, Iза не ганялiся за Фiлi i не абяцалi яму залатых гор?!
- I вось што цiкава, - уставiў я, - ты сама верыш у тое, што гаворыш. Вы самi яго i разбэсцiлi!
- Тата, ты што?! Няўжо ты будзеш яго баранiць?!
Я запярэчыў, што зусiм не збiраюся абараняць Фiлi, а толькi хачу сказаць, што мы былi да яго не зусiм справядлiвыя, лiчылi яго горшым, чым ён ёсць на самай справе. Вiдаць, яму занадта груба далi зразумець, што раз багацце цяпер забяспечана, то ён павiнен зносiць усе вашы папрокi i хадзiць перад вамi на пальчыках, - нiкуды, маўляў, галубок, ты цяпер не дзенешся. Але людзi нiколi не бываюць такiмi подлымi, як нам здаецца.
- Падумаць толькi! Ты заступаешся за гэтага прайдзiсвета, што кiнуў жонку, дачку маленькую!..
- Жэнеўева! - абурана закрычаў я. - Ты нiводнага майго слова не зразумела! Ды пастарайся, паспрабуй ты ўцямiць: кiнуць жонку, дзiця - хiба я сказаў, што гэта добра? Але пайсцi на такое чалавек можа як з подлых меркаванняў, так i па прычынах больш высокага парадку...
- Ах, вось як ты загаварыў, - перабiла мяне дачка. - Значыць, ты лiчыш, што кiнуць дваццацiдвухгадовую жонку, малую дачку - гэта высакародна!..
Нiчога не даходзiла да гэтай жанчыны.
- Або ты на самай справе тупаватая, або толькi прытвараешся. Я вось што скажу: Фiлi не такi ўжо нягоднiк, асаблiва пасля таго, як...
Жэнеўева зноў усхадзiлася i пачала крычаць, каб я хоць пачакаў, пакуль Янiна выйдзе з пакоя, - як ёй, беднай, слухаць такое, калi апраўдваюць яе мужа.
Але Янiна, якая да гэтай хвiлiны ўпарта маўчала, раптам загаварыла. Не пазнаць было яе голасу:
- Навошта сварыцца, мама. Мы не вельмi далiкатна абыходзiлiся з Фiлi. Успомнi, калi падзялiлi спадчыну - як мы з iм загаварылi: пачалi камандаваць, папракаць... Я нават падумала, што вось накiнула на яго ашыйнiк i буду цяпер вадзiць яго на павадку, як прыгожанькага пародзiстага сабачку. Мне неяк i ад сэрца адлягло, што ён мяне не кахаў. Ён стаў для мяне рэччу, маёй уласнасцю: усе грошы былi ў мяне, - няхай папросiць, няхай паскача каля мяне. Помнiш, як ты мне казала: "Няхай цяпер паскача каля цябе, няхай пастаiць на заднiх лапках!" Мы думалi, што грошы для яго даражэй за ўсё на свеце. Можа, ён i сам так думаў, аднак гнеў i сорам узялi сваё. Бо не кахае ён той жанчыны, якая ў мяне яго адабрала. I так яно, напэўна, i ёсць. На развiтанне ён сам прызнаўся. I я веру яму. Ён яе не кахае, але яна не пагарджае iм, не стараецца прынiзiць. Яна аддалася яму, а не купiла яго. А я вось купiла, як прыгожую цацку...
Некалькi разоў паўтарыла яна гэтыя горкiя словы. Мацi пацiскала плячыма, але радавалася, што Янiна нарэшце заплакала: "Цяпер ёй палягчэе..." I яна ўзялася суцяшаць дачку:
- Не перажывай, дачушка мая! Голад i воўка з лесу гонiць. Пабегае, пагаладае ды вернецца. Куды ён дзенецца?!
Перакананы: Янiне было непрыемна слухаць такiя словы. Я ўстаў i ўзяўся за капялюш. Не мог я тут больш быць. Дачцэ сказаў, што найму таксi i паеду ў Калез. I тут Янiна сказала:
- Дзядуля, вазьмiце мяне з сабой.
Мацi ўзбунтавалася:
- Ты што, пры сваiм розуме?! Кожную хвiлiну ты можаш спатрэбiцца юрыстам. А яна сабралася ў Калез?.. Ды там ад адной нуды памерцi можна!..
Жэнеўева выйшла за мною следам i на лесвiчнай пляцоўцы выгаварыла мне, што я патураю вар'яцкiм жаданням унучкi:
- Ды гэта ж шчасце якое, што мы збылi гэтага чорта! Няўжо ты не згодзен са мной?! А хiба цяжка знайсцi прычыну для разводу?! Паплача, паные ды супакоiцца. А потым зноў выйдзе замуж, З яе багаццем ад жанiхоў адбою не будзе!.. Вось толькi трэба, каб утаймавалася, забылася пра таго нягоднiка... А ты таксама заспяваў... То ненавiдзеў, цярпець не мог Фiлi, а тут узяўся расхвальваць яго... Ды яшчэ пры ёй... Ну не... не пушчу я яе ў Калез. Уяўляю, з якiм настроем яна адтуль вернецца. Тут-то мы ўжо дамо рады, паможам апамятацца. Забудзе, нiчога ёй не зробiцца...
"Калi толькi не памрэ ад гора, - падумаў я. - Або будзе пакутаваць, плакаць, чэзнуць..." А можа, Янiна з той пароды жанчын, якiх я добра ведаў па адвакацкай рабоце: гэта жанчыны, для якiх надзея становiцца хваробай, ранай, якая нiколi не загойваецца. I дваццаць гадоў пройдзе, а яны ўсё роўна чакаюць, глядзяць на дзверы вачыма вернага сабакi...
Читать дальше