Усёй iстотай Рой адчуваў, што сапраўды паляўнiчы вярнуўся дамоў, i гэта пацягнула яго на сон, такi патрэбны яму зараз. Ужо цямнела, а ён усё спаў. Яго разбудзiў гучны крык.
- Рой! - пачуў ён. - Рой! - гэта было падобна на рыканне.
Упершыню за ўсё жыццё ў Роя пахаладзела ўсё нутро ад непераадоленага страху; Рой адчуў яго жалезны поцiск: у роце з'явiўся непрыемны смак, губы высахлi i галаву нiбыта сцiснулi абцугамi. На iмгненне ён увесь зледзянеў, але адразу ж усхапiўся i выпрастаўся, гатовы атрасцi сонны кашмар.
- Рой!
Ля дзвярэй Эндрус - не чалавек, а гара.
- Рой!
Разгледзець адзiн аднаго ў змроку яны не маглi.
Рой усё яшчэ не ўсведамляў, што адбываецца.
- Так! - холадна адказаў ён. - Гэта я.
- Ну, вядома ж, ты! - закрычаў Эндзi i кiнуўся да стала, але адразу ж застыў, як па сiгнале. Нават слабое, рэшткавае святло з акна перашкаджала яму, i ён пачакальна ўзiраўся з цемры.
Даволi доўга яны маўчалi i не рухалiся. Рой лiхаманкава думаў, як яму хутчэй абяззброiць Эндруса, але мiжволi апынуўся ў абароне, вырашыў не лезцi першым, менш гаварыць i проста чакаць.
Затым пакой зноў напоўнiўся зычным голасам Эндруса:
- Мне сказалi ў бары, што ты вярнуўся. Я даўно хацеў убачыць цябе...
- Я ведаю, - сказаў Рой i адчуў на сваiх ляжках сутаргавую хватку ўласных пальцаў. Зараз ён быў гатовы на ўсё, так, ён вiнаваты, так, яму страшна, але перш за ўсё ён напагатове. Даўшы iнiцыятыву Эндрусу, ён чакаў, як вызначыцца ступень iх варожасцi, але цiкаўнасць перамагла, i ён зiрнуў на Эндзi. Ён не мог бачыць яго выразна, але тое, што ён бачыў, выклiкала ў яго дзiўнае i непатрэбнае тут пачуццё сiмпатыi да гэтага магутнага цела, яго росту i аб'ёму, яго шумнага дыхання. Рой зноў адчуў усю нястрымнасць Эндруса. Той зараз быў гатовы на ўсё.
- Я хадзiў у лес... - пачаў Эндзi.
- I гэта ведаю, - адрэзаў Рой.
Прыхаваная варожасць у голасе Роя, здавалася, збiла Эндруса i крыху насцярожыла яго даверлiвую бяспечнасць. Ён увесь аж затрымцеў ад крыўды.
- Ах, д'ябал! - сказаў ён i цяжка ўздыхнуў. - Трэба запалiць святло. - Ён пстрыкнуў запалкай i пайшоў проста да капцiлкi, якую Джынi трымала на камiннай дошцы на той выпадак, калi сапсуецца газавая лямпа. Ён прынёс капцiлку на стол, запалiў яе, сеў насупраць Роя i холадна спытаў:
- Як жывеш, Рой?
Толькi зараз Рой добра бачыў Эндруса i зразумеў, што воблiк, якi ён захоўваў у памяцi, быў Эндзi iхняга юнацтва: бесклапотны малады бамбiза, шалёны сiлач, захоплены гарлапан, нястомны анархiст. Да таго часу, калi Эндзi пакiнуў Сент-Элен, ён стаў тоўстым i грубым, але Рой неяк забыўся пра гэта, i зараз выгляд гэтага мяснiка з мясiстым тварам i халоднымi вачыма ашаламiў яго. Ён усё ж спадзяваўся ўбачыць ранейшы воблiк сябра.
- Ты, вiдаць, не чакаў, што я вярнуся, - абыякава заявiў Эндрус. Гэта гучала пагрозлiва.
- Магчыма, - сказаў Рой i ўвесь напружыўся, бо адчуваў на сабе пiльны позiрк Эндзi, якi ацэньваў яго.
- Здаецца, ты зусiм не хочаш бачыць мяне, - закрычаў Эндзi.
- Не. - Рой усё яшчэ чакаў, адчужана i абыякава, ён не хацеў даходзiць да галоўнага. - Калi-небудзь ты ж павiнен быў вярнуцца.
- Праўда, Рой.
Эндрус хацеў яшчэ нешта дадаць, але тут яны разам пачулi, як Джынi Эндрус за дзвярыма нешта гаворыць да сабакi, i абодва сядзелi моўчкi, пакуль яна не ўвайшла ў хату. Яна зiрнула спачатку на Эндзi, затым на Роя. Пасля прычынiла дзверы, нiбыта прымала выклiк.
- Гэта з вамi прыйшла гэтая лайка? - спытала яна ў Роя.
- Са мною, - вiнавата адказаў ён.
- Яна ўжо даўно швэндаецца па горадзе, - сказала мiсiс Эндрус. - Вiдаць, адбiлася ад некага з iндзейцаў.
Яна нi слова не прамовiла да Эндруса: нiбы не заўважала яго, але, i не заўважаючы, прымала яго прысутнасць як непазбежнасць, i мiжвольны позiрк Эндзi даказаў гэта. Тым самым Рой быў нiбыта адхiлены, i ён з адчаем зiрнуў на Джынi, каб пераканацца ў гэтым. Ён не рашыўся зiрнуць ёй у твар, але назiраў за кожным рухам мiсiс Эндрус, за тым, як яна скiдала чаравiкi i здымала кароткую шэрую армейскую куртку. Калi скiнула гэтую няўклюдную абалонку, яна стала той статнай i мiлай жанчынай, якой ён прывык яе сабе ўяўляць, i тады ён знiякавела зiрнуў ёй у твар. Кароткiя кучаравыя валасы былi надта кароткiя, твар пахудзеў: толькi гэта ён i заўважыў на яе тонкiм твары, якi заўсёды быў вуглаватым i вострым, i зараз нiчога iншага ён на яе твары не прачытаў.
- Дык ты ўсё гандлюеш незаконнай пушнiнай? - пачуў ён голас Эндзi.
- Так, - цвёрда сказаў Рой. - А Джынi прадае тое, што я злаўлю. - Яму трэба было хоць нейкiм чынам уключыць у размову Джынi.
- Яна мне расказвала. - Эндрус пазiраў на яго з незразумелай горыччу тлустага мядзведзя.
Читать дальше