- Але чаму? - умяшаўся Бэрк.
Рой зiрнуў на гэтага вучонага лесавiка i засумняваўся: цi ведае ён на самай справе, што такое лес? Як яму давесцi, гэтаму Бэрку, што ён страцiў Сент-Элен, а значыць, страцiў i Муск-о-гi, страцiў i поўнач. Як яму давесцi, што куды б ён нi пайшоў, яго ўсюды чакае доля ляснога сыча, як расказаць гэтаму Бэрку пра ўсё?
- Чаму б вам не пайсцi на поўнач? - не здаваўся Бэрк.
- Надта далёка.
- Вы ненармальны, - прамармытаў iнспектар.
- Магчыма, - сказаў Рой i пайшоў.
Рой не еў ужо цэлыя суткi i ведаў, што, калi вып'е хоць кроплю, яму стане блага. Ён нацягнуў шапку так, каб засцерагчы вочы ад сонца, i ляжаў на лаўцы каля бара Клема. Ён не хацеў больш нiчога вырашаць, нi пра што думаць. Яму было прыемна, тут на сонцы, i хацелася заснуць, але заснуць ён не паспеў. Нейкi бяздомны сабака абнюхаў яго i лiзнуў твар, калi ён апусцiў руку, каб пагладзiць яго. Пасля прыйшоў Самсон.
Самсон ссунуў ногi Роя з лаўкi.
- Куды гэта ты спяшаешся? - спытаў ён i сеў. - Мы шукалi цябе, а цябе няма.
- Я спаць хачу, - адказаў Рой.
- Iнспектар кажа, што ты адмовiўся ад свайго ўчастка i не захацеў браць на поўначы. Гэта праўда? Ты на самай справе зрабiў гэта?
Рой перавёў погляд на бляклую пляму возера Гурон.
- Праўда, Самсон, - сказаў ён абыякава.
- Я яшчэ разумею, чаму ты аддаў свой участак, - сказаў Самсон. - Але чаму не iсцi на поўнач? Гэтыя мясцiны чакаюць такiх, як ты. Ты гадамi гаварыў пра тое, каб пайсцi на поўнач. Дык што ж сталася, чаму ты перадумаў, калi ёсць такая мажлiвасць?
Рою мiжволi давялося разыгрываць Самсона.
- Старэю я, Самсон, для такiх прыгод, - сказаў ён. - Гэта для такiх дужых хлопцаў, як ты. - Рой успомнiў, колькi разоў ён спрабаваў разлучыць Скоцi з Самсонам i нiчога не выходзiла. А як лёгка разлучылi iх абставiны.
- Што ты будзеш рабiць без Скоцi? - спытаў ён здзеклiва.
Вялiкiя далонi Самсона былi такiя цяжкiя, што сабака глуха забурчаў.
- Скоцi адмовiўся ад свайго ўчастка i вырашыў iсцi на поўнач разам са мной. Давай i ты з намi. Чаму ты не хочаш? Што з табой?
Рой не адказаў, але засмяяўся са Скоцi, як смяяўся з Самсона. Смяяўся ён i з сябе, са сваiх спроб разлучыць iх.
- Дык што, Рой? - спытаў Самсон.
- Я вырашыў адпачыць, - адказаў Рой.
Самсон не адставаў ад яго, не пераставала яго рука церабiць сабаку. Але ад абодвух ён нiчога толкам не дабiўся, ды тут з'явiлiся Скоцi i Джэк Бэртан.
- Так! - сказаў Рой. - Значыцца, з'явiлiся яго экселенцыя айцец Малькольм i дарожны ўпаўнаважаны.
- Я прывёў Джэка, - дзёрзка пачаў Скоцi, - каб хоць ён навучыў цябе. Паслухай, Рой. Ты аддаў свой участак Iндзейцу Бобу, гэта твая справа, мяне гэта не турбуе, - эмацыянальнасць гэтага iдэалiста была надта яўнай i падкрэсленай. - Але навошта адмаўляцца ад новага ўчастка на поўначы? Што ты думаеш рабiць далей? Сядзець тут i памiраць?
- Пайшоў ты, Скоцi, - панура прамовiў Рой.
Скоцi адмовiўся ад уяўна гнеўнага тону.
- I чаму табе не пайсцi на поўнач са мной i Самсонам? - пытаўся ён. - Чаму ты не папросiш iнспектара запiсаць цябе на адзiн з тых участкаў?
Рой паглядзеў на толькi што наваксаваныя боты Скоцi.
- А навошта табе iсцi на поўнач? - спытаў ён у Скоцi. - Ты ж выцягнуў свой стары ўчастак, навошта табе валачыся на поўнач?
- Не будзь упартым, Рой, - папрасiў Самсон. - Чаму ты не хочаш пайсцi з намi?
- Але чаму б вам не пайсцi зараз у бар i не напiцца? - спытаў Рой, i адразу ж закрычаў на iх, каб не думаць, якое гэта было б шчасце - пайсцi на поўнач з Самсонам i Скоцi, шчасце, якое ён не прымаў дзеля непазбежнай адзiноты, якая чакала яго ўсюды ў лесе. Калi ўжо нiчога не было для яго ў Сент-Элене, дык нiчога не было для яго i ў лесе. Як яны не могуць гэтага зразумець?
- Схадзiце, - крычаў ён iм, - схадзiце i добра напiцеся, пакуль вас не зжэрла ледзяная пустыня!
- Мо ты ўгаворыш яго, - сказаў Скоцi Джэку. - Ты не маеш рацыi, Рой, i сам гэта добра ведаеш. - I ён павёў Самсона ў бар.
Рой адразу ж напаў на Джэка.
- Ну, - сказаў ён. - Выратавальнiк дарог! Выратавальнiк горада! Што яшчэ. ратаваць збiраешся? - Але атака была слабая.
- Мне паведамiлi, што ўчора вечарам ты не знайшоў мяне, - сказаў яму Джэк, не звяртаючы ўвагi на яго горыч.
- Я нiкога не знайшоў учора вечарам, - адказаў Рой.
Джэк сеў.
- Ты, вядома, заходзiў дамоў?
Рой павольна кiўнуў.
- Прыйшоў у свой пакой, а там чужыя дзецi. - Ён прыкрыў шапкай вочы i гаварыў вельмi спакойна. - Хто купiў ферму, Джэк? Нехта з Раселяў?
- Не. Яе купiлi зямельныя агенты, а заплацiў, вiдаць, банк.
- Банк? А навошта яму хата фермера?
- Але ж гэта яшчэ даволi прыстойная ферма...
Читать дальше