- Як i мы! - умяшаўся Зел i зiрнуў на Роя, на яго закапаную крывёю аленя куртку.
Але Рой не адказаў на выклiк, яго перасталi цiкавiць спрэчкi з Зелам, Мэрэем i з самiм сабой. Ён толькi фыркнуў, плюнуў i працягваў есцi, пытаючыся ў самога сябе, цi прычэпiцца да яго Зел за нявыбраныя пасткi, i панура разважаючы, як ён яго спынiць. Але Зел не згадаў пра гэта, ён пачаў пра недахоп правiянту.
- Закончылася бульба, - аб'явiў iм Зел, - i масла таксама. Засталося ўсяго некалькi бляшанак кансерваў на зваротны шлях, ды яшчэ слоiкi з ягадамi, слоiк марынаду i крыху хлеба ды сухароў.
Слоiк з ягадамi - падарунак мiсiс Бэртан, а марынад быў ад Джынi. Рою захацелася пакаштаваць, цi смачны ён, цi ўдалося Джынi згатаваць нешта не падобнае на яе звыклае прэснае варыва? З абыякавай паблажлiвасцю ён мог зараз захапляцца той прымусовай дамавiтасцю, якую яна напускала на сябе дзеля яго. Не першы раз за гэтыя дванаццаць гадоў ён так востра адчуў, што значыць для яго Джынi, як цесна звязаны iх жыццi, як гэта было правiльна i як правiльна гэта было б i ў будучым. Раптам гэта завалодала ўсёй яго iстотай, i ўпершыню з часу вяртання Эндзi ён уявiў сабе ўвесь воблiк Джынi; усё iхняе знаёмства; i пасля скачок ад прыватнага, ад iх блiзкасцi, - да значэння гэтага для яго; да яго самога, што неаддзельны ад Джынi, як бы нi супрацiўлялася гэтаму яго ўстрывожаная свядомасць; ён не можа дапусцiць, каб з Джынi так мiмаходам здзекаваўся нейкi прыдуркаваты, каб яна падпарадкоўвалася самавольству Эндзi. Не, ён гэтага не стрывае!
Але цi не позна? Справа не ў Эндзi, а ў iм самiм. Ён загiнуў; i не толькi таму, што прырода адолела яго, загнала ў лес. Прырода выхапiла яго з таго асяроддзя, iснаванне па-за якiм для яго было немагчымым. Гэта зрабiла з яго адзiночку - i ўсё. I вось зараз ён меў вынiк свайго паражэння, дзялiў яго са сваiмi спадарожнiкамi: двума загiнуўшымi чалавекамi.
- Давай пакаштуем марынаду, - сказаў Рой Зелу, калi яны селi за стол.
- Гэта што, справа рук Руфi Мак-Нэйр? - спытаў Мэрэй.
Рой адмоўна пакруцiў галавой i сарваў накрыўку.
- А як маецца Сэм? - працягваў Мэрэй.
- Выдыхся! - сказаў Рой, торкаючы вiдэльцам у зялёныя памiдоры.
- Яны там у горадзе ўсе выдыхлiся, толькi гэтага не ведаюць, - сказаў Мэрэй.
Рой адарваўся ад ежы.
- Толькi не Джэк. Джэк Бэртан, той не здасца!
- Ну, як марынад? - спытаў Зел, гледзячы на Роя вачыма, якiя ўсё разумелi.
- Смачны, - сказаў Рой. У памiдорах было занадта цукру, але для першага разу нiчога; зрэшты, iншыя разы для Джын, вiдаць, былi яшчэ менш удалыя.
- Два-тры дрэнныя гады - i Джэк здасца, як i iншыя, - падсумаваў Мэрэй.
Рой не спрачаўся.
Ранiцай ён праверыў пасткi i дастаў з-пад снегу столькi здабычы, што яму стала сорамна за прапушчаны дзень. Дастаючы пасткi з-пад снегу i закладваючы iх на новым месцы, ён заадно не мог не адзначыць асаблiвыя павадкi баброў на новых сцежках у глыбокiм снезе. Часова гэта яго захапiла, асаблiва калi ён натрапiў на двух старых баброў, якiя валiлi невялiкую вярбу. Ён назiраў, як яны паводзiлi сябе: пачалi грызцi ствол не з таго боку i ўсё ж звалiлi вярбу на чысты лёд, дзе iм зручна было адабраць з яе кару. Рой ужо даўно прыйшоў да высновы, што справа зусiм не ў здагадлiвасцi бабра, якi валiць дрэва на ваду альбо на лёд, гэта значыць, iменна туды, куды патрэбна. Тлумачылася гэта проста тым, як раслi дрэвы. Большая частка галiн у вынiку трапiчных умоў расце звычайна на асветленым i адкрытым баку i пераважае сюды дрэва, таму яно i падае на адкрытае месца, як бы нi падгрызалi яго бабры. Аднак Рой усё адно ўсмiхаўся, назiраючы за гэтымi бабрамi, i распачаў з iмi гульню ў снежкi; ён цiхенька наблiжаўся да iх, каб праверыць, як блiзка можна падысцi, перш чым яны пачуюць яго альбо адчуюць яго пах. Ён падышоў крокаў на дванаццаць i лёг у снег, ляпiў снежку. Пасля, асцярожна падняўшы галаву над гурбай, прыцэлiўся i снежкай збiў аднаго бабра з ног. Рой засмяяўся, але ў тое ж iмгненне вярба з шумам упала, i ён здрыгануўся ад нечаканасцi. Спалоханыя бабры знiклi, а Рой, пасмiхаючыся, рушыў далей, на душы ў яго палягчэла. I ўсё-такi ён не зняў ненажэрныя сiло, якiя i на гэты раз падвоiлi яго здабычу.
- Справа ёсць справа, - суцяшаў сябе Рой. - Пакуль можаш, бяры што можаш.
У час абходу ён чуў яшчэ два стрэлы, на гэты раз вельмi блiзка.
"Напэўна, гэты забойца - Сахаты", - падумаў Рой.
Стрэлы яго ўсхвалявалi; але крыху пазней ён зусiм страцiў спакой. На адной са сцежак ён убачыў труп шэрага ляснога ваўка. Гэта быў буйны пляскатагаловы самец з бела-шэра-карычневай пушнiнай. Ён ляжаў на сцежцы мёртвы, зяпа яго была разяўленая, тоўстыя скачанелыя ногi выцягнутыя, як палкi. Здавалася, што ён ужо з тыдзень як здох, але снегам яго не занесла i пушнiна была яшчэ як у жывога. Рой перавярнуў яго скачанелае тулава, ён хацеў знайсцi раны альбо ўкусы, але нiякiх адзнак вiнаватага ў смерцi не было. Прыкметы, аднак, былi вiдочныя, i Рой не стрываў.
Читать дальше