Расказ Роя быў бясконцы, але гэта захапляла Бэрка не менш, чым самога Роя, i ён ахвотна дзялiўся з Роем сваiмi ведамi пра лясных звяроў, але ведамi крыху iншага кшталту: Бэрк расказваў, што бабёр, калi наесца водарасцяў, хварэе жыватом. Ён расказаў Рою, што мядзведзь кладзецца ў бярлогу з-за недахопу ежы, а не з-за нейкага iнстынкту. Што на некалькi месяцаў затрымлiваецца развiццё зародка мядзведзiцы: ён пачынае хутка развiвацца толькi тады, калi яна залягае на зiму ў цёплую бярлогу. Што паласаты суслiк, гэты класiчны зiмоўшчык, падчас зiмовай спячкi знiжае пульс ад нармальных трохсот удараў да чатырох.
Веды Бэрка былi таксама бязмежныя, але ён выбiраў з таго, што было яму вядома, толькi лепшае, каб зрабiць уражанне на Роя. Ён патлумачыў, як ад шматлiкасцi альбо адсутнасцi зайца i лемiнга залежыць усё жыццё лесу, таму што яны з'яўляюцца галоўнай ежай драпежнiкаў. Як заяц размнажаецца да пэўнай мяжы, а затым з-за нейкiх дзiўных прычын пачынае хварэць на страўнiк, i гэта дзiўная хвароба зводзiць яго са свету амаль што цалкам, i тым самым часова затрымлiвае ўвесь цыкл ляснога жыцця ажно да пачатку новага актыўнага размнажэння. Гэта быў найбольш яскравы прыклад жыццёвага працэсу ў лесе, i Рою падабалася, калi яму тлумачылi такiмi спецыяльнымi тэрмiнамi. Бэрк назваў яшчэ адзiн прыклад: лемiнг - маленькая паўночная мыш - качуе тысячнымi чародамi, калi размнажэнне становiцца несувымерным з наяўным харчам; лемiнг качуе на поўдзень цераз азёры i рэкi i, нарэшце, тоне цэлымi мiльёнамi ў рацэ Святога Лаўрэна, пераплысцi якую яму не хапае сiлы. Бэрк даказаў Рою, як наяўнасць альбо адсутнасць гэтых дзвюх жывёлiн вызначае лёс iншай дзiчыны, бо галадоўка распаўсюджваецца на ўсе вiды жывёл. Лiса i рысь з-за адсутнасцi зайцаў вымушана паляваць на норку, скунса i аленя. Воўк таксама пачынае ганяць аленя, нават лася, дабiрацца i да дзiкабраза, а часам зводзiць са свету i болей слабых сваiх суродзiчаў. Церпяць усе вiды мышэй, бо розныя драпежнiкi настойлiва ганяюцца за iмi i на нiжэйшай рысе пэўнага цыкла знiшчаюць амаль цалкам. Iх лёс падзяляюць курапаткi, якiя становяцца галоўнай ежай для рысi, лiсы i норкi, калi зайцоў альбо мышэй становiцца зусiм мала. Парушэнне суадносiн вымушае вушастую саву шукаць замену зайцу i мышы i нападаць на больш буйных жывёлiн. Бэрк расказаў Рою пра ўвесь гэты працэс, i той зразумеў, што нiколi раней нiчым так не захапляўся. Ён толькi час ад часу падыходзiў да печкi, каб паварушыць там дровы, альбо да дзвярэй, каб сплюнуць цераз парог тытунёвую жвачку.
Слухалi i iншыя, i Джэк разумеў, што зрабiў правiльна, калi задумаў усё гэта. Джэк сядзеў наводдаль на лаве, паклаў доўгiя рукi на стол i час ад часу круцiў самакрутку. Зрэдку ён уставаў i падкручваў газоўку цi трос за плячо Зела Сен-Клэра, якi часта драмаў i пачынаў храпцi.
Калi ж Бэрк зноў змянiў гаворку на падрабязны роспыт пра дзiчыну ў Муск-о-гi, Джэк зразумеў, чаго хочуць гэтыя людзi ад Роя, у прыватнасцi, чаго хоча ад Роя Бэрк. Бэрку трэба было атрымаць падрабязныя звесткi пра дзiчыну на ўчастку Роя, звесткi, якiх ён не атрымаў бы, калi б не заваяваў давер Роя. Бэрк цярплiва апрацоўваў Роя, пакуль не пераканаўся, што той можа расказаць усё, пра што яму хацелася даведацца. Ён задаваў Рою дакладна сфармуляваныя пытаннi пра сляды лася i аленя, пра напрамкi i даўжыню iхнiх сцежак, пра сярэднюю колькасць баброў на адну хатку, пра дакладную колькасць андатраў на балотах. Бэрк патрабаваў поўнага малюнка: чым харчуецца дзiчына, дзе яна пераважна жыве (асаблiва норка i лiса), цi ёсць у акрузе ваўкi i колькi iх. Гэта былi дакладныя, амаль што рэзкiя пытаннi, але задаваў ён iх так, што Рой мiжволi адказваў на iх сумленна i дакладна.
Часам Джэка палохала, што Рой падвядзе сябе некаторымi сваiмi адказамi, але Рой, хоць i захапiўся пытаннямi Бэрка, нiчога не сказаў з таго, што магло б выдаць яго незаконныя дзеяннi. Ды i Бэрк не настойваў нi на адным рызыкоўным пытаннi. Калi Рой быў блiзка да таго, каб выявiць, што ён так шмат ведае пра вясновыя звычкi баброў у iхнiх хатках i пра летнiя звычкi норкi iменна таму, што займаўся пазасезоннай лоўляй, Джэк спрабаваў перавесцi гаворку на iншую тэму. Але Роя нельга было збiць з панталыку. У Бэрку ён убачыў чалавека, якi ведаў пра дзiчыну не менш за самога Роя. А Рой любiў лес гэтак жа, як i Бэрк, ён разумеў не толькi барацьбу i раўнавагу ў прыродзе, але i ўвесь працэс ляснога жыцця.
Як i Рой, Бэрк не iмкнуўся ўвесцi ў жывёльны свет нейкiя "павiнен" альбо "не павiнен" i не разглядаў звяроў з пункту погляду iх карысцi для чалавека. Ён прымаў жывёльны свет такiм, якiм ён быў, i гэта больш за ўсё iншае пераканала Роя, што Бэрк заслугоўвае даверу. А пасля Рой зразумеў, чаму Бэрк захацеў заваяваць яго давер. Бэрку патрэбны былi гэтыя звесткi, гэты падрабязны i дакладны малюнак становiшча з дзiчынай у Муск-о-гi як чалавеку, жыццё якога было прысвечана вывучэнню i спазнанню лесу; гэта была яго праца, яго спецыяльнасць; i як знаўца сваёй справы, Рой ахвотна даваў звесткi, якiя патрабавалiся Бэрку, нават разумеючы, што гэта можа паслужыць матэрыялам для нейкага рашэння ўладаў пра Муск-о-гi. У запале Рой неаднаразова быў блiзка да таго, каб выдаць сакрэт сваёй пазасезоннай лоўлi, але Бэрк сам тактоўна засцерагаў яго ад гэткай безагляднасцi.
Читать дальше