- Перастань, Скоцi, - сказаў Рой. - Дай яму пастраляць.
Ведаючы, што гэтага рабiць нельга, але не жадаючы сварыцца з Самсонам, Скоцi разарваў пачак i даў Самсону прыгаршчы патронаў. Самсон сядзеў на адным ложку з Роем, а Мэрэй i Скоцi - на другiм, усе ў адзiн рад ля адной сцяны хацiны. Падстрэшша, з якога вылазiлi мышы, было на iншым канцы, на верхнiм бервяне, якое яднала сцяну са страхой. Па гэтым бервяне мышы маглi бегаць вакол усёй хацiны, але часцей за ўсё яны з'яўлялiся над дзвярыма. Гняздо, вiдаць, было ў iх у куце, за складзенымi цуркамi.
Чацвёра паляўнiчых чакалi з'яўлення першай мышы, ружжо ляжала ў Самсона напагатове папярок калена.
- Калi куля дасць рыкашэт, - сказаў Скоцi, - яна каго-небудзь з нас укакошыць.
- Мо i цябе, Скоцi, - сказаў Рой.
Самсон выстралiў.
Куля вылецела са ствала з хуткасцю каля двух тысяч футаў у секунду. Гэта была куля з мяккiм наканечнiкам, яна стукнулася ў сухое сасновае бервяно зусiм побач з мышшу, адкалола трэску, якою мыш расплюшчыла аб страху, адскочыла да бакавой сцяны i правалiлася ў бярозавыя цуркi. Гук выстрала i вiск рыкашэта прымусiў усiх прыгнуцца i на iмгненне знерухомець. Пасля гэтага Скоцi ўсклiкнуў:
- Ён заразiў твае пяць даляраў, Рой!
- I праўда, халера, патрапiў, - сказаў Рой.
Замест таго каб скончыць гульню, Самсон стаў хвалiцца сваiм майстэрствам.
Нават Скоцi не магло не падабацца, як страляе Самсон. Бо нават п'яны Самсон страляў лепш за ўсiх. Гук выстрала не прымусiў мышэй уцякаць, а толькi ўстурбаваў iх, i Самсон злёту дастаў куляй беланогую мыш, калi яна скокнула на пустую бляшанку з-пад тытуню.
- З такога ружжа нельга прамазаць, - сказаў Мэрэй.
Вiнтоўка Скоцi была новенькая, i яе затвор шчоўкаў з выразным гукам дакладнага механiзма. Гэта было першае, што набыў Скоцi на дэмабiлiзацыйную дапамогу пасля вайны. Безадмоўнае, сучаснае, дальнабойнае i трапнае ружжо. У самога Самсона быў стары бокфлiнт*, i Рой пераконваў, што няма на свеце ружжа больш няўклюднага i дрэнна збалансаванага.
* Двухстволка з вертыкальным размяшчэннем ствалоў.
Самсон карыстаўся самаробнымi валавянымi кулямi, вялiкiмi цяжкiмi балванкамi, якiя зблiзку забiвалi напавал, але на адлегласцi больш за шэсцьдзесят крокаў выдыхалiся.
- А ты паспрабуй са сваёй бранябойкi, - папрасiў Рой Самсона. - Паглядзiм, як лупiць гэтая гармата па маленькiх мышах.
Самсон паспрабаваў i прамахнуўся, валавяная куля зрабiла дзiрку ў страсе, неверагодны выстрал аглушыў iх гулкiм рэхам ад усiх чатырох сцен. Не вытрымаў нават Рой.
- Хопiць, - сказаў ён. - Смальнi вось з гэтага. - I ён падаў сваё ружжо.
Гэта быў паляўнiчы вiнчэстэр з рычажным механiзмам затвора, сама жаданае ружжо лесавiкоў усёй Амерыкi i асаблiва канадскiх трапераў. Яно было не даўжэйшае чым карабiн. Ложа ў яго было пашчапанае, механiзм затвора крыху расхлябаны, але ў руках Роя гэта было дасканалае ружжо. Для свайго калiбра яно мела зычны голас, i першасны шчаўчок яго рычажнага затвора супадаў з выстралам, так хутка ён адбываўся ў руках добрага стралка. Самсон зрабiў з яго два стрэлы: адзiн раз патрапiў, другi прамазаў.
Затым мышы пэўны час не паказвалiся, але ўсе чацвёра цярплiва чакалi.
Зараз кожны вышукваў сабе цэль, i калi перапалоханыя мышы зноў замiтусiлiся з кута ў кут, уверх па сценах i ўнiз па бярвеннях, - адзiн паляўнiчы за другiм спускаў курок, i ўсе разам прыгiналiся, калi куля рыкашэцiла над iхнiмi галовамi альбо скакала каля iх на падлозе. Толькi Скоцi не страляў. Ён любiў страляць, але не хацеў браць удзел у тым, што лiчыў жорсткай забаўкай.
- Гэтыя беланогiя мышы нiкому не робяць шкоды, - казаў ён. - Навошта вы iх расстрэльваеце? Пашкадуйце кулю для пацука.
Рой таксама нiчога не меў супраць мышэй, але сцвярджаў, што яны крадуць у яго шкарпэткi, зацягваюць у нару i робяць з iх гнёзды. Гэта было апраўданнем, да таго ж Рой наўрад цi ўсведамляў, што ён забiвае. Самсон ужо наогул не ўсведамляў, што робiць. Мэрэю было рашуча ўсё роўна, што ён робiць, усё роўна, што трапляла яму на мушку: птушка, звер цi чалавек. У яго была старая вiнтоўка ваеннага ўзору, няўклюдны прыклад якой ён абстругаў пад паляўнiчае ружжо. Гэта зрабiла значна цяжэйшай яе дульную частку, акрамя таго, падчас кожнага стрэлу вочы зацярушвала порахам, але бiла ружжо даволi трапна па асноўнай дзiчыне ласю; страляючы па ласю, ён рэдка прамахваўся.
- Глядзiце, - сказаў Рой у час чарговай перадышкi.
Невялiкая рабая ласка, выскачыўшы з кутка, пагналася за мышшу i знiкла ўслед за ёю. Яна мiльганула так хутка, што яны яе ледзьве прыкмецiлi.
Читать дальше