Сярод ночы вецер пакiнуў гэты край, наступiла цiшыня. Змешанае з пылам паветра прыглушала гукi нават больш, чым туман. Лежачы ў ложках, людзi пачулi, што вецер сцiх, - яны прачнулiся, калi шум яго замёр удалечынi. Яны ляжалi, напружана ўслухоўваючыся ў цiшыню. Неўзабаве заспявалi пеўнi, але галасы iх гучалi глуха, i людзi нервова заварушылiся ў ложках, нецярплiва чакаючы ранiцы. Яны ведалi, што тонкi пыл асядзе не хутка. Ранiцой ён туманам вiсеў у паветры, сонца было ярка-чырвонае, як свежая кроў. Цэлы дзень неба сеяла пыл на зямлю i наступны дзень таксама. Зямля ўкрылася гладкай шэрай коўдрай. Пыл апусцiўся на кукурузу, асеў кучкамi на слупах агароджаў, на правадах, заслаў сабой дахi, траву, абсыпаў дрэвы.
Людзi выходзiлi з дамоў i, удыхнуўшы пякучае, як жар, паветра, паспешлiва прыкрывалi чым-небудзь нос. Дзецi таксама выбягалi на двор, але не насiлiся з крыкам па iм, як гэта бывала пасля дажджу. Мужчыны застылi каля агароджаў i пазiралi на звялую кукурузу, якая хутка сохла i Толькi дзе-нiдзе вызiрала зелянiнай скрозь пласт пылу. Мужчыны маўчалi, амаль не адыходзячы ад агароджаў. I жанчыны выходзiлi з дамоў i стаялi каля мужоў, стараючыся вызнаць, цi хопiць сiлы ў мужчын вытрываць усё гэта. Жанчыны крадком прыглядалiся да iх твараў - кукуруза, што ж, няхай прападае, абы засталося ўсё астатняе. Дзецi стаялi побач, выводзячы пальцамi босых ног узоры на пыле, i таксама старалiся чуццём выведаць, цi хопiць сiлы ў гэтых мужчын i жанчын. Дзецi кiдалi косыя позiркi на дарослых i асцярожна чыркалi па пыле нагамi. Конi падыходзiлi да вадапойных карытаў i, матаючы мордамi, разганялi налёт пылу на паверхнi вады. Нарэшце з твараў мужчын сышла роспачная атарапеласць i ўступiла месца злосцi, лютасцi i ўпартасцi. I тады жанчыны зразумелi, што ўсё абышлося, што мужчыны не зламаюцца. Яны пыталiся ў iх: што ж цяпер рабiць? Мужчыны адказвалi: самi не ведаем. Але цяпер было ўжо не страшна, i дзецi таксама зразумелi - не так страшна. Жанчыны i дзецi цвёрда ведалi: няма такой бяды, якую нельга сцярпець, абы толькi мужчын яна не зламала. Жонкi вярнулiся да хатнiх спраў, дзецi занялiся гульнёй, але напачатку не вельмi дурэлi. На працягу дня сонца з кожнай гадзiнай рабiлася ўсё менш чырвоным. Яно палiвала спёкай укрытую пылам зямлю. Мужчыны сядзелi на ганках сваiх дамоў - хто круцiў у руках пруток, хто падкiдваў i лавiў далонню каменьчык. Сядзелi моўчкi... думалi... разважалi...
РАЗДЗЕЛ ДРУГI
Каля прыдарожнага рэстаранчыка-бара стаяў вялiзны грузавы аўтафургон. Вертыкальная выхлапная труба глуха вуркатала, над ёю слаўся ледзь бачны воку шызаваты дымок. Зусiм новенькi грузавiк паблiскваў свежай чырванню, футавыя лiтары па баках абвяшчалi: ТРАНСПАРТНАЯ КАМПАНIЯ АКЛАХОМА-СIЦI. Шыны на падвойных колах былi новыя, на засаўцы шырокiх заднiх дзверцаў стаяў тарчком медны вiсячы замок. За загароджанымi сеткамi дзвярыма i вокнамi бара iграла радыё - спакойная танцавальная музыка, уключаная зусiм цiха, як бывае, калi няма каму слухаць. Маленькi вентылятар бязгучна круцiўся ў круглым гняздзе над уваходам, мухi зласлiва гулi, б'ючыся аб металiчныя сеткi. У бары быў толькi адзiн наведнiк - вадзiцель грузавога фургона. Ён сядзеў на табурэце каля стойкi, абапершыся на яе локцямi, i паўзверх шклянкi з кавай глядзеў на хударлявую буфетчыцу, якая нудзiлася ад самоты. Ён вяла перакiдваўся з ёю словамi, пераскокваючы з аднаго на другое, - такiя гутаркi часта заводзяцца мiж людзьмi ў прыдарожных барах. Шафёр сказаў:
- Я стрэў яго месяцы тры назад. Пасля аперацыi. Яму там нешта выразалi. Запамятаваў што.
А яна:
- Толькi ж на тым тыднi яго бачыла. Здаровы быў з выгляду. Хлапец нядрэнны, пакуль не набярэцца.
Мухi раз-пораз з цiхiм гудзеннем наляталi на металiчную сетку дзвярэй. Кававы агрэгат за спiнай буфетчыцы запыхкаў парай, i жанчына, не азiраючыся, працягнула руку назад i выключыла яго.
Па абочыне шашы iшоў чалавек. Убачыўшы грузавiк, павярнуў да яго. Не спяшаючыся, падышоў, крануў рукой блiскучае крыло i зiрнуў на наклейку на ветравым шкле: "Пасажыраў браць забаронена". Ён намерыўся ўжо iсцi далей сваёй дарогай, але раптам перадумаў i сеў на падножку грузавiка, якая была схавана ад бара кабiнай. З выгляду яму было не болей за трыццаць. Цёмна-карыя вочы з жаўтаватымi бялкамi, рэзкiя шырокiя скулы, дзве глыбокiя маршчыны на шчоках i па кутках рота. Верхняя губа ў яго выцягнулася, бо зубы выдавалiся наперад, а ён стараўся трымаць рот закрытым. Рукi былi агрубелыя, з шырокiмi пальцамi i тоўстымi, цвёрдымi, як створкi ракавiнак, пазногцямi. На западзiне памiж вялiкiм i ўказальным пальцамi i на падушачках далоняў святлелi мазалi.
Читать дальше