Незалежнасьць – гэта калі ніхто ня страшыць цябе, што твой народ ня зможа выжыць безь вялікага старэйшага брата, бо ня мае сваіх баксітаў ці алмазаў, і ты разумееш, што зусім дарэмна шкадаваў гаротных галяндцаў ці бэльгійцаў, якія ня маюць ні баксітаў, ні алмазаў, ні нават старэйшага брата.
Незалежнасьць – гэта калі велізарныя аўтафуры з надпісам «Центровывоз» (ці бачыў ты хоць раз такія фуры, дзе было б напісана «Центроввоз»?) падрулююць не да чужых, а да нашых крамаў.
Незалежнасьць – гэта калі раптам высьветліцца, што сьветлыя галовы ёсьць і ў нас, і калі – крый Божа! – выбухне завод ці прычыніцца якое іншае ліха, ня трэба будзе чакаць, пакуль прыедзе камісія з маскоўскіх разумнікаў.
Незалежнасьць – гэта калі на Божай пасьцелі ведаеш, што пасьля таго, як ты памяняеш гэты сьвет на лепшы, на месцы царквы ці касьцёлу, дзе цябе хрысьцілі і дзе ты вянчаўся, ня выкапаюць сажалку з брудным лебедзем і не пабудуюць басэйн імя XXVIII зьезду КПСС, а могілкі, дзе будуць спачываць твае косьці, не зьнясуць і не ператвораць у закіданы пустымі пляшкамі парк культуры й адпачынку імя таварыша Гарбачова.
Незалежнасьць – гэта…
Незалежнасьць – гэта калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім чалавекам на сваёй зямлі.
Я веру, што калі-небудзь так будзе. Бо йначай проста ня варта жыць.
Люты, 1990
Мой радавод да пятага калена, або Спроба пазьбегнуць выгнаньня
– Пишешь, писатель… – перш чым папрасіць чырвонец, спачувальна кажа сусед, аглядаючы мой стол.
Суседаў позірк спыняецца на томе «Витебской старины».
– Сотни на две потянет? – пытаецца ён.
Я дастаю партманэтку і працягваю яму грошы.
– Обижаешь, писатель, – гаворыць сусед і глядзіць чырвонец на сьвятло.
– Уберите Ленина с денег! – раптам цытуе ён раньняга А. Вазьнясенскага й бесцырымонна плюхаецца ў мой фатэль.
На стале стосік аркушаў, на верхнім я пасьпеў ужо напісаць назву.
– Мой ра-да-вод… – сьлібізуе сусед, засунуўшы нос у мае паперы. – Всё по-белорусскому. Вчера, между прочим, по телеку тебя смотрел. Агитируешь… Всё равно народ за вами не пойдёт.
Ён на ўсялякі выпадак хавае чырвонец у кішэню і кажа далей:
– Понял, писатель? Но пасаран, как говорил товарищ Альенде, вечная ему память. Ну ладно, не обижайся. Мой ра-да-вод да пя-та-га ка-ле-на… Это как понимать – до пятого колена? Про что?
– Пра генэалёгію, – адказваю я.
– Ну, ты даёшь, старичок! – чамусьці радуецца сусед.
– Её ж у мужиков не бывает.
Ён на хвіліну задумваецца і ў выніку нейкіх загадкавых меркаваньняў ухваляе мой намер:
– А в общем, давно пора тебе что-нибудь такое соорудить, для народа.
Ён расказвае мне барадатую показку пра жанчыну, гінэколяга і сантэхніка, а потым яшчэ адну показку пра гінэколяга і двух грузінаў, і да мяне даходзіць, што сусед відавочна пераблытаў генэалёгію з гінэкалёгіяй. На дадатак ён выцягвае з кішэні і, натхняючы мяне на стварэньне новага літаратурна-мастацкага твору, вахлікам раскладвае на стале калоду парнаграфічных картаў.
Нарэшце мы разьвітваемся, і я выпісваю з аднае выдадзенае на пачатку нашага стагодзьдзя кнігі падкрэсьленыя калісьці, можа, яшчэ за праклятым царызмам, словы: «Мелі тыя крывічы звычай: калі дасягаў у іх юнак паўналецьця, мусіў ён, каб назвацца мужчынам, пераплысьці хуткую ды глыбокую раку, упаляваць тура або мядзьведзя, раскласьці ў залеву вогнішча, а таксама распавесьці суродзічам аб продках сваіх да пятага калена… Калі ж ня ведаў ён роду свайго, дык падлягаў выгнаньню, бо ўважалася, што род ягоны, а значыцца, і зямля бацькоўская яму не дарагія, і можа ступіць ён на шлях здрады».
Побач, на палях, яшчэ відаць накіданае алоўкам і ўжо амаль сьцёртае часам дрэва нечага радаводу.
Як вы ўжо зразумелі, на штосьці падобнае падбіла гэтая кніга і мяне.
Няхай даруе мне стрыечная бабуля Грыпінка, што чытала «Чорную магію», умела спыняць кроў, заўсёды заходзіла ў хату да мае роднае бабулі акурат тады, калі мы сядалі за стол і бралі ў рукі лыжкі, лекавала людзей і худобу зёлкамі ды сем гадоў сядзела ў сталінскіх лягерах – пэўна, усё ж не за антысавецкую й контрарэвалюцыйную дзейнасьць, а сапраўды за знахарства. Зрэшты, нядаўна я чытаў кнігу пра лекавыя расьліны Беларусі, якая пачынаецца з словаў «Коммунистическая партия проявляет неуклонную заботу о здоровье советских людей». Хто ведае, мо бабулі Грыпінцы інкрымінавалі якраз тое, што, зьбіраючы зёлкі, яна насьмелілася клапаціцца аб тым, аб чым мела права клапаціцца толькі камуністычная партыя?
Читать дальше