Я зразумеў, што тут жыве чараўніца Аксіня. Доўга стаяў і думаў: ці ісці да яе? Яна мяне не прыме ў воўчым абліччы, трэба з ёю дзе-небудзь на праходцы спаткацца, пакорліва ўпасці да яе ног і прасіць злітвацца над маім лёсам. Схаваўся я ў лаўжы і чакаў тае шчаслівае хвіліны.
Сонца схавалася за лясы і горы; узлескі ўжо пакрыў вечаровы змрок, а недалёкае возера, акружанае густою лазою, яшчэ свяцілася. Бачу: усе каты – з хаты, з даху, з падворка бягуць на луг, зрываюць зубамі нейкую траву і ў міг вока ператвараюцца ў дзяўчат, рассыпаюцца між кустоў, спяваюць песні, скачуць; іншыя зрываюць кветкі і ўюць вянкі. Бягу і я на лугавіну. Убачыў тую траву з дробненькімі блакітнымі кветачкамі; як толькі яе сарваў і праглынуў, адразу ж прымаю чалавечае аблічча. З невыказнай радасцю бягу ў гурт легкадумных русалак, скачу з імі, бегаю, весялюся, зусім забываю пра сваё няшчасце.
Гэтыя гульні і радасць доўжыліся да позняе ночы. Змоўклі ўсе птушкі ў лесе, толькі крычалі няясыці. Прыляцела сава і, седзячы на чараўніцынай страсе, свяціла вачыма, і рагатала, і енчыла, нібы немаўля. Тут нечакана зашумеў лес і вада ў возеры пачала плёскаць аб бераг. [65] Жыве сярод беларусаў (асаблiва ў паўночных паветах) вера, што апоўначы заўсёды шумяць лясы i вада ў азёрах адначасова з крыкам пеўня робiцца неспакойнаю.
Русалкі закрычалі: «Поўнач! Поўнач!» – і адразу ўсе перамяніліся ў котак і пабеглі на Аксінін падворак; адны караскаліся на дах, другія праз вакно хаваліся ў хату. А я – зноў зрабіўшыся ваўком – пабег у лес, лёг пад густой ялінаю і разважаў пра гэтае здарэнне, шкадуючы, што нядоўга пабыў чалавекам; вырашыў застацца тут і хоць на кароткі час забыць пра сваё няшчасце.
Назаўтра прычакаў вечара, і гэтаксама коткі паператвараліся ў дзяўчат, а да мяне вярнулася чалавечае аблічча. Я бавіўся з імі, весела і непрыкметна бег час.
Тут адна з зачараваных дзяўчат, гледзячы на мяне з нейкай пагардаю, сказала:
– Мне ён не падабаецца.
– Чаму не падабаюся? – пытаюся, падыходзячы да яе.
– Таму што бачыла, як ты ператвараешся ў ваўка, а я ваўкоў ненавіджу, бо праз ваўка я няшчасная.
– Як гэта?
– Калі я жыла яшчэ з бацькамі, пасвіла гусі ў полі, воўк схапіў мяне і занёс у лясныя нетры, кінуў там, а сам знік. Блукала я па пушчы, плакала і крычала, не ведаючы, у які бок падацца. Раптам на мой голас прыляцела ў вобліку чорнае птушкі Аксіня, перамянілася ў кабету і, узяўшы мяне за руку, сказала:
– Ты не выйдзеш з гэтае лясное пустэльні. Нападуць на цябе дзікія звяры і разарвуць. Ідзі лепш у маю хату, у мяне жыць весела, штовечар скокі і песні. Ты ж маладая дзяўчына і, відаць, любіш паскакаць?
Не хацела спачатку яе слухаць, але, падумаўшы, што ў гэтых дзікіх лясах ніхто мне не дапаможа, згадзілася ўрэшце з яе прапановаю. Не ведаю, як я апынулася ў хаце ў гэтае чараўніцы. О, пракляты ваўкалак! Чаму ж ты мяне не разарваў ў лесе? Лепш памерці, чым быць цэлы дзень зверанём і толькі на хвіліну забываць пакуты.
Слухаючы Ганчыны нараканні, задрыжаў я ўвесь, імгненна ператварыўся ў ваўка. І адазваліся ў памяці: бацькава роспач, лямант няшчаснае дзяўчынкі, і сабакі пачалі рваць маё цела. Кідаюся ў лес, бягу ўсю ноч без спачынку – нідзе не магу схавацца ад жахлівага ўспаміну і пагоні тых страшных сабак.
Нясцерпнае зрабілася жыццё, нідзе не знаходжу спакою, бегаю ў роспачы па гарах і лясах; страціў ужо і надзею, што калі-небудзь хоць на хвіліну пакінуць мяне пакуты.
Блукаючы без адпачынку, прабягаў неяк ля палетка, дзе ў засені бярозы палуднавалі аратыя. Бачу: едзе па дарозе ксёндз, спыняецца, падыходзіць да сваіх парафіянаў. Пачалася доўгая размова пра розныя духоўныя рэчы: ксёндз іх павучаў, каб жылі між сабою ў згодзе і сяброўстве, даравалі адзін аднаму крыўды і не думалі ніколі пра помсту, бо помста найболей супярэчыць рэлігіі і агідная Богу. Яна прыніжае чалавечую годнасць да стану жывёлы, а дабрачыннасць і лагоднасць улагоджвае міласэрнасць Божую.
Схаваўшыся ў густым кустоўі, я чуў усе словы ксяндза і адразу вырашыў не толькі не шкодзіць людзям, але нават старацца ім служыць і дапамагаць у чым толькі змагу: а можа, і нада мною Бог злітуецца, душа ж мая несмяротная. З гэтымі думкамі і пакінуў ксяндза і аратых.
Прайшло некалькі дзён. Блукаючы, думаў сам сабе: што я магу зрабіць добрага ў такім пагарджаным усімі воўчым абліччы? Ледзь падыду да чалавечага жытла, як усе крычаць на мяне і сабакамі цкуюць, дык мушу як найхутчэй уцякаць у лес. Аднак жа не адмовіўся ад свайго намеру. Колькі разоў адганяў лісіцу, што падкрадалася да гусей ці індыкоў, якіх неабачліва пакідалі ў полі. Калі заўважыў непадалёку ад гавяды мядзведзя, дык выбег першы з лесу, каб адагнаць статак з небяспечнага месца і папярэдзіць пастухоў. Няраз адбіраў барана, якога воўк выхапіў з чарады якой-небудзь беднае ўдавы. Так жывучы, я крыху супакоіў свае думкі, мог ужо заснуць, хоць і ненадоўга; у сне мілыя мроі нагадвалі мне мінулае, калі быў яшчэ чалавекам.
Читать дальше