І ён стукнуў птушку галавой аб дрэва. Потым гэтак жа забілі і зайца.
— Адкуль ты ведаў, што там дзеецца? — запытаўся Мірон, калі яны са здабычай вярнуліся на сваё месца.
— Жаласны піск паказваў, што гэта нейкі невялікі звярок трапіў у бяду. Тузаніна ў кустах сведчыла, што і вораг яго не надта моцны, калі яны так доўга тузаюцца. Потым пачулася нібы плясканне крылаў, і тады мне прыйшла ў галаву думка, што гэта, мусіць, якая сава напала на зайца, як гэта часта пішацца ў кнігах. Але ж і запусціла кіпцюры ў спіну! Сама хацела вырвацца, ды не магла, таму і ўдалося схапіць. А цяпер паспрабуем запалкі, можа, ужо будуць гарэць.
Тыцнуўся Віктар туды-сюды, а запалак няма.
— Згубіў у час тузаніны, — прамовіў ён у роспачы.
Хацеў быў накінуцца на яго Мірон, але раздумаў.
— Знойдзеш заўтра, — сказаў ён лагодна. — Ды, мусіць, і страта невялікая, бо, відаць, усё роўна з іх толку не было б.
— А есці хочацца… — неяк жаласна сказаў Віктар.
— Ты ж казаў, што мог бы есці сырое. Вось і еш.
— Ну, ну! Лёгка казаць. Але ўсё ж такі, што мы будзем рабіць заўтра?
— Заўтра і будзем меркаваць, — сказаў Мірон і лёг у сваё логава. — А цяпер будзем спаць. Вось палажы сабе з другога боку зайца — хай грэе, а я палажу пугача.
Нарэшце дзённыя і начныя турботы змарылі хлопцаў, і яны заснулі так моцна, што, мусіць, цяпер іх не разбудзіў бы ні гром, ні мароз. А калі яшчэ паднялося сонца ды прыгрэла іх, то яны праспалі аж да поўдня. Прачнуліся, селі, азіраюцца.
— Учора гэтай парой як пад'еў… — пачаў быў Віктар.
— Давай пашукаем нашы запалкі, — перапыніў яго Мірон. — Тады і пад'ясі.
Расплюснуты карабок з дзвюма запалкамі знайшлі хутка. З хваляваннем чыркнулі — запалка засіпела і больш нічога. А другая нават і не засіпела…
— Ну і ліха з імі! — раззлаваўся Віктар і ўскінуў на спіну зайца. — Хадзем лепш дахаты.
— А што рабіць з гэтай дурной савой?
— Вядома, браць. Гэта ж добры ўлоў. Зробім чучала і паставім у нашым прыродазнаўчым музеі з надпісам: «Злоўлены ў Палескай пушчы героямі-падарожнікамі і даследчыкамі Міронам Бажком і Віктарам Калягам уласнымі рукамі, без ніякай зброі». Нават і зайца я згодзен ахвяраваць для навукі і славы.
І яны пайшлі ўздоўж возера ў той бок, дзе павінен быў знаходзіцца іх дом.
«Па-а марам!» — Усё направа ды направа. — Зайцаў абед. — Зноў на тым самым месцы.
Шпарка ішлі яны наперад па сухім бары. Злева час ад часу выблісквала возера. Бярозы, алешыны, вербалоз з маленькімі светла-жоўценькімі лісточкамі атачалі яго, нібы мярэжкі. Елкі і сосны на гэтым фоне здаваліся зусім чорнымі. Вясёлае веснавое сонейка шнырала паміж дрэў і цешыла і расліну, і птушку, і ваду, і нашых хлопцаў.
Прырода, вясна і маладосць напоўнілі іх жыццярадаснасцю. Нават на голад забыліся.
— Па-а марам, марам, марам, мара-ам! — зацягнуў Віктар.
— Сёння тут, а заўтра там! — падхапіў Мірон.
А ў адказ ім загуло ў лесе: «А-а-ам!»
— Ведаеш што? — звярнуўся Віктар да Мірона. — Я ўжо шкадую, што мы накіраваліся дадому. Я ахвотна згадзіўся б пажыць тут некалькі дзён. Тут табе і мора, і першабытны лес, і звяроў можна рукамі лавіць.
— Ды і я нічога супраць не меў бы, — усміхнуўся Мірон, — але есці няма чаго.
— А гэта што? — пакруціў Віктар зайца над галавой.
— А якім чынам яго засмажыш?
— Здабудзем агонь, як гэта робяць дзікуны, — і ўся табе музыка.
— А хлеба, солі дзе ўзяць?
— Булкі, чаю, каўбасы! — перадражніў Віктар. — Эх ты! А як жа эскімосы ды папуасы жывуць увесь век без гэтага? А ты і некалькі дзён баішся пражыць.
— Пачакай, яшчэ, можа, давядзецца і супраць нашай волі пажыць тут, — прамовіў Мірон, калі глянуў наперад.
Там мясцовасць паніжалася, пераходзіла ў балота, а за ім далёка зноў блішчала вада.
— Бачыш, і там вада. Значыцца, трэба зварочваць.
Павярнулі направа. Цяпер пайшла ўжо нізіна; пад нагамі чвякала і пырскала вада. Густы ельнік яшчэ болей перашкаджаў ісці. Яны стараліся скарыстаць кожную магчымасць, каб пасунуцца ў свой бок, налева, але кожны раз павінны былі адступацца назад.
Знайшлі былі больш-менш сухую невысокую граду, якая цягнулася на поўдзень, але хутка выявілася, што гэта быў толькі клін, які ўпіраўся ў возера ці балота, — хто яго цяпер разбярэ! Прыйшлося вяртацца назад.
Гэтак ішлі яны гадзіны са тры. Настрой у абодвух даўно ўжо сапсаваўся. Не толькі ў Віктара ў чаравіках, але і ў Мірона ў ботах хлюпала вада. Змарыліся хлопцы страшэнна, а голад пачаў так дапякаць, што і вясна, і ўвесь свет зрабіліся нямілымі.
Читать дальше