Але як забраць падарунак, які нам прапанавалі? Выйсці на бераг мы не адважваліся: мы баяліся дзікуноў, а яны — нас. І вось, каб абодва бакі адчувалі сябе ў бяспецы, дзікуны склалі на беразе ўсю правізію, а самі адышліся далей. І толькі пасля таго, як мы пераправілі правізію на шлюпку, яны вярнуліся на ранейшае месца.
Дабрыня дзікуноў усхвалявала нас, мы дзякавалі ім на мігах, таму што самі не маглі зрабіць ім ніякіх падарункаў.
Праўда, у той жа момант здарылася магчымасць і ў нас зрабіць ім вялікую паслугу.
Не паспелі мы адплысці ад берага, як раптам убачылі, што з-за гор выбегла два магутныя страшэнныя звяры. Яны імчаліся што было сілы проста да мора. Нам здалося, што адзін з іх гоніцца за другім. Людзі, якія былі на беразе, асабліва жанчыны, страшэнна напалохаліся. Усчалася мітусня, некаторыя закрычалі, заплакалі. Толькі той дзікун, у якога было кап'ё, застаўся на месцы, усе астатнія кінуліся бегчы хто куды. Але звяры імчаліся проста да мора і нікога з чарнаскурых не зачапілі. Тут толькі я ўбачыў, якія яны велізарныя. Яны з разбегу кінуліся ў ваду і пачалі даваць нырца і плаваць, так што, бадай, можна было падумаць, нібыта імчаліся яны сюды з адзіным толькі намерам пакупацца ў моры.
Раптам адзін з іх падплыў даволі блізка да нашай шлюпкі. Гэтага я не чакаў, але для мяне гэта не было знянацку: зарадзіўшы хутчэй стрэльбу, я падрыхтаваўся сустрэць ворага. Як толькі ён наблізіўся да нас на адлегласць ружэйнага стрэлу, я спусціў курок і прастрэліў яму галаву. У той жа момант звер апусціўся ў ваду, потым вынырнуў і паплыў назад да берага, то знікаючы ў вадзе, то ўсплываючы зноў на паверхню. Ён змагаўся са смерцю, захлынаючыся ў вадзе і сцякаючы крывёю. Не даплыўшы да берага, ён пайшоў на дно.
Ніякімі словамі немагчыма выказаць, як былі ашаломлены дзікуны, калі пачулі грукат і ўбачылі агонь майго стрэлу: некаторыя ледзь не паўміралі са страху, пападалі ніцма на зямлю, як нежывыя.
Але, убачыўшы, што звер забіты і я раблю ім знакі падысці бліжэй да берага, яны пасмялелі і стоўпіліся каля самай вады: відаць, ім вельмі хацелася знайсці пад вадою забітага звера. У тым месцы, дзе ён затануў, вада была пафарбавана крывёю, і таму я вельмі лёгка адшукаў яго. Зачапіўшы звера вяроўкаю, я кінуў канец яе дзікунам, і яны прыцягнулі забітага звера да берага. Гэта быў вялізны леапард з незвычайна прыгожай плямістай шкурай. Стоячы над ім у здзіўленні, дзікуны ўзнялі рукі ўгару; яны не маглі зразумець, чым я забіў яго.
Другі звер, наплохаўшыся майго стрэлу, падплыў да берага і памчаўся назад у горы.
Я заўважыў, што дзікунам вельмі хацелася паласавацца мясам забітага леапарда, і мне прыйшло ў галаву, што будзе добра, калі я падару ім яго.
Я паказаў ім на мігах, што яны могуць забраць звера сабе.
Яны горача падзякавалі мне і ў той жа момант узяліся за справу. Нажоў яны не мелі і дзейнічалі вострай трэскай, аднак шкуру з мёртвага звера злупілі так хутка і спрытна, як бы мы не справіліся і нажом.
Яны прапанавалі мне мяса, але я адмовіўся, знакам паказаўшы, што дарую яго ім. Я папрасіў у іх шкуру, якую яны аддалі мне вельмі ахвотна. Апрача таго, яны прынеслі мне яшчэ правізіі, і я з радасцю прыняў іх дар. Затым я папрасіў у іх вады: я ўзяў адзін з нашых збаноў і перавярнуў яго дагары дном, каб паказаць, што ён пусты і што я прашу наліць яго. Тады яны нешта крыкнулі. Неўзабаве з'явіліся дзве жанчыны і прынеслі вялікую пасудзіну з абпаленай гліны (напэўна, дзікуны абпальваюць гліну на сонцы). Гэту пасудзіну жанчыны паставілі на беразе, а самі адышліся, як і раней. Я адправіў Ксуры на бераг з усімі трыма збанамі, і ён наліў іх да краёў.
Атрымаўшы такім чынам ваду, мяса і хлебныя зярняты, я развітаўся з прыязнымі дзікунамі і на працягу адзінаццаці дзён плыў у ранейшым кірунку.
Кожную ноч у час штылю мы выкрасалі агонь і запальвалі ў ліхтары самаробную свечку, спадзеючыся, што якое-небудзь судна заўважыць наша малюсенькае полымейка, але ніводнага карабля нам так і не трапілася па дарозе.
Нарэшце, міляў за пятнаццаць наперадзе, я ўбачыў паласу зямлі, якая далёка выступала ў мора. Надвор'е было ціхае, і я скіраваў у адкрытае мора, каб абагнуць гэту касу. У той момант, калі мы абгіналі яе, я выразна ўбачыў міляў за шэсць ад берага з боку акіяна другую зямлю і зрабіў для сябе вывад, што вузкая каса — гэта і ёсць Зялёны мыс, а тая зямля, што бачыцца ўдалечыні, — адна з выспаў Зялёнага мыса. Але выспы былі вельмі далёка, і я не адважыўся накіравацца да іх.
Читать дальше