Спачатку мы спадзяваліся, што здолеем выратавацца ад іх уцёкамі, і таксама паднялі ветразі. Аднак хутка стала відавочна, што гадзін праз пяць-шэсць яны нас абавязкова дагоняць. Мы зразумелі, што неабходна рыхтавацца да бою. У нас было дванаццаць гармат, а ў ворага — васемнаццаць.
Каля трох гадзін апоўдні разбойніцкі карабель дагнаў нас, але піраты зрабілі вялікую памылку: замест таго каб падысці да нас з кармы, яны падышлі з левага борта, дзе ў нас было восем гармат. Выкарыстаўшы іх памылку, мы навялі на іх усе гэтыя гарматы і далі залп.
Туркаў было не менш дзвюх соцень чалавек, таму яны адказалі на нашу страляніну не толькі гарматным, але таксама і ружэйным залпам з двухсот стрэльбаў.
На шчасце, у нас нікога не зачапіла, усе засталіся жывыя і не параненыя. Пасля гэтай сутычкі пірацкае судна адышло на паўмілі [5] Міля — мера даўжыні каля 1609 метраў.
і пачало рыхтавацца да новага нападу.
Мы ж, у сваю чаргу, падрыхтаваліся да новай абароны.
На гэты раз ворагі падышлі да нас з другога борта і ўзялі нас на абардаж, гэта значыць зачапіліся за наш борт бусакамі, чалавек шэсцьдзесят уварваліся на палубу і перш за ўсё кінуліся секчы мачты і снасці.
Мы сустрэлі іх ружэйнай стралянінай і двойчы вызвалялі ад іх палубу, але ўсё роўна вымушаны былі здацца, таму што наш карабель ужо быў не прыгодны для далейшага плавання. Трое з нашых людзей былі забітыя, восем чалавек паранена. Нас як палонных завезлі ў марскі порт Салех, які належаў маўрам [6] Маўры — паўночнаафрыканскія арабы-мусульмане.
.
Іншых ангельцаў забралі і адправілі да двара жорсткага султана, а мяне капітан пірацкага судна пакінуў пры сабе і зрабіў сваім рабом, бо я быў малады і спрытны.
Я горка заплакаў: я ўспомніў прадказанне майго бацькі, што рана ці позна са мною здарыцца бяда і ніхто не прыйдзе мне на дапамогу. Я думаў, што менавіта цяпер такая бяда мяне і напаткала. Але дарэмна я так думаў. Наперадзе мяне чакалі яшчэ страшнейшыя няшчасці.
Я спадзяваўся, што мой новы ўладар, капітан разбойніцкага судна, пакінуўшы мяне пры сабе, калі ён зноў адправіцца рабаваць марскія караблі, возьме мяне з сабою таксама. Я быў цвёрда ўпэўнены, што, нарэшце, ён трапіць у палон да якога-небудзь гішпанскага ці партугальскага ваеннага карабля і тады я атрымаю волю.
Але хутка я зразумеў, што гэтыя спадзяванні былі дарэмныя, таму што ў першы ж раз, калі мой уладар выйшаў у мора, мяне ён пакінуў дома выконваць чорную работу, якую звычайна выконваюць рабы.
З гэтага дня я толькі і думаў пра ўцёкі. Але ўцячы было немагчыма: я быў знясілены і адзінокі.
Сярод палонных не было ніводнага ангельца, каму я здолеў бы паверыць.
Два гады пакутваў я ў палоне, не маючы ніякай надзеі на выратаванне. Але на трэці год мне ўсё ж удалося ўцячы.
Адбылося гэта так: мой уладар заўсёды, раз ці два на тыдзень, браў карабельную шлюпку і плыў на ўзмор'е лавіць рыбу. У кожную такую паездку ён браў з сабою мяне і хлапчука, якога звалі Ксуры. Мы старанна веславалі і як умелі пацяшалі свайго ўладара. А паколькі я, у дадатак, яшчэ аказаўся і някепскім рыбаловам, ён часам пасылаў нас абаіх — мяне і гэтага Ксуры — па рыбу пад наглядам аднаго старога маўра, свайго далёкага родзіча.
Аднойчы мой гаспадар запрасіў двух вельмі важных маўраў пакатацца з ім на яго паруснай шлюпцы. Для гэтай паездкі ён нарыхтаваў вялікія запасы ежы, якія звечара яшчэ адправіў да сябе на шлюпку. Шлюпка была прасторная. Гаспадар яшчэ гады два назад загадаў свайму карабельнаму цесляру зрабіць там невялікую каюту, а ў каюце — кладоўку для прадуктаў. У гэту кладоўку я і склаў усе прыпасы.
— Можа здарыцца, што госці пажадаюць наладзіць паляванне, — сказаў мне гаспадар. — Вазьмі на караблі тры стрэльбы і занясі іх у каюту.
Я зрабіў усё, што мне было загадана: вымыў палубу, узняў на мачце сцяг і на другі дзень з раніцы сядзеў у шлюпцы і чакаў гасцей. Раптам гаспадар прыйшоў адзін і сказаў, што госці сёння не паедуць, таму што іх затрымалі справы. Затым ён загадаў нам траім — мне, хлапчуку Ксуры і маўру — плыць у нашай шлюпцы на ўзмор'е па рыбу.
— Мае сябры прыйдуць да мяне вячэраць, — сказаў ён, — і таму вы, як толькі наловіце дастаткова рыбы, нясіце яе сюды ж.
Вось тады зноў і абудзілася ва мне даўняя мара пра волю. Цяпер у мяне было судна, і, як толькі гаспадар пайшоў, я пачаў рыхтавацца — не да рыбнай лоўлі, а ў далёкае плаванне. Праўда, я не ведаў, куды паплыву, але ўсякая дарога добрая — абы толькі ўцячы з няволі.
Читать дальше