— Цяпер яны не ўцякуць, каб нават і ногі былі не звязаныя.
Тыя два, якіх звязалі яшчэ раніцай, пачалі прасіцца:
— Рукі здранцвелі, развяжыце хоць на некалькі хвілін.
— Выбачайце, — адказаў Саўчук, — цяпер аніяк нельга. Прыйдзецца яшчэ трошкі пацярпець. Я таксама цярпеў. Вы тым часам пасядзіце тут ля вогнішча, можаце нават распачаць свой сход. Шкада толькі, што старшыня ваш забіты.
— Сам вінаваты, — сказаў адзін з бандытаў. — Не знішчыў гэтых шчанят, калі была магчымасць, дык цяпер і сам загінуў і нас загубіў.
Хлопцы адчулі задавальненне, што бандыты так высока ацанілі іхнюю ролю ў гэтай справе.
Пасля таго Саўчук адвёў хлопцаў убок і сказаў:
— Баявыя аперацыі мы з вамі скончылі паспяхова. Ёсць і трафеі, і палонныя. А як нам з усім гэтым выбрацца адсюль? Правесці ўсіх са звязанымі рукамі па тых кладках немагчыма. Апрача таго, у нас ёсць яшчэ двое раненых, з якіх аднаго прыйдзецца несці. І забітага трэба было б пахаваць, а няма чым. Адным словам, мы самі з усёй гэтай аперацыяй не справімся. Так?
Мірон і Віктар павінны былі згадзіцца, што яно так. Значыцца — трэба ісці па дапамогу. Ісці можа толькі адзін таварыш Саўчук. А хлопцам прыйдзецца заставацца тут і пільнаваць гэтую кампанію…
— Гэта вельмі сур'ёзная справа, — казаў Саўчук. — Для вас яна больш сур'ёзная, чым усе сённяшнія ваенныя дзеянні. На працягу ўсёй ночы вы будзеце рызыкаваць жыццём кожную хвіліну, бо яны будуць прыдумваць усялякія штукі. Будзьце пільнымі, не спускайце з іх вачэй усю ноч. Калі што якое, страляйце не задумваючыся. Як вам здаецца, справіцеся?
— Справімся! — упэўнена адказаў Віктар.
А Мірон трошкі падумаў і тады ўжо сказаў:
— Ды нам нічога іншага не застаецца, як справіцца.
— А цяпер пойдзем праверым усе вузлы і вяроўкі, — павярнуўся Саўчук. — Прыгледзьцеся добра, як яны звязаны.
Звязаныя злосна бурчалі:
— Зноў праверка! Ды вы толькі што звязвалі. Лепш есці далі б.
— Ціха, ціха, — лагодна казаў Саўчук. — Усё будзе ў свой час. А цяпер пацярпіце адну толькі ноч. Больш вас ніколі звязваць не будуць.
Затым Саўчук дапамог хлопцам назапасіць галля на ноч і пасля таго рушыў у дарогу.
Апошняя ноч на востраве. — «Кармленне звяроў». — Хітрыкі палоннікаў. — Смалены бандыт. — Зварот дадому.
Хлопцы зноў засталіся ў лесе. Але цяпер перад імі сядзела пяць чалавек ды шосты ляжаў побач. І людзі гэтыя для іх былі больш небяспечныя, чым усе тутэйшыя звяры.
Калі бандыты ўбачылі, што старэйшы пайшоў, яны ажывіліся і пачалі перагаворвацца. Відаць, яны сцямілі, што той пайшоў па дапамогу і вернецца няхутка, а таму ў іх з'явілася надзея як-небудзь абдурыць гэтых хлопцаў. Калі хлопцы падышлі бліжэй да іх, палонныя змоўклі. Толькі скоса пазіралі на сваіх вартаўнікоў. А потым «стары знаёмы» бандыт спытаў:
— Скажыце, чаму вы не адгукаліся, калі мы тыдні два назад шукалі вас і нават стралялі? Ці вы не чулі?
— Чулі, ды не хацелі сустракацца з вамі, — адказалі хлопцы.
— Чаму? Мы ж маглі вам паказаць дарогу.
— Ведаем, якую дарогу вы хацелі нам паказаць.
— Адкуль жа вы маглі ведаць?
— Бабры сказалі! — засмяяўся Віктар.
— А! Дык вы падслухалі?
— Чуткі такія па лесе пайшлі.
Нарэшце хлопцы адчулі, што вельмі хочуць есці.
У трафейнай торбе прадуктаў было нямнога, асабліва хлеба: раніцою хлопцы і Саўчук добра пад'елі, не шкадуючы бандыцкіх запасаў. Вочы палонных прагна накіраваліся на ежу.
— Як тут дзяліць? — казаў Мірон, круцячы ў руках хлеб. — А есці на іхніх вачах не магу. І схавацца ад іх няма як.
Тыя два, што былі ўзяты раніцой, нарэшце не вытрымалі і папрасілі:
— Дайце хоць хлеба кавалачак, мы ўвесь дзень нічога не елі.
— Хлеба? — усклікнуў Віктар. — Мы ж яго цэлы месяц не елі. Лепш мы засмажым вам цудоўнага зубровага мяса.
Сваім вострым кінжалам яны лёгка нарэзалі тонкіх лустаў мяса і паклалі ў агонь, а самі са спакойным сумленнем узяліся за хлеб і сала. Палонныя цярпліва чакалі сваёй чаргі, аб нечым перашэптваліся. Пакуль хлопцы павячэралі, мяса сасмажылася. Можна было вячэраць і палонным, але як?…
— Вы па чарзе. Развяжыце рукі аднаму, потым другому, — прапанаваў адзін з бандытаў, відаць, абмеркаваны ўжо імі план.
— Ну, не! — сказаў Віктар. — Лепш ужо вы пацярпіце да заўтрага без яды. Ніякай бяды з вамі не будзе. Мы тут галадалі больш — і нічога з намі не здарылася.
Палонныя паспрабавалі былі яшчэ даводзіць, што баяцца хлопцам няма чаго, што развязаны будзе толькі адзін, а супраць яго будуць двое ўзброеных, але хлопцы і слухаць не хацелі. Тады самы галодны без ніякіх хітрыкаў папрасіў:
Читать дальше