Хлопцы ўбачылі маладога чалавека гадоў дваццаці васьмі з прадаўгаватым, сухарлявым тварам. Тонкія сціснутыя вусны і зморшчкі на лбе сведчылі аб яго напружанні, але вочы безуважліва глядзелі некуды міма бандытаў.
— Цяпер ужо можаш крычаць колькі ўлезе, — засмяяўся незнаёмы.
Тады падышоў малодшы і звярнуўся да палонніка:
— Слухай! Ты можаш палепшыць сваё становішча, калі скажаш, якім чынам даведаўся пра нас, хто табе ў гэтым дапамог. Назаві чалавека, які выдаў нас.
Палоннік не адказваў, бандыт памаўчаў. Пасля пачаў зноў.
— Геройства тваё ўжо непатрэбнае: ты ў поўнай нашай уладзе. Ніхто цябе не пачуе. Калі скажаш, то значна палегчыш свой лёс. А калі не… дык мы здолеем прымусіць цябе, — прасіпеў бандыт.
Палоннік усё маўчаў.
— Ну! — грозна крыкнуў чорны. — Адказвай!
— Канчайце хутчэй вашу справу, а я нічога не скажу! — нарэшце прамовіў палоннік.
— Канчаць хутчэй? — засмяяліся бандыты. — Не, брат, пачакай яшчэ. Гэта толькі пачатак.
І чорны выцяў палонніка кулаком па твары…
Небарака пахіснуўся і паваліўся на зямлю. З носа і рота паказалася кроў…
У хлопцаў аж заляскалі зубы ад хвалявання.
— Нельга сядзець!… Не маем права!… Трэба страляць! — прашаптаў Віктар.
— Пачакаем, пачакаем хоць крыху, — усхваляваным шэптам адказаў Мірон. — Досыць далёка… Не трапім… А тады канец і яму, і нам. Пакуль ён жывы, пачакаем… Можа, будзе лепшы момант.
Чорны ўзяў галаўню і паднёс яе да твару палонніка.
— Можа, агонь прымусіць цябе гаварыць? Апрача таго, у нас і яшчэ знойдуцца добрыя спосабы. Часу хапае. Кажы лепш!
Палоннік адхіснуўся і зноў нічога не адказаў.
— Слухайце, — умяшаўся незнаёмы. — Адкладзём допыт да таго часу, пакуль падыдуць нашы таварышы. Тады зробім гэта па ўсіх правілах мастацтва. А цяпер пойдзем паглядзім наш склад ды будку тых хлопцаў.
— Сапраўды, гэтак будзе лепш, — падтрымаў малодшы.
— Добра, — згадзіўся чорны. — А ты тым часам падумай. І не чакай хуткай смерці. Разбяром цябе на кавалачкі, але прымусім сказаць! А цяпер звяжам цябе так, каб ты спакойна мог праляжаць да заўтрага.
Яны зрэзалі доўгую жардзіну, прасунулі яе палонніку між рукамі і каленямі і звязалі яго так, што ён і паварухнуцца не мог.
Хлопцы былі задаволены. Гэта азначала, што бандыты збіраюцца ісці ўсе трое.
І сапраўды яны ўсе накіраваліся да бабровай хаткі. З вялікім жалем убачылі хлопцы, што чорны ўзяў сваю стрэльбу. Бабровы ручай быў зусім блізка, але, здаецца, адтуль нельга было бачыць палонніка, бо ён сядзеў на зямлі і яго засланяў зараснік, што рос на беразе ручая.
Хлопцам не трэба было дамаўляцца, што рабіць. Абы толькі паспець, пакуль бандыты вернуцца, бо калі яны выявяць недахоп сваіх рэчаў, то ўстрывожацца і зараз жа прыйдуць назад.
Мігам папаўзлі яны да таго месца, дзе сядзеў палоннік. Яны так спяшаліся, што нават не звярталі ўвагі на шолах і хруст, які яны робяць.
Палоннік пачуў і азірнуўся.
— Тсс! — шапнулі хлопцы.
Нібы агонь бліснуў у вачах палонніка. Але болей ён не варухнуўся і застаўся сядзець, як сядзеў.
Мірон падпоўз збоку, зараз жа перарэзаў вяроўкі і сунуў палонніку рэвальвер.
— Уцякайце! — шапнуў ён.
Але, убачыўшы рэвальвер, палоннік застаўся сядзець нерухома.
— У вас ёсць рэвальверы? — спытаў ён, не паварочваючы галавы.
— Ёсць, нават чатыры.
— У такім разе хавайцеся ззаду і чакайце, а я буду сядзець, як сядзеў. Гэтак мы лягчэй справімся з імі. Я сам спраўлюся з двума, а на вашу долю застанецца адзін. Падсуньце пад мяне рэвальвер. Ці зараджаны ён?
— Зараджаны, іхні, — адказаў Мірон і адпоўз назад.
Палоннік паправіў сваю жардзіну, заблытаў на руках вяроўкі і застаўся сядзець.
Хлопцы схаваліся ззаду.
— Чаму ён не ідзе? — здзівіўся Віктар.
Мірон растлумачыў, у чым справа. Хлопцы адразу напоўніліся ўпэўненасцю і нават гонарам. Яны ж пад кіраўніцтвам аўтарытэтнага чалавека прымаюць удзел у ваеннай аперацыі! Сілы цяпер роўныя, ды яшчэ перавага ў тым, што вораг нічога не ведае.
Каля бабровай хаткі пачуліся трывожныя галасы. Потым адзін бандыт выйшаў з-за кустоў і зірнуў на свой лагер. Палоннік спакойна сядзеў з жардзінай. Бандыт зноў схаваўся.
Праз некалькі часу яны зноў выйшлі, пра нешта горача пагутарылі і разышліся. Малодшы з рэвальверам у руцэ накіраваўся да палонніка, а тыя два пайшлі далей, у бок стаянкі хлопцаў.
Цяпер ужо бандыт трымаў сябе іначай. Ён увесь час азіраўся навакол, прыслухоўваўся і, калі падышоў да палонніка, пачаў хадзіць узад і ўперад. Цяпер ён ужо спецыяльна вартаваў сваю ахвяру.
Читать дальше